“Каб не асатаніцца, змагаючыся з сатаной”

Роздум - На шляху да святасці

 

Юлія 20 гадоў таму пакінула аплачвальную працу, каб несці служэнне ў супольнасці “Каштоўная пярліна” евангелізацыйнага руху “Святло-Жыццё”. Іншымі словамі, дзяўчына стала аніматарам у касцёле свсв. Сымона і Алены ў Мінску, у яе выпадку – адказнай за музычнае аздабленне літургіі і разнастайных рэлігійных мерапрыемстваў. Служэн- не на ніве Пана дапамагло развіць талент, і Юлія распачала ўласны праект – запіс аўтарскіх спеваў і перакладаў вядомых хрысціянскіх песень. Сёлета яна выпусціла дыск “Бог ёсць любоў”, які стаў пачаткам чарговага, вельмі важнага і актульнага сёння служэння – суцешыць пакрыўджаных.
    Гвардзейск, Хмельніцкі, Калінаўка, Вінніца, Ірпень, Буча, Барадзянка, Гастомель, Андрэеўка, Мошчун, Кіеў. Юлія праехала праз гэтыя пункты са словамі падтрымкі ад беларусаў для ўкраінцаў і са спевам на ўкраінскай мове пра Божую прысутнасць і заканчэнне канфлікту.

“Дыск «Бог ёсць любоў» узнік праз натхненне майго сябра а. Анджэя Мадэя, які служыць у Ордэне Місіянераў Аблатаў Беззаганай Панны Марыі ў Туркменістане. Такім чынам ён хацеў адзначыць 25-годдзе місіі ў гэтай краіне. Святар шукаў грошы на згаданую справу, але не знайшоў. Калі ва Украіне пачаліся баявыя дзеянні, ён моцна перажываў, бо калісьці служыў там. Тады айцец вырашыў змяніць інтэнцыю і прысвяціць будучы дыск супакою ў свеце. Адразу знайшліся людзі, якія праспансіравалі запіс альбома ў студыі, – распавядае Юлія. – Калі я спявала песні з дыска ў парафіях, людзі плакалі. Адчувалася, што яны прагнуць не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай падтрымкі. Маёй місіяй падчас паездкі было проста пабыць побач з людзьмі, дакрануцца да іх ран, запэўніць у малітве. Я веру, што нават калі чалавек мае пэўныя прадузятасці, то, уступаючы ў дыялог, ён можа іх пазбыцца. Украінцам было важна пачуць, што беларусы мірныя і не хочуць вайны”.
Юлія з візітам у Вінніцы
Юлія з візітам у Вінніцы

    Юлія ўпэўнена, што з евангелізацыяй у падобных крытычных момантах трэба быць вельмі асцярожным. Перш за ўсё, неабходна выслухаць і звычайна трываць побач з людзьмі, якія пакутуюць.
    “Заўважыла, што з большага ўкраінцы ўсе спасылаюцца на Бога. І паступова яны вяртаюцца да малітвы. Мяне вельмі ўразіла стаўленне дзетак да існуючай сітуацыі. Некаторыя з іх выказвалі спачуванне да крыўдзіцеляў і нават маліліся за Расію”, – дзеліцца Юлія.
    Жанчына сцвярджае, што менавіта малітва за навяртанне ворагаў, да якой заклікае Маці Божая, дапамагае перамагчы нянавісць у сваім сэрцы, якая з’ядае, і тым самым не ўпадобніцца да крыўдзіцеля, не стаць з ім на адну прыступку. Гэтая малітва дае моц, сталасць сэрца, ахову.
З малітвай аб Божай перамозе
З малітвай аб Божай перамозе

    “Паводле сведчанняў, што я пачула, украінцы моляцца аб заканчэнні ваенных дзеянняў не любым коштам, але менавіта праз уласную перамогу. Каб вораг пакаяўся. І разам з тым усе пагаджаюцца, што маліцца за непрыяцеля – гэта цяжка і патрабуе велікадушнасці. Аднак гэтай думкай і прасякнута Евангелле. Бог не абяцаў, што ўсё будзе добра. І калі мы хочам руж, зразумела, што наткнёмся на шыпы. Госпад перамог смерць, але зрабіў гэта на крыжы”, – дадае жанчына.
   
Супольнасць “Каштоўная пярліна”
    Супольнасць “Каштоўная пярліна” з’яўляецца міжнароднай Дыяконіяй евангелізацыі і вызвалення ў межах руху “Святло-Жыццё”. Галоўная справа руху – евангелізацыя звычайных свецкіх людзей, якія маюць сем’і, працуюць. Удзельнікі супольнасці размаўляюць з імі пра Бога, абуджаюць іх веру, запрашаюць у касцёл. Калі людзі застаюцца ў супольнасці, іх духоўна выхоўваюць праз супольнае чытанне Бібліі, малітвы, рэкалекцыі. У руху распрацавана цэлая праграма евангелізацыі, якую стварыў а. Францішак Бляхніцкі, святар, які перадусім змагаўся з камунізмам.
    Адзін з важных напрамкаў дзейнасці супольнасці – гэта таксама “антыалкагольная праграма” пад назвай “Круцыята вызвалення чалавека”. Яшчэ ў 1950-ыя гады а. Францішак убачыў, што камуністычныя ўлады алкагалізуюць насельніцтва, каб яго зняволіць. У сваю чаргу ўдзельнікі супольнасці, вольныя ад алкаголю, падпісваюць адмысловую дэкларацыю, моляцца і посцяцца ў інтэнцыі людзей, што пакутуюць ад алкагалізму. Апошнія, ведаючы, што існуць “круцыяты”, адчуваюць большую моц і падтрымку ў змаганні з залежнасцю.

    Яна адзначае, што вельмі важна ведаць, хто твой вораг. Бо кожнае змаганне – гэта, перш за ўсе, змаганне не супраць плоці, але духоўная барацьба. У кожным супрацьстаянні варта прасіць аб перамозе Святога Духа. І перадусім спытацца ў саміх сябе, ці маем дастаткова любові і ахвярнасці, ці патрэбна навяртанне таксама і нам. Падобнае стаўленне патрабуе вялізнай унутранай моцы.
    “І ведаеце, ва Украіне я ўбачыла гэтую моц”, – падсумоўвае Юлія.