Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Езус, якога дапытвае Пілат, выразна пацвярджае, што не імкнецца да палітычнай улады: “Валадарства Маё не з гэтага свету” (Ян 18, 36) – але і не супярэчыць, што мае валадарства, сутнасць і натура якога адрозніваюцца ад зямнога. Хрыстос не абвяргае тытул караля, якім Яго надзяляюць, але ўказвае на яго глыбокі сэнс. Езус з’яўляецца Валадаром Сусвету, таму што Ён – Сын Божы, таму што разам з Богам Айцом і Святым Духам з’яўляецца Стварыцелем усяго бачнага і нябачнага. Акрамя гэтага, Ён – Валадар Сусвету, таму што праз сваё Уцелаўленне, Смерць і Уваскрасенне стаў Збаўцам, гэта значыць Тым, хто ратуе свет ад грахоўнага краху.
Валадарства Хрыста істотна адрозніваецца ад валадарстваў гэтага свету. Бязмежная любоў, міласэрнасць, цярплівасць і лагоднасць характарызуюць нашага Нябеснага Валадара і ствараюць атмасферу Яго Валадарства. Без гэтых уласцівасцей вялікія валадарствы і імперыі заняпалі, але Валадарства Хрыста існуе і будзе існаваць далей. Толькі любоў з’яўляецца ўстойлівым падмуркам кожнай цывілізацыі. Зямныя правіцелі ў войнах і рэвалюцыях пралілі шмат людской крыві, каб заваяваць свет. Хрыстос у сваёй “рэвалюцыі” таксама праліў кроў, але не чужую, а ўласную, і стварыў “імперыю” любові, Валадарства Хрыстова!
Фрагмент Ліста на ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету †