Юра

На шляху да святасці

Сваё хрысціянскае жыццё ў Каталіцкім Касцёле я пачаў 12 лістапада 2000 года. Сусед Юра запрасіў мяне ў падарожжа ў Віцебск і Полацк. У маім жыцці было не так шмат падарожжаў, таму з задавальненнем паехаў. І аказалася, што гэта была не проста паездка, а пілігрымка грэка-католікаў на свята св. Язафата Кунцэвіча. Цудоўна!
    Пасля пілігрымкі я стаў хадзіць на службы. І, пабачыўшы, што мне цікава ў Касцёле, Юра сказаў: “Зробім з цябе скаўта!”. Я стаў Акелам і займаўся ваўчанятамі. Так жыццё і пацякло: мы з Юрам разам ездзілі ў касцёл, прыслужвалі, наведвалі розныя мерапрыемствы, хадзілі на хор. Гэта быў вельмі насычаны і цікавы час.
Юра старэйшы за мяне гадоў на 10, але так супала, што ажаніліся мы ў адзін год. Пасля ў яго з’явіўся сын Антоній, у мяне – сын Марк, пазней у яго нарадзіўся яшчэ адзін сын – Ігнат. Разам з жонкай я стаў хадзіць да рыма-католікаў (гэта бліжэй, і дзяцей там больш). Нашы дарогі пачалі разыходзіцца, але гэта не перашкаджала ведаць, што дзесьці ёсць Юра.
    А 13 кастрычніка яго не стала. Кавід. Як веруючы чалавек я стараюся разважаць у хрысціянскім ключы: цела памірае, душа – не, мы яшчэ сустрэнемся. Але ўсё адно мне шкада і вельмі сумна, што Юры больш няма побач. Ён быў чалавекам вельмі добрым і клапатлівым. Каля такога грэецца сэрца. Умеў спачуваць, адгукацца на просьбы і заўважаць іншага.
    Юра пайшоў і засталася яго жонка Таня з двума дзеткамі: старэйшаму амаль 5, малодшаму 1,5. Таня зараз у дэкрэце, і раптоўна на яе звалілася адказнасць за ўсё. Зараз яна мусіць думаць, напрыклад, аб тым, як самой вырасціць дзетак, да таго ж – у веры ў добрага Бога. Або аб тым, як заплаціць за здымную кватэру. Ці аб тым, як утрымаць надзею ў сабе і дзецях, што іх муж і тата пайшоў да Айца і яны яшчэ сустрэнуцца. Гэта вельмі складаная сітуацыя.
    Я задаю сабе пытанне: ці ёсць у гэтым надзея? І спрабую дарасці да адказу, што заўсёды надзея для кожнага з нас – Хрыстос. Гэта той Хрыстос, які заклікае любіць Бога і бліжняга ды кажа: “Ідзі, і ты рабі гэтаксама”. Я стараюся не журыцца і дапамагаць па меры магчымасцей, выконваючы запаведзі і ствараючы ў сабе ўнутраны дыялог з Юрам, які адышоў да Айца.
    Дзякуй, Юра! Маё падарожжа ў веры 21 год таму пачалося менавіта праз цябе. І мы доўга крочылі разам, за што я таксама вельмі ўдзячны.