Грахі, якія наклікаюць Божую помсту

На шляху да святасці

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла прыгадвае, што існуюць “грахі, якія наклікаюць Божую помсту: кроў Авеля, садомскі грэх, плач народа, прыгнятаемага ў Егіпце, скарга чужаземца, удавы і сіраты, несправядлівасць да работніка” (параўн. ККК 1867).
У іншым выкладзе гэтымі грахамі з’яўляюцца:
    1. Наўмыснае забойства.
    2. Садомскі грэх.
    3. Крыўда ўбогага, удавы і сіраты.
    4. Затрымліванне належнай платы.
I.
Ці з’яўляецца пакаранне наступствам граху?
    Сёння мы не любім ужываць словы “Божая кара”, але Біблія часта выкарыстоўвае гэты выраз. А ўся хрысціянская мараль і тэалогія мае сваю крыніцу ў Святым Пісанні. Дык паслухаем, як св. Тамаш Аквінскі задаецца пытаннем, ці з’яўляецца пакаранне наступствам граху і ці можа грэх быць карай за грэх.
    У якасці падставы для абмеркавання св. Тамаш цытуе Арыстоцеля, які казаў, што “кары былі ўведзены, каб навярнуць людзей да дабра”. Затым ён цытуе св. Аўгусціна, які сцвярджае, што любы дух, выходзячы з ладу, з’яўляецца пакараннем сам для сябе. Св. Тамаш таксама звяртаецца да Святога Пісання і прыгадвае словы св. Паўла да рымлян: “За тваю жорсткасць і няздольнае да пакаяння сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і аб’яўлення справядлівага суда Бога, які аддасць кожнаму паводле ягоных учынкаў: тым, хто з цярплівасцю ў добрай справе шукае славы, пашаны і нятленнасці, – вечнае жыццё, а тым, хто працівіцца і не слухаецца праўды, але слухаецца несправядлівасці, – гнеў і абурэнне. Нядоля і ўціск спаткае кожнага чалавека, які чыніць зло” (Рым 2, 5–9). Затым св. Тамаш разважае: “Людзі маюць прыродную тэндэнцыю да супраціўлення праціўніку. А паколькі грэх з’яўляецца бязладнымі паводзінамі, той, хто грашыць, выступае супраць парадку і так атрымлівае адплату, якой з’яўляецца менавіта пакаранне. Чалавечая воля падлягае патройнаму парадку, таму чалавек можа быць падвергнуты патройнаму пакаранню. Людская прырода падпарадкавана парадку ўласнага розуму; затым парадку ў адносінах да кіраўніка ў справах духоўных або людскіх, грамадзянскіх або хатніх; нарэшце, кожны падпарадкаваны паўсюднаму парадку ў адносінах да Божага вяршэнства. Грэх разбурае кожны з гэтых трох парадкаў. Хто грашыць, робіць нешта супраць розуму, супраць чалавечага закону і супраць закону Бога. Таму на чалавека накладаецца патройная кара: ад самога сябе ў выглядзе згрызот сумлення, ад людзей і ад Бога. Такім чынам, неабходнасць пакарання з’яўляецца прамым вынікам граху”. Анёльскі Доктар завяршае разважанні выказваннем Дыянісія, што не з’яўляецца злом цярпець пакаранне, але заслужыць яго, і сцвярджае, што кара добрая, бо яна справядлівая і паходзіць ад Бога.
   
    Ці можа грэх быць карай за грэх?
    Св. Тамаш цытуе словы св. Рыгора, які сцвярджае, што некаторыя грахі з’яўляюцца пакараннем за грэх. “Грэх можа быць карай за грэх трыма спосабамі, – разважае ён. – Першы з іх – як прычына зняцця тармазоў, якія абараняюць ад грахоў. Бо грэх пазбаўляе чалавека Божай ласкі, што не дае яму грашыць пад уплывам націску пачуццяў ці д’ябальскіх спакус і падобных раздражняльнікаў. А паколькі страта ласкі з’яўляецца адмераным Богам пакараннем за грэх, можна сказаць, што і грэх, які паходзіць ад страты Божай ласкі, з’яўляецца карай за грэх. У гэтым сэнсе Апостал сказаў пра грэшнікаў: «Таму і аддаў іх Бог праз пажадлівасць іхніх сэр-цаў нячыстасці» (Рым 1, 24).
    Пажадлівасць тут азначае пачуцці, якія перамагаюць чалавека, калі ён губляе дапамогу Божай ласкі. У гэтым сэнсе кожны наступны грэх можна лічыць пакараннем за папярэдні грэх. Другі спосаб – грэх з’яўляецца прычынай пакут як унутраных (напрыклад, у гневе ці зайздрасці), так і знешніх (напрыклад, у людзей, якія шмат працуюць і церпяць вялікую шкоду, каб выканаць грэшны ўчынак). Трэці спосаб – грэх можа быць прычынай пакарання з-за сваіх наступстваў (напрыклад, калі хтосьці з-за п’янства або абжорства захварэе). У апошніх двух выпадках грэх з’яўляецца не толькі карай за папярэдні грэх, але і карай сам за сябе. Нават Божае пакаранне, якое заключаецца ў тым, што Бог не перашкаджае некаторым людзям упасці ў грэх, мае на мэце карысць дабрадзейнасці. І часам гэта карысць для саміх грэшнікаў, каб у будучым яны сталі больш асцярожнымі і пакорлівымі. А часам і для іншых людзей, каб, убачыўшы, як некаторыя трапляюць з аднаго граху ў іншы, самі больш баяліся правініцца”.
   
    Першы грэх, які наклікае Божую помсту, – наўмыснае забойства
    Гаворка ідзе пра забойства, здзейсненае з веданнем, поўнай згодай, уважлівасцю, абдуманае і спланаванае. У наш час адным з самых страшных злачынстваў у гэтай катэгорыі грахоў, якія наклікаюць Божую помсту, з’яўляецца перапыненне цяжарнасці, здзейсненае ці праз аборт, ці праз супрацьзачаткавыя таблеткі або спіраль. Кожны грэх аборту старанна спланаваны. Больш за тое, такім чынам мы забіраем жыццё абсалютна невінаватага і безабароннага чалавека. Таму ён надзвычай цяжкі. У 2021 годзе ва ўсім свеце было зроблена больш за 42 мільёны абортаў. Гэта, вядома, не поўная колькасць, бо не ўлічвае выпадкі экстранай кантрацэпцыі, а таксама нелегальныя аборты і аборты з выкарыстаннем таблетак.
    Неразумна сцвярджаць, што гэтыя дзеці былі зачаты выпадкова, з-за нястрыманасці, пошуку задавальнення і падпарадкавання жаданням, а таму былі пазбаўлены жыцця яшчэ да нараджэння. Калі бацькі і маці гэтых дзяцей не збіраліся нараджаць іх, то не трэба было рабіць тое, што вядзе да зачацця і нараджэння дзіцяці. Нячыстасць і нястрыманасць толькі ўзмацняюць віну.
    Не менш вялікім злачынствам сучаснасці з’яўляецца эўтаназія – забойства старых ці хворых людзей.
   
   
II.
Сённяшні свет, адкідаючы веру ў Божае Аб’яўленне, нібы нанова хоча адкрыць, што добра, а што дрэнна. Але мы не можам прыдумваць свае правілы веры. Сучасны чалавек павінен прыстасавацца да Божага слова, бо інакш ён загіне.
    Другі грэх, называны ў Бібліі “грахом, які наклікае Божую помсту”, – грэх жыхароў Садома і Гаморы, а менавіта сексуальныя адхіленні (гомасексуалізм, лесбіянства, педафілія, заафілія і да т. п.). Адхіленне як пошук “дзікага” задавальнення спалучаецца з жорсткасцю, адсутнасцю гасціннасці і ўсялякай спагады. Пра гэта сведчаць біблейскія апавяданні аб паводзінах жыхароў Садома, а пазней і жыхароў Гівы. Першая падзея адбылася ў часы Абрагама (каля 2000 г. да н. э.), другая – у часы Суддзяў (1200–1050 гг. да н. э.). Гэтыя падзеі былі следствам пагружэння ў грахі нячыстасці. Ачышчэнне грамадства ад гэтага зла было звязана з вялікімі пакутамі.
   
    Садомскі грэх
    Бог сказаў Абрагаму праз анёла: “Узмоцніўся крык супраць Садома і Гаморы, і грахі іхнія сталі вельмі цяжкімі. Сыду і пагляджу, ці сапраўды чыняць згодна з нараканнем, якое даходзіць да Мяне, ці не; Я даведаюся”. Бог нібы заклікае ў сведкі усё неба і зямлю, што Яго ўмяшанне неабходна.
    Лот прыняў анёлаў у свой дом. Садомцы, мужчыны з усіх канцоў горада, акружылі дом, паклікалі Лота і сказалі яму: “Дзе людзі, якія прыйшлі да цябе нанач? Выведзі іх да нас; мы спазнаем іх”. На просьбу Лота паважаць гасцей яны адрэагавалі агрэсіўна: “Адыдзі! [...] Цяпер мы горш учынім з табою, чым з імі”. Аслепленыя анёламі, яны адышлі, але не навярнуліся. Анёлы прыспешвалі Лота, кажучы: “Устань, вазьмі жонку тваю і дзвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуў ты за беззаконні горада. І калі ён марудзіў, мужы тыя з міласэрнасці Божай над ім узялі за руку яго і жонку, і дзвюх дачок ягоных і павялі яго, і вывелі за горад”. Тады спаслаў Пан на Садом і Гамору дождж з серы і агонь. І так знішчыў гэтыя гарады і ўсю ваколіцу разам з усімі жыхарамі гарадоў (чыт. Быц 18–19).
   
    Вычварэнцы ў пакаленні Веніяміна
    Не менш рэзкая гісторыя апісана ў Кнізе Суддзяў. Пэўны левіт вяртаўся з жонкай дадому. Ён спыніўся ў горадзе Гіва, непадалёк будучага Іерусаліма, каб пераначаваць там. У горадзе жылі патомкі Веніяміна. Падарожныя спыніліся ў доме гасціннага чалавека, і потым разгарнулася трагедыя.
    Вычварэнцы таго горада акружылі дом і, пастукаўшы ў дзверы, сказалі гаспадару: “Выведзі чалавека, які ўвайшоў у дом твой, мы спазнаем яго”. Гаспадар, выйшаўшы да іх, сказаў: “Не, браты мае, я вас прашу, не рабіце гэтага зла, […] не чыніце гэтага вар’яцтва”. Нарэшце вычварэнцы пагадзіліся, што ахвярай іх згвалтавання стане жонка левіта. Гвалцілі яе ўсю ноч да світання. Жанчына памерла каля дзвярэй дома. Вярнуўшыся дадому, левіт паслаў сваіх паслоў да ўсіх плямён Ізраілевых, кажучы: “Ці бачылі калінебудзь падобнае з таго дня, як ізраільцяне выйшлі з Егіпта, да сённяшняга дня? Падумайце, парайцеся і скажыце!”. Гэты факт выклікаў вялікае абурэнне ва ўсім Ізраілі. Плямёны Ізраілевы паслалі паслоў да ўсіх патомкаў Веніяміна, каб данесці да іх: “Якое гэта злачынства ўчынена сярод вас? Цяпер выдайце гэтых распусных людзей з Гівы, каб мы знішчылі іх і такім чынам выкарчавалі зло з Ізраіля”. Але веніямінцы не паслухаліся голасу братоў сваіх.
    Больш таго, яны пакінулі свае паселішчы і сабраліся ў Гіве, каб напасці на ізраільцян. Дайшло да грамадзянскай вайны. У першай бітве веніямінцы забілі 22 тысячы ізраільцян. Тады сыны Ізраілевы, плачучы перад Госпадам да вечара, пыталіся, кажучы: “Ці нам працягваць ваяваць з сынамі Веніямінавымі, братамі нашымі?”. Бог адказаў ім: “Ідзіце супраць іх”. На другі дзень веніямінцы пабілі 18 тысяч ізраільцян. Тады ізраільцяне і ўвесь народ плакалі перад Госпадам і посцілі ў той дзень да вечара, складаючы ахвяры перад абліччам Бога. І пыталі Яго: “Ці нам яшчэ выйсці на бітву з патомкамі Веніяміна, нашымі братамі, ці павінны пакінуць гэта?”. Гасподзь адказаў ім: “Ідзіце, бо заўтра Я аддам іх у вашыя рукі”.
    Толькі трэці бой скончыўся разгромам вінаватых. Ізраільцяне забілі 25 тысяч веніямінцаў. Толькі 600 чалавек змаглі схавацца ў пустыні на скале Рымон. Тады сыны Ізраілевы забілі ўсіх у горадзе – людзей і быдла, а горад спалілі. Яны таксама спалілі ўсе іншыя гарады веніямінцаў, якія сустрэлі. Такім чынам, загінулі не толькі вычварэнцы, але і ўсе, хто іх абараняў (чыт. Суд 19–20).
   
    Прыняцце як салідарнасць
    Гэтыя балючыя біблейскія гісторыі сведчаць, наколькі вялікую пагрозу для чалавецтва ўяўляе распуста, пікам якой з’яўляюцца сексуальныя адхіленні, і колькі пакут звязана з ачышчэннем грамадства ад гэтага граху. Як у першым выпадку, так і ў другім вычварэнцы сталі прычынай гібелі людзей, якія іх акружалі. Іх прыняцце стала салідарнасцю з вычварэнцамі, якія наклікалі знішчэнне.
    Садомскі грэх, пра які распавядае Біблія, быў абмежаваны канкрэтным месцам. Аднак сёння мы бачым, што садаміты адкрыта выступаюць па ўсім свеце і называюць свой грэх, які наклікае Божую помсту, “радасцю”. Св. Бернадэта, якой у Лурдзе аб’яўлялася Маці Божая, казала, што Марыя прасіла маліцца за грэшнікаў. Калі дзяўчына распавядала пра свае бачанні камісіі, што даследавала праўдзівасць аб’яўленняў, яе спыталі: “Хто такі грэшнік?”. Яна адказала: “Гэта чалавек, які любіць зло”. Грэх, што наклікае Божую помсту, – гэта той самы грэх, які чалавек здзяйсняе, знаходзячы асалоду ў перадачы свайго сэрца злу, таму ён страшна небяспечны і згубны для самога грэшніка і для тых, хто яго акружае.
   
    Нямы грэх
    Садомскі грэх быў названы “нямым грахом”, таму што большасці людзей было агідна гаварыць або чуць пра яго. Нам цяжка ўявіць, што, напрыклад, св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус абмяркоўвала б гэтую тэму. Магчыма, Пан Езус нават не згадваў пра садомскі грэх з агіды. Гэты грэх быў названы “нямым” яшчэ таму, што ён закрывае вусны людзям падчас споведзі: яны не згадваюць пра яго і часта гадамі трываюць у святатацтве.
   
III.

    Крыўда ўбогага, удавы і сіраты
    Гэты грэх, які наклікае Божую помсту, здзяйсняюць тыя, хто крыўдзіць, прыніжае або выкарыстоўвае слабых і няздольных абараніць сябе ці адмаўляецца дапамагчы ім у крытычнай сітуацыі. На старонках Старога Запавету шмат спасылак на Божы закон, які прадугледжвае абарону самых слабых. Прарок Ісая ўсклікае: “Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву” (Іс 1, 17). У Кнізе Другазаконня чытаем: “Бог чыніць справядлівасць сіротам і ўдовам, і любіць чужынца, даючы яму хлеб і вопратку. І вы любіце чужынца, бо вы самі былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай” (Дрг 10, 18–19). У Кнізе Зыходу мы знаходзім упэўненне, што Бог не застаецца глухім да крыку пакрыўджанага.
    “Ні ўдавы, ні сіраты не ўціскайце. Калі пакрыўдзіце іх і яны паскардзяцца Мне, я пачую іх скаргу, запалае гнеў Мой, і Я знішчу вас мячом; і будуць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашы сіротамі” (Зых 22, 22–24). У часы Старога Запавету ўдовы, сіроты і чужаземцы не мелі маёмасці, сацыяльнага становішча, а часам і належнай спадчыны. Чужаземцы былі пазбаўлены падтрымкі сваякоў. Такім чынам, гэта былі сацыяльныя групы, чый матэрыяльны лёс залежаў ад іншых. Біблія настойвае на тым, што Бог асабліва клапоціцца аб сіротах і ўдовах, бо яны найбольш уразлівыя да дрэннага абыходжання з боку іншых. У цяперашні час удовы, сіроты і чужаземцы маюць гарантаваныя дзяржавай асноўныя бытавыя правы. Аднак Божая перасцярога ад граху, які наклікае Яго помсту, застаецца актуальнай і сёння.
   
    Заўсёды актуальная спакуса
    “Убогіх заўсёды маеце пры сабе” (Ян 12, 8), – сказаў Хрыстос. Таму што як у біблейскія часы, так і сёння ёсць людзі бездапаможныя і безабаронныя ў пэўных жыццёвых сітуацыях. Такая пагроза заўсёды актуальная, хаця сучаснае дэмакратычнае грамадства адстойвае правы чалавека. На месцы безабароннага можа апынуцца і той, хто ўчора адчуваў сябе моцным. Спакуса выкарыстаць сваю сілу, вышэйшую жыццёвую пазіцыю або ўладу ў адносінах да слабейшага чалавека па-ранейшаму актуальная, і многія ёй паддаюцца. Такім чынам, мы можам выразіць цытаваныя вышэй словы з Бібліі сучаснай мовай: прычыненне шкоды асобе, якая знаходзіцца ў складанай сітуацыі – не абавязкова ўдаве ці сіраце, – не застанецца беспакараным.
    Тыя, аб правах якіх няма каму паклапаціцца на зямлі, маюць свайго асаблівага Заступніка ў Богу. Гэта падказка для нас, што, незалежна ад сацыяльнага ладу, Божы Закон нязменны і аднолькава абавязвае ўсіх.
   
    Затрымліванне належнай платы
    Грахом, які наклікае Божую помсту, з’яўляецца таксама затрымліванне належнай платы за выкананую працу. Кніга Другазаконня ясна вучыць: “Не крыўдзі найміта, беднага і ўбогага. У той дзень аддай плату ягоную, каб сонца не зайшло раней таго, каб ён не паскардзіўся на цябе Госпаду” (параўн. Дрг 24, 14–15). Пра гэты грэх можна прачытаць таксама ў Новым Запавеце ў Пасланні св. апостала Якуба: “Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі вашы палеткі, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў” (Як 5, 4).
    Скарга прыгнечанага працаўніка заклікае Бога пакараць несумленнасць.
    Справядлівы заробак з’яўляецца асноўным сродкам рэалізацыі прынцыпу сацыяльнай справядлівасці. Таму тыя, хто наймае працаўнікоў, павінны памятаць не толькі пра тое, каб даць работнікам справядлівую зарплату, але і каб даць яе своечасова.
   
    Крыўда працаўніка і яго блізкіх
    Працаўнік, уносячы ўклад у прыбытак наймальніка, мае відавочнае права на справядлівае ўзнагароджанне, якое павінна ўлічваць час, намаганні, адказнасць і многія іншыя элементы, залежныя ад віду працы. Утрыманне заробку або непрапарцыянальна нізкая аплата лічыцца парушэннем законнага права працаўніка і пазбаўленнем яго сродкаў, неабходных для жыцця, а з боку наймальніка з’яўляецца несправядлівым і беспадстаўным выкарыстаннем плёну чужой працы. Таксама варта падкрэсліць, што гэтая несправядлівасць закранае не толькі самога працаўніка, але і яго сям’ю, за матэрыяльнае становішча якой ён адказны.
   
    Сацыяльная справядлівасць
    Справядлівая плата з’яўляецца асноўным сродкам рэалізацыі прынцыпу сацыяльнай справядлівасці. Ян Павел ІІ у энцыкліцы аб чалавечай працы “Laborem exercens” піша: “Ключавой праблемай сацыяльнай этыкі ў дадзеным выпадку становіцца пытанне справядлівай аплаты за выкананую працу. У сучасным кантэксце няма іншага, больш важнага спосабу ажыццяўлення справядлівасці ў адносінах паміж працаўніком і працадаўцам, чым гэты: аплата працы” (LE 19).
    Можна сказаць, што ў гэтай сферы ўзнікае ўсё больш новых відаў злоўжыванняў, што вынікае з усё больш развітай і складанай сістэмы эканомікі і гаспадаркі. Чым больш магчымасцей зарабіць, тым большая верагоднасць злоўжыванняў, а значыць і шкоды іншым.
    Грахом, які наклікае Божую помсту з’яўляецца таксама, напрыклад, карупцыя, хабарніцтва, адмыванне грошай, пазбаўленне працаўніка пенсійнага страхавання, расплата алкаголем ці распустай.
    Найбольш характэрнымі для сучаснасці і супярэчлівымі вышэйпрыведзеным прынцыпам справядлівасці і салідарнасці з’яўляюцца карупцыя і хабарніцтва ўсіх відаў. І карупцыянеры, і хабарнікі атрымліваюць неправамерныя сродкі, здабываюць іх несправядліва, парушаюць правы іншых людзей або супольнасцей.