Збаучая моц Найсвяцейшай Крывi Езуса Хрыста

На шляху да святасці

Жыццё ўсякага цела ёсць кроў ягоная” (Лев 17, 14)
Гледзячы на ўкрыжаванага, акрываўленага з галавы да ступняў Езуса, кожны хрысціянін разумее, што гэтая Кроў пралілася з вялікай любові да чалавека. Мы прыступаем да сакраманту споведзі і прымаем Эўхарыстыю, каб ачысціць сваю душу ад бруду грахоў і паяднацца з Богам. Гэта найбольш распаўсюджанае разуменне дзеяння Крыві Збаўлення сярод вернікаў. Аднак каб поўнасцю зразумець усю неабмежаванасць скарбаў, да якіх мы маем доступ праз гэтую каштоўную Ахвяру, і наколькі вялікая моц яе дзеяння ў душы і жыцці чалавека, неабходна ўслухацца ў Божае слова.
Ачышчэнне і апраўданне
    “Амаль усё паводле Закону ачышчаецца крывёю, а без праліцця крыві не бывае даравання” (Гбр 9, 22). Гэта менавіта Кроў Баранка, прынятая ў Камуніі, сцірае з людской памяці даўгавы запіс старадаўняй віны, “ачышчае сумленне ад мёртвых учынкаў” (параўн. Гбр 9, 14) і ўспамінаў пра здзейснены грэх, змывае пачуццё бруду, нячыстасці, нягоднасці і збянтэжанасці. “Калі грахі вашыя будуць, як чырвань, збялеюць, як снег; калі будуць барвовыя, як пурпур, стануць, як воўна” (Іс 1, 18), як толькі будуць акунутыя ў Кроў.
Бог, бачачы прынятую Кроў Наймілейшага Сына, больш не заўважае граху і не памятае яго (параўн. Гбр 10, 17), а д’ябал губляе ўсялякае права на бвінавачванне і ўладу над душой, таму што адбываецца апраўданне ў вачах Бога. Уся натура чалавека абмываецца з плямы бяспраўя і амаральнасці, а душа зноў становіцца чыстай, быццам ніколі да таго не грашыла.
   
    Асвячэнне і аднаўленне
    Божае слова неаднаразова паўтарае, што Езус праліў сваю Кроў дзеля асвячэння чалавека, каб той мог прыблізіцца да Святога Бога. Толькі і выключна дзякуючы прынятай ахвяры Крыві, Святы Дух можа сысці і пасеяць насенне Божага закону ў сэрцах і розумах (параўн. Гбр 10, 10–17), абуджаючы замілаванне да святасці, захавання запаведзей і пазнання Божага слова.
    Колькі ж ёсць людзей, якія ведаюць запаведзі і чытаюць Біблію, аднак маюць велізарныя праблемы з захаваннем маральных законаў і жывуць ў бясконцых падзеннях і зняволеннях. Так стаецца, таму што яны не прымаюць Кроў Хрыста ў сваім жыцці. “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця” (Ян 6, 53).
    Прымаючы Кроў, чалавечая сутнасць духоўна прышчэпліваецца да “вінаграднай лазы” (параўн. Ян 15, 5), якой з’яўляецца сам Езус, і чалавек становіцца Яго жывой галінай, у якой пачынае цячы Яго Кроў. У выніку, праз намашчэнне Святога Духа, чалавек становіцца новым, больш дасканалым стварэннем з чыстымі думкамі, жаданнямі, імкненнямі і вартасцямі. Ён перастае атрымліваць асалоду ад граху, а пачынае яго ненавідзець. Раптам там, дзе панаваў дух нячысты і замілаванне да рэчаў гэтага свету, разбураюцца ўсе сцены пыхлівасці, эгаізму, хцівасці, гардыні, пагарды, разрываюцца нават наймацнейшыя ланцугі зняволенняў. Некалі скамянелае і грубае сэрца робіцца ціхім, лагодным, пакорным і пачынае прыносіць новы плён у сваім жыцці, такі як: любоў, радасць, згода, цярплівасць, ласкавасць, дабрыня, далікатнасць, лагоднасць, вернасць, сціпласць, стрыманасць і чыстасць. Трываючы ў Езусе, чалавек пачынае духоўна даспяваць да паставы любові і міласэрнасці да іншых людзей і становіцца пасланнікам самога Бога на зямлі.
   
    Вызваленне і трыумф над моцамі цемры
    Кроў Збаўцы не толькі змывае грэх, але таксама вызваляе з яго няволі і ліквідуе жаданне нячыстасці ў сэрцы чалавека. Яна дае звышнатуральную сілу рашуча супрацьстаяць спакусе ў будучыні. Як Езус у пустыні прагнаў д’ябла, так і мы, маючы ўдзел у Яго Крыві, атрымліваем моц адказаць д’ябальскім нашэптванням станоўчае: “Iдзі прэч!”.
    Мы перамагаем усялякую справу нячыстага “дзякуючы Крыві Баранка і слову сведчання свайго” (Ап 12, 11).
    Кожны раз, калі з верай прызываем Кроў Збаўлення і пераможна абвяшчаем, што яна для нас здзейсніла, гэта нагадвае ўсяму пеклу пра паражэнне, абяззбройвае моц цемры і знішчае яго справы. “Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў, і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам” (Лк 10, 19). Д’ябальскія легіёны не могуць перакрочыць мяжы, дзе з верай прымаюць і заклікаюць Кроў Хрыста. Наша непахісная вера з’яўляецца ключом, што адчыняе дзверы да Сэрца Езуса, дзе можам бяспечна схавацца.