Сям’я не мае межаў

На шляху да святасці

Чатыры гады таму я выехала вучыцца ў Польшчу. Аб тым, што адчувала ў першыя дні, прыпамінаюць толькі нататкі ў тэлефоне: разгубленасць сярод вялізнай Варшавы, самотнасць і страх самастойнасці.
Вельмі хутка ўсё змянілася: з’явілася шмат знаёмстваў, захапленне горадам і пачуццё незалежнасці. Тады я была вельмі ўдзячная сваёй сям’і за магчымасць вучыцца за мяжой і падтрымку ва ўсім. Мінае час, а гэта не змяняецца: якая б ідэя не ўзнікла ў маёй галаве, мяне падтрымліваюць, нешта раяць і нават дапамагаюць рэалізаваць.
    На працягу ўсіх гэтых чатырох гадоў я знаходжуся ў сталым кантакце са сваімі бацькамі. Кожны дзень мы сазвоньваемся, дзелімся навінамі, думкамі і турботамі. Але так было не заўсёды. Як і кожны падлетак, які вырваўся з бацькоўскага дома, я хацела быць ва ўсім самастойнай і незалежнай, тусавацца па вечарах, а тут маці тэлефануе і пытае, ці добра я сёння паела. Я крыўдзілася на гэта, бо не хацела, каб да мяне ставіліся, як да дзіцяці. Але калі на працягу дня мама нават не пісала, тады я званіла з пытаннем: “А чаму ты не пішаш?”.
    Калі прыязджала дадому, усё часцей адчувала, што там мяне лічаць дарослай. Са мной пачалі дзяліцца клопатамі, прасілі парады і дапамогі. Тады я сама перастала штосьці ўтойваць і пачала дзяліцца з бацькамі сваімі думкамі і праблемамі. Так я зразумела, што сям’я – гэта насамрэч самыя блізкія людзі, якія будуць заўсёды на маім баку і зробяць усё дзеля мяне.
    Вельмі цяжка прыйшлося ў перыяд лакдаўна падчас другой хвалі каранавіруса. Жыццё цягнулася ў чатырох сценах інтэрната, а выйсці можна было толькі ў краму. Падтрымку тады я атрымлівала ад сваёй сям’і. Менавіта з іх дапамогай змагла сабрацца з сіламі і зрабіць крок наперад да дасягнення сваіх мэт.
    Найкаштоўнейшым досведам сталі зносіны з малодшымі братам і сястрой. З дзяцей, якія заўсёды сварыліся і біліся, мы сталі сябрамі.
    Мне вельмі прыемна і цёпла на душы, калі брат звоніць і просіць дапамагчы вырашыць праблему, а сястра хоча быць падобнай да мяне.
    Як бы моцна не адчувалася розніца пакаленняў, я ўпэўнена, што бацькі зразумеюць мяне, як ніхто іншы. Азіраючыся, бачу, што там, дзе калісьці я злавалася на маму і тату, яны мелі рацыю і сапраўды далі мне нашмат больш, чым я хацела. Досвед жыцця за мяжой даў мне ўпэўненасць, што ў сям’і няма межаў. Любяць аднолькава: як пад адным дахам, так і за 300 км.