“Завяршэнне” хросту

На шляху да святасці

Пра сакрамант канфірмацыі і выбар добрага імя
Пра сакрамант канфірмацыі і выбар добрага імя

Павел ці Пётр? Марыя ці Агата? Кандыдаты да сакраманту канфірмацыі ў пошуку прыдатнага “святога” імя. Хочацца, каб яно адпавядала і найлепшым чынам спадарожнічала ў духоўным жыцці. Навошта ўвогуле патрэбны гэты сакрамант і як выбраць “бежмаванае” імя, запыталі ў кс. Генадзя Лаўніковіча SCJ, вікарыя гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец).

З сямі сакрамантаў ёсць тры, якія можна прыняць толькі аднойчы. Адзін з іх – канфірмацыя
З сямі сакрамантаў ёсць тры, якія можна прыняць толькі аднойчы. Адзін з іх – канфірмацыя
“Сакрамант канфірмацыі патрэбны хрысціяніну для ўмацавання сваёй веры. Ён дапамагае змагацца з рознымі спакусамі і пасткамі злога духа, – распавядае кс. Генадзь Лаўніковіч. – Хрысціянін, які прыняў сакрамант канфірмацыі, атрымлівае ад Святога Духа сем дароў. Але нельга адносіцца да гэтага з элементам магіі, нібы я прыняў дары Святога Духа, то няхай цяпер Ён усё за мяне робіць, а я нічога не буду. Святы Дух дае нам гэтыя сем «падарункаў» у запакаваным выглядзе. Каб іх распакаваць, патрэбна сэрца, адкрытае на дзеянне Святога Духа і Яго прапановы, а таксама поўнае ўвядзенне гэтых прапаноў (на 100%) у сваё жыццё”.
    Непасрэднай падрыхтоўкай маладых людзей да сакраманту Канфірмацыі займаюцца катэхеты пры парафіях. Падчас такой падрыхтоўкі, якая трывае мінімум год, моладзь паўтарае асноўныя праўды веры, набывае новыя веды пра Святое Пісанне, Касцёл і малітву, а пазней разбірае сутнасць самога сакраманту, да якога збіраецца прыступіць.
    “Вельмі вялікая адказнасць ляжыць таксама на саміх кандыдатах. Канфірмацыя не павінна стаць «урачыстым развітаннем з Касцёлам у прысутнасці біскупа», як гавораць некаторыя, але наадварот – пачаткам блізкага жыцця з Богам і Яго Касцёлам”.
    Адным са складаных момантаў, з якімі сутыкаюцца вернікі, з’яўляецца неабходнасць выбраць сабе другое імя. На што трэба звярнуць увагу?
    Запыталі ў маладзёнаў, якія нядаўна прынялі сакрамант, як жа яны выбіралі сабе імя і чым пры гэтым кіраваліся.
   
    Марыя (Алівія),
    15 гадоў
    Аднойчы, калі была на споведзі, ксёндз спытаўся ў мяне, ці прымала сакрамант канфірмацыі. Я якраз рыхтавалася і не ведала, якое імя выбраць. Ксёндз распавёў гісторыю пра св. Вераніку і пра імя Алівія. Вось і атрымалася, што выбрала другое імя. Цяпер часта ўспамінаю ў цяжкія моманты, што ў мяне ёсць святая заступніца, да якой магу памаліцца і папрасіць дапамогі.
    Канфірмацыя – гэта адна са сцежак, якая вядзе мяне да Бога, напамін пра тое, што сяброўства з Ім не заканчваецца і гэта толькі малая частка. Упэўнена, што Святы Дух напаўняе мяне зараз у поўнай меры і заўсёды знаходзіцца побач.
   
    Дзіяна (Ігнацыя),
    14 гадоў
    Мой тата, старэйшы брат, дзядуля (па таце) маюць імя Ігнат. Таксама тата хацеў мяне назваць Ігнацыяй, але мама сцвярджала, што няма такога жаночага імя.
    А калі тата знайшоў яго ў крыніцах, было позна: мяне ўжо назвалі іншым імем.
    Калі прыйшоў час прыступаць да сакраманту канфірмацыі і выбіраць святога апекуна, я пачала чытаць пра розных Ігнацыяў. Больш за ўсё мне запаў у душу св. Ігнацый Лаёла. Страціўшы тое, што больш за ўсё любіў (магчымасць быць рыцарам), ён не адчаіўся, а пачаў новую справу, якой прысвяціў усё астатняе жыццё.
    Сакрамант канфірмацыі лічу новым этапам у рэлігійным узрастанні. Святы апякун стаў для мяне на гэтым шляху прыкладам і стымулам.
   
    Улад (Міхал),
    16 гадоў
    Імя Міхал абраў таму, што арханёл з гэтым імем з’яўляецца галоўным змагаром са злом. Яго часта малююць як пакарыцеля д’ябла.
    Падчас хросту я таксама атрымаў другое імя Міхал. Часта асацыірую сябе з ім, бо калі даводзіцца сустракацца з нечым вельмі кепскім у жыцці, “даю бой”. Часта бясстрашна адкрыта выступаю супраць зла. Натхняюся святым заступнікам! Мне здаецца, што сакрамант канфірмацыі – гэта пераход у больш адказны перыяд жыцця.
   
    Што наконт выбару імя думае святар?
    “Часцей за ўсё ці маладыя людзі, ці старэйшыя асобы выбіраюць імёны, звязаныя з пачаткам развіцця Касцёла: у гонар апосталаў, Маці Божай ці св. Юзафа, а таксама святых, якія праз сваю дзейнасць у Паўсюдным Касцёле пакінулі вялікі след, – адзначае кс. Генадзь. – Па-першае, іх культ моцна развіты ў Касцёле, па-другое, такім чынам выражаецца вялікая пашана да святых.
    Імя трэба выбіраць гледзячы не на прыгажосць самога імя, але на прыгажосць жыцця святога. Вельмі добра будзе, калі знойдзем у біяграфіі адметныя рысы, якія прагнем развіваць у жыцці. І тут трэба сказаць, што мы не павінны стаць копіяй святога, якога выбралі, але, наследуючы канкрэтныя цноты, праз яго заступніцтва імкнуцца да ўласнай святасці, да якой Бог нас заклікае. Таму праз усё жыццё пасля канфірмацыі варта ладзіць асабістае набажэнства да заступніка ў Небе”.