Паводле “закона” – тэрарыст. Паводле запаведзей – Слуга Божы

На шляху да святасці

У лютым мінула 70 гадоў з пакутніцкай смерці архімандрыта Андрэя Цікоты. У 2003 годзе быў распачаты працэс яго беатыфікацыі.
Кароста, туберкулёз, дыстрафія, пелагра – гэта толькі некаторыя з найбольш распаўсюджаных хвароб у савецкіх лагерах. У той жа час у пасмяротным акце пазначана “спыненне сардэчнай дзейнасці”. І мы можам толькі здагадвацца, ад чаго канкрэтна загінуў архімандрыт-мучанік Андрэй Цікота. Падобная ілжывасць уласціва камуністычнай сістэме, у адрозненне ад святара, які за вернасць Праўдзе атрымаў 25 гадоў катаргі.
Да моманту прыняцця каталіцтва ўсходняга абраду, каб несці місію сярод грэка-католікаў у Маньчжурыі, айцец марыянін Андрэй Цікота служыў у шматлікіх мястэчках Беларусі: у Маладзечне, Будславе, Вілейцы, Мінску, Друі. Нарадзіўся святар таксама на нашых землях, таму яму было асабліва важна распаўсюджваць Божае слова на беларускай мове і клапаціцца пра ўсебаковае развіццё і добраўпарадкаванасць сваіх землякоў. Падчас яго служэння паўсталі пачатковыя школы і гімназіі, вучылішча кройкі і шыцця, тэатр, каса ўзаемадапамогі і г. д. За ахвярнасць і арганізатарскія здольнасці а. Цікоту высока цанілі вышэйшыя духоўныя ўлады Ватыкана. Ён двойчы абіраўся генералам ордэна айцоў марыянаў. Цягам амаль дзесяці гадоў кіраваў Усходняй місіяй у Маньчжурыі і Кітаі. Трэба адзначыць, што на сёння гэта адзін з нямногіх прыкладаў, калі святар-беларус займаў такія высокія пасады ў Каталіцкім Касцёле.
    Падчас місіі ў 1948 годзе архімандрыта Цікоту арыштавала кітайская камуністычная міліцыя і перадала савецкім органам бяспекі. Ведаючы вялікі духоўны аўтарытэт святара, савецкія ўлады прапанавалі яму пасаду першага ў Беларусі мітрапаліта незалежнай ад Ватыкана Царквы. Зразумела, узамен выканання ўсіх патрабаванняў Саветаў. Святар катэгарычна адмовіўся ад прапановы. За нежаданне супрацоўнічаць на яго пасыпаліся абвінавачванні: у арганізацыі тэрарыстычнай групіроўкі, у антысавецкай агітацыі і шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі. Архімандрыт адбываў пакаранне ў розных лагерах прымусовай працы Іркуцкай вобласці. Між іншым, яму даводзілася будаваць чыгуначную магістраль, што было адным з самых бесчалавечных праектаў сталінізму. Капанне мёрзлай зямлі, калі тэмпература часам даходзіла да -50 градусаў, знясіліць кожнага. Аднак, не зважаючы на жудасныя ўмовы лагера, ён знаходзіў сілы і час, каб працягваць служэнне і духоўна падтрымліваць людзей побач. З перапіскі, якую вёў з сёстрамі эўхарысткамі з Друі (ён заснаваў там іх супольнасць), вядома, што святар прасіў манахінь, каб высылалі яму толькі белыя сухары з пшанічнай мукі і разынкі. З першых ён рабіў аплаткі, з другіх – віно. Іншымі словамі, архімандрыт Цікота цэлебраваў Імшы падчас катаргі.
   
Архімандрыт Андрэй Цікота – прыклад нязломнасці веры і адданасці Богу. У сваім жыцці ён выдатна ўвасобіў універсальны, паўсюдны характар Каталіцкага Касцёла, дзе меў прыхільнасць як да лацінскага, так і да візантыйскага абрадаў. Служыў як беларусам, якім сам сябе лічыў, так і палякам, літоўцам, рускім, кітайцам. Менавіта яго вернасць Богу і жыццёвы выбар дазвалялі яму шмат у чым быць першым, весці за сабою людзей. Архімандрыт Цікота – выдатны прыклад чалавека, які ніколі не звяртаў увагі на абставіны, а шчыра і аддана працаваў для Бога і Беларусі, для беларускага адраджэння і сваёй Бацькаўшчыны.
    Ігар Бараноўскі, грэка-католік, выпускны рэдактар беларускай грэка-каталіцкай газеты “Царква”

    Святар адбыў толькі 3 гады з прысуджанага яму тэрміну. На працягу ўсяго часу ў лагерах ён цяжка хварэў, і ўмовы ГУЛАГу скарацілі пакаранне. Апошнія месяцы жыцця ўскладніліся адкрытымі язвамі на плячах і нагах, аднак, паводле ўспамінаў іншых вязняў, медыцынскай дапамогі ён быў пазбаўлены. Гэта быў “бонус” для палітычных вязняў, да якіх належалі рэлігійныя дзеячы.
    Пахаваны Слуга Божы на лагерных шпітальных могілках, у магіле, пазначанай звычайным калком. У Беларусі святара можна ўшанаваць на могілках у Жодзішках, яго малой радзіме, дзе ўсталяваны сімвалічны крыж.