На шляху да пакаяння

Роздум - На шляху да святасці

У маладосці часта жыццёвае крэда – “жывём адзін раз”. І менавіта з-за яго робіцца найбольшая колькасць учынкаў, пасля якіх сорамна. Але ці заўсёды сорамна? Ці заўсёды ёсць пачуццё таго, што ты ўчыніў грэх? На жаль, не.
Часта галаву наведваюць думкі: “Але ж не трэба так рабіць, гэта дрэнна”. І ў большасці выпадкаў ты проста махаеш рукой, бо “ўсе так робяць”, і вырашаеш падумаць аб гэтым пазней. А калі прыходзіць час на гэтае “пазней”, то і думкі адпаведныя: “Ну, што зроблена, тое зроблена” або “Так, учынак дрэнны, але ж было весела”. Звычайна, калі я аналізую з кімсьці нейкі момант ці перыяд жыцця і не магу зразумець, добра я зрабіла ці не, мне задаюць пытанне: “Табе тады было добра?”. Калі было добра, то чаго перажываць? А калі нядобра, значыць, насамрэч дрэнна зрабіла.
    Я яшчэ не дайшла да таго ўзросту, каб перастаць казаць, што я жыву адзін раз. Я сапраўды лічу, што цяпер перада мною ўвесь свет і гэта найлепшы час, каб жыць для сябе і спаўняць свае мары. Таму і пакаянне для мяне яшчэ не раскрыта да канца. Але таксама лічу поспехам, што, аналізуючы мінулае і рыхтуючыся да споведзі, я ўсё часцей задаю сабе пытанне: “Як гэта выглядае з пункту гледжання запаведзей і навукі Касцёла?”. І тут вялікую ролю адыгрывае маё сумленне. Бо, адказваючы на пытанні з рахунку сумлення, пачынаю ўсведамляць, што той ці іншы ўчынак насамрэч дрэнны. Вось тут і пачынаецца пакаянне: жаданне змяніць сваё жыццё, адрачыся ад граху і больш такога не рабіць.