Сланечнік з салёнага цеста

Хвіліна творчасці

Вам спатрэбіцца салёнае цеста, пражаныя семечкі сланечніка, пэндзлік, фарбы, пластмасавы нож.

Апісанне працы
    1. З цеста скруціце доўгі слупок для сцябла.
    2. Для сярэдзінкі кветкі зрабіце шарык з цеста і прыплюсніце яго.
    3. Запоўніце яго звычайнымі семечкамі, вострым канцом утыкаючы іх у цеста.
    4. Сфармуйце шарыкі з цеста для лісця і пялёсткаў, прыплюсніце іх і завастрыце на канцы.
    5. Аб’яднайце ўсе дэталі.

Рэцэпт салёнага цеста для лепкі
   
Рэцэптаў салёнага цеста шмат. А такога, каб падыходзіў усім, мабыць, няма. Неабходна самастойна праэксперыментаваць і выбраць найлепшы для сябе.
    Рэцэпт №1
    Мука пшанічная – 2 шклянкі.
    Соль – 1 шклянка.
    Вада – 3/4 шклянкі.

    Рэцэпт №2
    Мука пшанічная – 1 шклянка.
    Соль – 2 шклянкі.
    Сухі шпалерны клей – 1 лыжка.
    Вада – каля 1 шклянкі.

У шырокую міску насыпце соль, дадайце ваду, затым муку. Усё добра перамяшайце. Прыгатаванае цеста пакладзіце ў якую-небудзь ёмістасць ці ў поліэтыленавы пакет. Калі цеста прыліпае да рук, дадайце крыху мукі, Калі яно рассыпаецца, то ўліце невялікую колькасць вады.
    Увага! Салёнае цеста, пакінутае ў адкрытым выглядзе на паветры, вельмі хутка сохне, таму трымайце ёмістасць з ім закрытай. Рэштку цеста пакладзіце ў халадзільнік, там яго можна захоўваць некалькі дзён.