Папа Францішак
Сённяшняе Евангелле паказвае нам сустрэчу Езуса з самаранкай у Сіхар, недалёка ад старажытнай студні, да якой жанчына прыходзіла кожны дзень, каб зачарпнуць вады. У гэты дзень яна сустрэла там Езуса, які сядзеў, змучаны падарожжам (параўн. Ян 4, 6). Езус звяртаецца да яе: “Дай Мне піць!” (в. 7). Такім чынам Ён пераадольвае бар’еры варожасці, якія існавалі паміж яўрэямі і самаранамі, і ламае шаблоны прадузятасці да жанчын. Гэтая простая просьба Езуса становіцца пачаткам сапраўднага шчырага дыялогу, у якім Ён з вялікай далікатнасцю ўваходзіць ва ўнутраны свет асобы, з якой, згодна з тагачасным грамадскім парадкам, не павінен нават абмовіцца словам. Езус ставіць жанчыну перад сітуацыяй, у якой яна знаходзіцца, але не асуджае яе; Ён дае ёй адчуць, што шануе яе, што ведае яе да глыбіні, а таксама абуджае ў ёй жаданне выйсці са штодзённай руціны.
Прага Езуса была не столькі прагай вады, як прагай сустрэчы завялай, пустой душы. Езус хацеў сустрэць жанчыну з Самарыі, каб адкрыць ёй сэрца: Збаўца просіць яе, каб яна дала Яму піць, каб такім чынам падкрэсліць, выцягнуць з яе жаданне, якое жыло ў ёй самой.
Анёл Панскі са Святым Айцом, 23.03.2014 †