Адпачынак для душы і цела

На шляху да святасці

kobieta

Пасля двух гадоў каранавірусных абмежаванняў жыццё пачало вяртацца ў звычайнае рэчышча. Стужка навін у Інстаграме і Фэйсбуку “дакавідная”: частка знаёмых адпачывае на моры, частка здала экзамены і пачала адпачынак, шмат хто ездзіць на вёску, астатнія працуюць, чакаючы свайго водпуску. Але была таксама пара асоб, якія замест самалётаў выбралі выгодная сандалі, а замест мора – Будслаў. І, шчыра кажучы, гэтым людзям я нават зайздросціла.

Першы раз я пайшла ў Будслаў, калі мела 14 гадоў. Мне было вельмі цікава: як можна ісці тыдзень і не стаміцца? Але дзень за днём, калі ўжо падавалася, што сіл больш няма, яны з’яўляліся. Не перашкаджалі ані дождж, ані сонца. Прыйшоўшы ў Будслаў, я зразумела: на гэтым пілігрымкі для мяне не скончацца.
    Ужо праз год да Маці Божай Будслаўскай мы пачалі хадзіць з Ліды. Кожны год новыя інтэнцыі, новы дырэктар пілігрымкі, новыя людзі, новыя пачуцці ды эмоцыі падчас шляху. Нязменнай заўсёды была дарога і запал унутры кожнага пілігрыма.
    Апошні раз хадзілі туды перад пандэміяй, гэта была юбілейная пілігрымка. Так цяжка ісці, як тады, не было ніколі. Але для сябе я ў той год зразумела, што менавіта цяжкасці паказваюць чалавека сапраўдным, адкрываюць яго знутры. Мінула ўжо тры гады, а мы з сябрамі да сёння ўспамінаем апошнія 9 дзён на шляху з Ліды да Будслава.
    Акрамя Будслава, за маімі плячыма некалькі пешых плігрымак у Тракелі і Рось, усяго іх больш за дзесяць. Але кожны кіламетр на шляху да санктуарыя зараджае на цэлы год. З пілігрымкі вяртаешся ўжо іншым чалавекам. Я так і не разгадала таямніцу: як можна ісці так шмат, але пры гэтым заўсёды мець сілы крочыць далей і хацець зноў вяртацца?
    Пілігрымка – гэта цудоўны час. Хто быў, той ведае. А таму, хто яшчэ не быў, жадаю схадзіць. Тыдзень у пілігрымцы варты таго, каб выдаткаваць на яго водпуск.