Слова для Жыцця (59)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    “Першая частка Евангелля з сённяшняй нядзелі (Лк 21, 5-19) – гэта прамова Пана Езуса аб канцы свету. Езус прамаўляе ў Ерузалеме каля святыні, а штуршком для Яго прамовы становяцца людзі, якія гавораць пра святыню і яе прыгажосць. Тады Езус сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені” (Лк 21, 6).
    Зразумела, што ў Яго пытаюцца, калі гэта адбудзецца і якія будуць знакі. Але Езус нібы перасоўвае адказ з гэтых другасных аспектаў – калі гэта будзе і як гэта будзе – на сапраўдныя праблемы. Па-першае: не дайце сябе падмануць фальшывым месіям і не дазвольце паралізаваць сябе страху. Па-другое: перажывайце час чакання як час сведчання і цярплівасці.
    Гэтая прамова Езуса заўсёды актуальная, таксама і для нас, людзей XXI стагоддзя. Ён нам паўтарае: “Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем маім” (Лк. 21, 8). Гэта запрашэнне да распазнавання. Таксама і сёння, бо існуюць фальшывыя “збаўцы”, якія спрабуюць замяняць Езуса: лідары гэтага свету, гуру, людзі, якія хочуць прыцягнуць да сябе сэрцы і розумы асабліва маладых людзей. Езус перасцерагае нас: “Не ідзіце за імі”. Пан дапамагае нам таксама не баяцца войнаў, рэвалюцый, стыхійных бедстваў, эпідэмій. Езус вызваляе нас ад фаталізму і фальшывых апакаліптычных уяўленняў.
17.11.2013 г., “Анёл Панскі”, фрагмент выказвання

Бп Аляксандр КашкевічБп Аляксандр Кашкевіч
   Мы глядзім з глыбокай верай на спакойнае і напоўненае клопатам аблічча нашай Маці і Каралевы. І нашыя сэрцы напэўна мацней б’юцца з радасці і ўдзячнасці за ласкі, атрыманыя праз Яе пасрэдніцтва ў малітве. Абраз Вастрабрамскай Маці сваёю славай перакрочыў межы Літвы. Марыя быццам бы хоча прыгарнуць кожнага з нас і выслухаць нашы радасці, праблемы. Які ж блізкі нашаму сэрцу гэты горад, дзе ў ХХ ст. аб’явілася таямніца Божай Міласэрнасці, (...) дзе распачаўся шлях святой Фаўстыны Кавальскай! Гэтай вялікай містычцы Хрыстос даверыў сваё пасланне міласэрнасці.
    Сёння мы дзякуем Богу за нашу Маці Міласэрнасці, Вастрабрамскую Каралеву нашых сем’яў і народа. Гэта вялікі дар неба, дзякуючы якому мы адчуваем сябе ў бяспецы і спакоі.
16.11.2013 г., урывак з гаміліі падчас св. Імшы ў Вострай Браме