Слова для Жыцця (121)

Слова для Жыцця

papa-francesco7Папа Францішак
    Езус жадае, каб Святы Дух загарэўся ў нашых сэрцах, як агонь, таму што толькі ад сэрца агонь любові можа пашырацца і развіваць Божае Валадарства. Ён не пачынаецца ў галаве, але ідзе ад сэрца. Вось чаму Езус жадае, каб агонь прыйшоў у нашыя сэрцы. Калі мы адкрыемся цалкам на дзеянне гэтага агню, якім з’яўляецца Дух Святы, Ён дасць нам адвагу і энтузіязм, каб абвяшчаць усім Езуса і Яго суцяшальнае пасланне міласэрнасці і збаўлення, адважна выплываючы ў мора.
        
“Анёл Панскі” са Святым Айцом, 14.08.2016  


Кс. бп Аляксандр КашкевічКс. бп Аляксандр Кашкевіч

   Сёння мы прыходзім да Марыі, бо жадаем вучыцца ад Яе, жадаем пераймаць Яе ў жыцці. Як жа нам патрэбна сёння такая моцная вера і давер Пану Богу.
    Давер Пану асабліва патрэбны нам у хвіліны выпрабаванняў, калі нам цяжка, калі нас прыгнятаюць праблемы і цярпенні, калі адчуваем сябе бездапаможнымі і самотнымі, калі, згінаючыся пад цяжарам нашага крыжа, пытаемся па-людску: “навошта Пан Бог даў яго нам?”, – але не можам знайсці адказу. У такія хвіліны прыгадайма сабе “fiat” Марыі і паўторым разам з Ёю: “Пане Божа, няхай мне станецца паводле Твайго слова”. Тады, напэўна, адчуем палёгку і суцяшэнне, а ў нашых сэрцах паселіцца супакой і дзіцячы давер.

Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас урачыстасці МБ Браслаўскай, Валадаркі азёр у Браславе, 20.08.2016

Кс. абп Тадэвуш КандрусевічКс. абп Тадэвуш Кандрусевіч

   Мы атрымалі свабоду рэлігіі, за якую нашыя продкі дорага заплацілі. Аднак, злы дух не спіць. Ён, як леў, кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. У выніку мы перажываем дзіўны парадокс. У нас усё больш магчымасцей, каб жыць у святле Евангелля, але мы выбіраем цемру. Ведаем, што добра, але робім зло.
    Сучасны свет перажывае мноства крызісаў. Найбольш гавораць аб эканамічным, фінансавым, палітычным, міграцыйным, найменш – аб маральным. А ён з’яўляецца прычынай усіх іншых крызісаў. Праблема заключаецца ў тым, што сучасны чалавек, які абвяшчае ідэю абсалютнай свабоды, усё часцей жыве так, быццам Бог увогуле не існуе. Замест таго, каб жыць паводле Божага закона, ён жыве згодна з законамі, прынятымі дэмакратычным спосабам большасцю галасоў у парламенце, законамі, якія часта супярэчаць Божаму праву. Такім чынам аспрэчваецца і парушаецца Божы закон, што вядзе да ламання маральных норм.

Фрагмент гаміліі, прамоўленай ва ўрачыстасць Унебаўзяцця НПМ у Святой Ліпцы