Cакрэт выслуханай малітвы

На шляху да святасці

“ДМалітва Майсея пасля пераходу ізраільцян праз Чорнае мора, Крамской І.М., 1861 г.авер, які мы маем да Яго, ёсць у тым, што, калі мы просім аб нечым згодна з Яго воляй, Ён чуе нас. А калі ведаем, што Ён чуе нас, аб чым бы мы ні папрасілі, дык ведаем, што мы ўжо атрымалі тое, аб чым прасілі Яго” (1 Ян 5, 14–15).
Чалавек, які трапляе ў жыццёвыя праблемы, звычайна кліча Бога на дапамогу. Але вельмі часта здаецца, што словы малітвы не ўзносяцца вышэй столі. Просьбы множацца, але безвынікова. Св. Якуб сказаў: “Просіце, і не атрымліваеце, таму што дрэнна просіце, каб растраціць на свае пажадлівасці” (Як 4, 3). З гэтага сцверджання можна зрабіць выснову, што малітва бывае дрэннай і добрай. Як жа трэба маліцца, каб Айцец Нябесны пачуў нас і каб жаданне нашага сэрца было выканана?
Праслаўленне і падзяка
    Перш за ўсё, варта памятаць, што Бог Айцец стварыў чалавека на сваю хвалу, і наша першапачатковая роля – ушаноўваць Яго, пакланяцца Яго велічы і мудрасці, праслаўляць Яго імя, незалежна ад складанасці сітуацыі, у якой апынуліся. Таму кожная малітва, незалежна ад інтэнцыі і стану нашай душы, павінна пачынацца з праслаўлення Бога. “Усклікай Пану, уся зямля, з радасцю служыце Пану. Станьце перад Яго абліччам з радасным спевам! Ведайце, што Пан ёсць Богам, Ён стварыў нас, і мы Ягоныя. Мы Яго народ і авечкі Ягонай паствы. Уваходзьце ў брамы Яго з падзякаю, на дзядзінцы Ягоныя з пахвалою, праслаўляйце і бласлаўляйце Яго імя! Бо Пан ёсць добры, навекі Ягоная міласэрнасць, і вернасць Яго з пакалення ў пакаленне” (Пс 100, 1–5).
    Бог нашмат большы, чым праблемы, з якімі мы прыходзім да Яго. Калі чалавек разважае і канцэнтруецца толькі на цяжкасцях, з якімі сутыкнуўся, то ён узвышае праблемы, а павінен узвышаць Нябеснага Айца, які здольны знайсці выхад з любой блытаніны. Ствараючы атмасферу хвалы і падзякі за ўсё, што маем і перажываем, мы набліжаемся да Божага трона ласкі, а таксама атрымліваем святло Святога Духа, якое падказвае правільнае вырашэнне сітуацыі.
  
Займіся праслаўленнем Бога – і Ён паклапоціцца пра тваю праблему.

    У Імя Езуса
    Навучаючы на працягу свайго жыцця, Езус неаднаразова падкрэсліваў, што кожную просьбу неабходна складваць у імя “Yeshua Hamashiach” (Езус Хрыстус Месія). “І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне. Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта” (Ян 14, 13–14). Імя Езуса ратуе і адчыняе нябесныя брамы. Дзякуючы заслузе мукі Сына, Айцец пастаянна хоча ўдзяляць дары, але тыя, якія будуць бласлаўленнем, а не праклёнам для душы.
    Бог глядзіць на чалавека з перспектывы вечнага збаўлення, і перш чым даць жаданую ласку, Ён вывучае сэрца таго, хто просіць.
    Ці пазбаўлена яно нянавісці, гневу, пагарды, гонару, эгаізму, высакамернасці і самаўзвышэння, нараканняў, крытыкі, асуджэння, непрабачэння бліжняму і жадання помсты? Бог гатовы выслухаць і выканаць просьбы тады, калі заключаныя ў іх намеры не абмяжоўваюцца эгацэнтрычнасцю, а чалавечае сэрца максімальна набліжана да сэрца Езуса – ціхае, пакорнае, поўнае спагады, разумення і прабачэння, любові і міласэрнасці, а таксама гатова служыць бліжняму і будаваць Божае Валадарства на зямлі.
   
    Адносіны дзіцяці з Айцом
    Бог таксама хоча, каб малітва адбывалася па прыкладзе размовы дзіцяці з любячым Айцом, якому можна цалкам давяраць. Давайце падыходзіць да малітвы з прастатой і любоўю, як дзіця, якому, магчыма, не ўсё ў жыцці ідэальна ўдаецца, але якое заўсёды можа папрасіць парады ў бацькоў. Не варта ставіцца да Бога інструментальна і эгаістычна, як да Таго, у каго можна нешта вытаргаваць, памнажаючы свае малітвы. Напрыклад: я, Божа, адгавару 50 Ружанцаў, а Ты мяне аздаровіш. Мы таксама не павінны дыктаваць Богу, як і калі павінен выканаць нашу просьбу, прымушаючы Яго дасягнуць выніку, які мы лічым лепшым. Давайце даручым Усемагутнаму сітуацыю і паверым, што Яго мудрасць пераўзыходзіць нашы чаканні і што Ён сапраўды лепш ведае, што для нас добра і эфектыўна.
   
    Працяг будзе.