За што трэба дзякаваць Богу?

Роздум - На шляху да святасці

Каб абнаўляцца розумам, каб больш набліжацца да самога сябе, да Бога і да іншых людзей, нам неабходна змяніць сваю перспектыву бачання: змяніць нараканне на падзяку.
Падзяка – дзівосны інструмент, які змагаецца з нашым гонарам. Гэта хлеб, які здольны насыціць нас, зберагчы ад духоўнай смерці з-за прагі чужых рэчаў, талентаў, асяроддзя і ўсяго таго, што ёсць у іншага чалавека. “Глядзіце, нікому злом за зло не адплачвайце, але рабіце заўсёды дабро адзін аднаму і ўсім. Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце” (1 Тэс 5, 15–18).
Падзяка – гэта першая прылада вяртання да самога сябе, да прызнання каштоўным таго, што ты робіш, вынаходзіш, маеш. Яна дазваляе цешыцца і быць шчаслівым. Дазваляе ўбачыць шлях, якім пойдзеш далей. Бо ведаючы, што маеш, ты лепш разумееш, чаго хочаш яшчэ – свае самыя смелыя мары і мэты.
    У гэтым свеце хуткіх магчымасцей, калі ўсё ёсць на адлегласці выцягнутай рукі, цяжка дзякаваць. Цяжка дзякаваць і ў крызісах, калі столькі зла адбываецца на зямлі. І становіцца незразумела, за што ў прынцыпе дзякаваць? За тое, што ўсё стала горкай і нясмачнай штодзённасцю, ці за грахі і боль? Аднак на гэты конт апостал Павел у Другім пасланні да Карынцянаў піша наступнае: “Таму ўпадабаў я слабасць, пагарду, нястачы, ганенні і ўціск за Хрыста, бо калі я слабы, тады моцны” (2 Кар 12, 10).
    Так, падзяка – гэта не толькі прыемнае пачуццё, якое можа з’явіцца пры выглядзе ранішняга сонца або ў адказ на нешта прыемнае, зробленае іншым чалавекам адносна цябе. Гэта навык, а можа, нават стан твайго сэрца. Калі незалежна ад таго, што адбываецца навокал, незалежна ад сваіх пачуццяў, ты дзякуеш... і радуешся.
    Гэтаму стану трэба вучыцца. Аб гэтым, як і аб усім іншым, што нам неабходна, трэба прасіць: “Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа, і аднаві ўва мне трывалы дух” (Пс 50, 12); “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць Вам” (Мц 7, 7).
   
    Пры гэтым неабходна:
    1. Верыць: “Але няхай просіць з вераю і не сумняваецца, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую ўздымае і кідае вецер” (Як 1, 6).
    2. Не баяцца новага: “Не бойся, бо Я з табою; не бянтэжся, бо Я – Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй” (Іс 41, 10).
    3. Разумець, што падзяка – гэта працэс, які паступова нараджаецца ў чалавеку. Не трэба зараз жа патрабаваць ад сябе змен: “Усё мае свой адпаведны час, свой час мае кожная справа пад небам” (Экл 3, 1).
    4. Пачаць часцей радавацца дробязям, старацца заўважаць іх кожны дзень. У выніку: “І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае, і дам вам сэрца цялеснае” (Эз 36, 26).
    5. Шукаць глыбейшы сэнс ва ўсім, што з табой адбываецца. Ніколі не шкадуй ні пра што. Прасі аб разуменні і прыняцці ўсяго, што навокал: “Калі некаму з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, – і будзе дадзена яму” (Як 1, 5).
    Падзяка патрабуе сталасці. Яна з’яўляецца ўсвядомленым прыняццем таго, што нам дадзена. Хто не ўмее дзякаваць, не ўмее і прымаць.
    Усё, што нас акружае, усе рысы твайго характару – гэта дар. Ты можаш спытаць, напрыклад: “Як можа быць дарам мая балбатлівасць?”. Можа! Усё, што нам непадкантрольна, – дар Бога Айца, якім бы ён ні быў. Мы прывыклі думаць, што дар – гэта нешта такое, што нараджае захапленне іншых людзей, прызнанне. Аднак тое, што цяжка для нас, тое, што робіць нас “меншымі” за іншых – гэта таксама дар. Гэта развівае пакору. Што несумненна добра для нас, хоць часта гэтага не разумеем.
    А самы вялікі дар – гэта Езус, які дае сябе пад выглядам хлеба і віна ў Эўхарыстыі (ад грэч. Ευχαριστία – падзяка).