Слова для Жыцця (167)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Хрысціянскае жыццё – гэта, перш за ўсё, удзячны адказ велікадушнаму Айцу. Хрысціяне, якія выконваюць толькі “абавязкі”, прызнаюцца, што не маюць асабістага досведу таго Бога, які з’яўляецца “нашым”. Маўляў, я павінен рабіць тое, тое і тое... Толькі абавязкі. Але гэта значыць, што Табе чагосьці не хапае… Быць хрысціянінам – гэта шлях вызвалення! Запаведзі вызваляюць Цябе ад эгаізму, бо ёсць Божая любоў, якая вядзе наперад. Хрысціянская фармацыя грунтуецца не на сіле волі, але на прыняцці збаўлення, на тым, каб дазволіць любіць сябе.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 27.06.2018 


kondrusiewicz2   Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч

      У літургічным календары мы бачым толькі 3 святы нараджэння: гэта Божае Нараджэнне, калі адзначаем прыход у свет Збаўцы, нараджэнне Марыі, Маці Хрыста, і нараджэнне св. Яна Хрысціцеля. Гэты факт нагадвае аб выключнасці асобы прарока ў гісторыі збаўлення […].
    Св. Ян Хрысціцель абвяшчаў бескампрамісны стыль жыцця, падобна чыніць і Касцёл. “Я зраблю цябе святлом народаў, каб збаўленне Маё дасягнула аж да краю зямлі” (Іс 49, 6). Гэтыя словы Бога адносяцца не толькі да св. Яна Хрысціцеля, але да кожнага хрысціяніна. Мы ўсе пакліканы словам і прыкладам жыцця сведчыць пра Езуса Хрыста. Няхай у гэтым умацоўвае нас Ён, якога слухаем у слове Божым і прымаем у св. Камуніі.
   
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас парафіяльнага адпусту ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе, 24.06.2018

biskup   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Менавіта тут, на гэтай зямлі, на працягу многіх гадоў жывы культ св. Яна Хрысціцеля, якога Вашы продкі абралі сваім асаблівым апекуном. Ён уласным жыццём і навукамі, якія абвяшчаў, рыхтаваў шлях да прыйсця Хрыста. Сутнасць навукі св. Яна Хрысціцеля можна назваць указваннем шляху апосталаў. Ён заўсёды паказваў іншым на Езуса, заклікаў да змены жыцця. “Падрыхтуйце дарогу Пану, простымі рабіце сцежкі Яму” (Мк 1, 3) – у гэтых словах св. Ян Хрысціцель хацеў нагадаць людзям, каб не змянялі Хрыстовай навукі […].
    Раўняць сцежкі Богу – гэта значыць, жыць сапраўды паводле ўказанняў Хрыста, не змяняць Яго наказаў, не паддавацца сумненням, а развіваць цноты. Знакам праўдзівасці хрысціянскага жыцця няхай будуць розныя добрыя ўчынкі, якія мы здзяйсняем адзін для другога.
   
Фрагмент гаміліі, прамоўленай на ўрычыстасці 400-годдзя кансэкрацыі касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Гальшанах, 08.07.2018