Слова для Жыцця (88)

Слова для Жыцця

papa-francesco7Папа Францішак
    У перыяд Вялікага посту мы рыхтуемся да цэлебрацыі Вялікадня (Пасхі), падчас якой мы адновім свае хросныя абяцанні. Вандруючы па гэтым свеце, як Езус, і робячы з нашага існавання знак Яго любові да братоў, асабліва самых слабых і самых бедных, мы будуем святыню Бога ў нашым жыцці. Так мы можам многім людзям, якіх спаткалі на сваім шляху, даць магчымасць сустрэчы з Езусам. Але запытайма саміх сябе, ці сапраўды Бог адчувае сябе ў нашым жыцці, як дома? Ці дазваляем мы Яму “навесці парадак” у нашых сэрцах і выкінуць бажкоў (нашы пэўныя паставы і да т.п.), якія, магчыма, глыбока ўкараніліся ў нас?
    Кожная Эўхарыстыя, якую мы цэлебруем з верай, прыводзіць да таго, што мы ўзрастаем як жывая святыня Пана, праз камунію з Яго Целам, укрыжаваным і ўваскрослым. Езус ведае, што ёсць у кожным з нас, і ведае таксама наша самае гарачае жаданне – жаданне, каб Ён у нас пасяліўся, толькі Ён.
        
Анёл Панскі са Святым Айцом, 08.03.2015  
 

kondrusКс. абп Тадэвуш Кандрусевіч
   Мы маем вялікі прывілей расці як дзеці Божыя ад моманту нашага хросту, бо мы нарадзіліся і раслі не на бязлюдным пустынным востраве, куды вера яшчэ не дайшла. Быццё дзецьмі Божымі – гэта такая вялікая ласка, што мы не можам знайсці слоў, каб выказаць нашу ўдзячнасць Богу за Яго шчодрасць учыніць нас членамі сваёй сям’і. Гэта вялікі дар і адначасова абавязак – дзейнічаць згодна з Божай воляй. Аднак вельмі часта мы забываемся аб тым, што з’яўляемся дзецьмі Божымі, і становімся не сапраўднымі, а штучнымі хрысціянамі. У мітусні штодзённых спраў мы спяшаемся праз жыццё, не думаючы, кім з’яўляемся і куды ідзём.

Фрагмент гаміліі на III Нядзелю Вялікага посту