Слова для Жыцця (132)

Слова для Жыцця

papa-francesco7Папа Францішак
    Лянівыя хрысціяне – гэта хрысціяне, якія не хочуць ісці наперад, не змагаюцца за тое, каб свет змяняўся, не імкнуцца да новага – таго, што пойдзе на карысць усім. Яны стаяць на месцы, знайшоўшы ў Касцёле цудоўную “паркоўку”. І я маю на ўвазе свецкіх вернікаў, святароў, біскупаў... Усіх. Існуюць т. зв. “прыпаркаваныя” хрысціяне. Касцёл нібы захоўвае іх жыццё, таму яны адважваюцца вырушыць наперад толькі з усімі магчымымі страхоўкамі. Гэтыя “нерухомыя” хрысціяне нагадаваюць мне пра тое, аб чым у дзяцінстве папярэджвалі старэйшыя: “Сцеражыся стаячай вады, якая не бяжыць, бо яна псуецца першай”.
        
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас св. Імшы 17.01.2017 


kondrus   Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч
      Трэба памятаць, што навяртанне – гэта адмаўленне ад граху. Аднак яно не зводзіцца выключна да ўсведамлення сваёй віны і жалю за ўчыненае (гэта толькі адзін з аспектаў). Па сваёй сутнасці навяртанне азначае перамену сэрца, адрачэнне ад эгаізму і зварот да Бога.
    Горкія слёзы і перапрашэнне – гэта яшчэ далёка не навяртанне, бо яго ласцы заўсёды спадарожнічае радасць і супакой. Таму навяртанне не павінна асацыіравацца з негатыўнымі пачуццямі: такімі як віна, агіда да самога сябе, смутак, дэпрэсія і г. д. Яно з’яўляецца плёнам спаткання з Хрыстом, вядзе да поўнага зразумення, што такое грэх, а што – Божая любоў і міласэрнасць. Менавіта да такога навяртання заклікае Марыя ў Фацімскіх аб’яўленнях, каб, як гаворыць Езус, мы маглі любіць Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усёй моцай і ўсім розумам, а бліжняга – як самога сябе (параўн. Лк 10, 27).

Фрагмент пастырскага паслання на 2017 г.


Кс. бп Антоній Дзям’янка    Кс. бп Антоній Дзям’янка
      Кансэкраванае жыццё знаходзіцца ў самым сэрцы Касцёла як элемент, які мае фундаментальнае значэнне для яго місіі, паколькі выражае саму сутнасць хрысціянскага паклікання і імкненне ўсяго Касцёла-Нявесты да з’яднання з адным Узлюбленым (параўн. Vita consecrata).
    Гісторыя Касцёла сведчыць аб тым, што заўсёды ёсць людзі, якія па прыкладзе евангельскай Марыі прагнуць выбраць лепшую долю (параўн. Лк 10, 42) – жыццё ў чысціні, беднасці і паслухмянасці, каб чыстым і непадзельным сэрцам служыць Богу і бліжнім. Услед за св. Паўлам яны могуць сказаць: “Для мяне жыццё – гэта Хрыстос” (Флп 1, 21). Вопыт паказвае, што такое існаванне дазваляе асягнуць дасканалую любоў.

Фрагмент пастырскага ліста на Дзень кансэкраванага жыцця 2017 г.