Касцёл на баку бедных і пакрыўджаных

На шляху да святасці

   Генрых Гофман, “Хрыстос і багаты юнак”, 1889 г.Святое Пісанне Старога і Новага Запавета сведчыць, што Бог з’яўляецца абаронцам справядлівасці і становіцца на баку прыгнечаных.
Прарок Ісая заклікае: “Навучыцеся рабіць дабро. Шукайце правасуддзя, дапамагайце прыгнечанаму, абараняйце сірату, заступайцеся за ўдаву!” (Іс 1, 17). Бог папярэджвае магутных і багатых, каб памяталі, што несправядлівасць адносна слабых не сыдзе ім беспакарана: “Сын мой! [...] Не засмучай чалавека ў яго нястачы; не бянтэж сэрца ўжо засмучанага [...];
    не адводзь вачэй ад таго, хто просіць, і не давай чалавеку падставы праклінаць цябе; бо калі ён у гароце душы сваёй будзе праклінаць цябе, Творца яго пачуе малітву ягоную” (параўн. Сір 4, 1–6).
Езус Хрыстус, наш Пан і Заснавальнік Касцёла, сказаў пра сябе: “Дух Пана на Мне, бо Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім” (Лк 4, 18). Засведчыў таксама: “Шчаслівыя ўбогія духам [...], засмучаныя [...], галодныя і прагнучыя справядлівасці [...], міратворцы [...], каго пераследуюць за справядлівасць [...]” (параўн. Мц 5, 3–10). “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28).
    Аб тым, якое вялікае значэнне ранні Касцёл надаваў клопату пра людзей, што апынуліся ў складанай сітуацыі, сведчаць Дзеі Апосталаў.
   
    Касцёл запрашае да сябе ўбогіх, каб маглі суцешыцца.
   
    У першай супольнасці ў Іерусаліме ўсё было агульнае: багатыя прадавалі сваю маёмасць, а грошы перадавалі апосталам, каб яны пры дапамозе дыяканаў маглі падтрымліваць тых, хто трапіў у цяжкасці. Пасля навяртання апостал Павел разам з Барнабам накіраваліся да Пятра, Якуба і Яна, каб атрымаць адабрэнне на місійную дзейнасць. Апосталы даручылі ім быць чулымі да людзей, якія жывуць у нястачы і складаных абставінах: “Якуб, Кефас і Ян, якіх лічаць стаўпамі, [...] падалі мне і Барнабу правіцу на знак супольнасці, каб нам ісці да язычнікаў, а ім – да абрэзаных, каб толькі мы помнілі пра ўбогіх, і менавіта гэта я старанна рабіў” (Гал 2, 9–10).
    На працягу стагоддзяў адданыя Хрысту людзі Касцёла стараліся аблегчыць лёс бедным і абяздоленым. Напрыклад, Ордэн Святой Тройцы, заснаваны ў 1198 годзе св. Жанам дэ Мата і св. Феліксам дэ Валуа, галоўнай мэтай якога было вызваленне хрысціянскіх нявольнікаў з рук мусульман, за час свайго існавання вызваліў каля 900 тысяч чалавек. Св. Ян Боско заклаў “салезіянскія” кангрэгацыі, каб ратаваць бедную, загубленую і бяздомную моладзь. Па прыкладзе св. Маці Тэрэзы з Калькуты была заснавана Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці, мэта якой – дапамагчы адзінокім і безабаронным людзям, пакінутым на волю лёсу.
   
    Калі людзі будуць паслухмяныя запаведзям хрысціянства, паміж імі будзе панаваць братэрская любоў.
   
    Вучэнне пра абавязак Касцёла стаяць на баку бедных і абяздоленых знайшло выраз у Сацыяльнай дактрыне Касцёла, ініцыяванай энцыклікай “Rerum novarum” папы Льва XIII. Ён піша: “Божая любоў, здаецца, больш схіляецца да ўбогіх, бо Езус Хрыстус называе ўбогіх шчаслівымі (параўн. Мц 5, 3); Ён пастаянна запрашае да сябе тых, хто працуе і смуткуе, каб яны маглі суцешыцца (параўн. Мц 11, 28); асаблівай любоўю ахінае самых бедных і пакрыўджаных. Веданне гэтага вучэння стрымлівае нахабнасць багатага і падымае ўпалы дух ва ўбогім; у першым спараджае спагадлівасць, у другім – умеранасць. Такім чынам, скарачаецца адлегласць паміж класамі, якая падтрымліваецца чалавечай ганарыстасцю, і становіцца лягчэй падвесці абодва бакі да таго, каб паціснулі адзін аднаму руку і пагадзіліся. Але нават больш: калі абодва бакі будуць паслухмяныя запаведзям хрысціянства, паміж імі будзе панаваць не толькі простае сяброўства, але і братэрская любоў. Бо ўсе людзі адчуюць і зразумеюць, што іх стварыў агульны Айцец – Бог, што ўсе яны імкнуцца да адной мэты – да Бога, які адзіны можа даць ідэальнае і поўнае шчасце людзям, як даў яго анёлам, што ўсе былі аднолькава адкуплены Езусам Хрыстом і ўзнесены Ім да годнасці Божых дзяцей” (“Rerum novarum”, 20–21).
    Таму нічога дзіўнага, што кожны веруючы чалавек, тым больш каталіцкі святар ці біскуп, не можа абыякава прайсці міма беднага, церпячага ці пакрыўджанага чалавека.