Пекла граху

На шляху да святасці

У цяперашні час у Касцёле шмат гаворыцца аб міласэрнасці. Аднак нярэдка яе разуменне звужаюць да паняццяў спачування і паблажлівасці. Грэшны свет літаральна патрабуе ад людзей Касцёла ўчынкаў міласэрнасці. На жаль, часцей толькі для цела бліжняга.
    Людзі ахвотна згаджаюцца з тым, што Бог збавіць, таму што Ён міласэрны, але скептычна слухаюць альбо не давяраюць Божаму слову і вучэнню Касцёла аб магчымасці быць асуджанымі ў пекле, прычым нават за адзін смяротны (цяжкі) грэх. “Навука Касцёла сцвярджае, што пекла існуе і што яно вечнае. Душы тых, хто памірае ў стане смяротнага граху, пасля смерці неадкладна сыходзяць у пекла, дзе перажываюць пякельныя пакуты, вечны агонь” (ККК 1035).
    “Памерці ў смяротным граху, не пакаяўшыся і не прыняўшы міласэрнай любові Бога, азначае назаўжды па ўласным свабодным выбары расстацца з Ім. Гэты стан канчатковага самавыключэння з адносін з Богам і бласлаўлёнымі называецца пекла” (ККК 1033).
“Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім” (1 Ян 4, 16b), – гаворыць нам сам Пан вуснамі св. апостала Яна ў Бібліі. “Дачка мая, скажы, што Я – гэта сама любоў і сама міласэрнасць”, – звяртаецца Езус да св. Фаўстыны Кавальскай (Дз. 1074). Будзем уважлівымі, напісана не “сама міласэрнасць”, але “сама любоў і сама міласэрнасць”.
    Божая любоў справядлівая – за дабро Бог узнагароджвае, а за зло карае. Езус сам гаворыць у Евангеллі, звяртаючыся да асуджаных: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным” (Мц 25, 41). Св. Павел ясна сцвярджае: “Не ўводзьце сябе ў зман: ні распуснікі, ні ідалапаклоннікі, ні чужаложнікі, ні блуднікі, ні мужаложнікі, ні злодзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні паклёпнікі, ні рабаўнікі не атрымаюць у спадчыну Божае Валадарства” (1 Кар 6, 9–10; параўн. Гал 5, 19–21).
    Божая любоў міласэрная – Бог прабачае чалавеку грахі, калі ён шчыра раскайваецца, прымаючы разам з прабачэннем таксама і пакуту за іх. Езус сказаў жанчыне, схопленай на чужалостве: “Ідзі і адгэтуль больш не грашы” (Ян 8, 11b). Асцерагайся граху, пазбягай яго, працуй над сабой, каб зноў не зграшыць. Марнатраўны сын у прыпавесці Езуса, усведамляючы свае грахі, спадзеючыся на прабачэнне ад айца, выказвае адначасова жаданне прыняць пакаранне за іх, кажа: “Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх” (Лк 15, 18–19). Немагчыма прайсці ў Неба, апусціўшы галаву, праслізнуць каля Бога, не сустрэўшыся з Ім вачыма, не вызнаўшы шчыра свае грахі, не прыняўшы за іх пакуту на зямлі (і ў чыстцы).
    Дзеці з Фацімы бачылі пекла. Таксама і св. Тэрэза Авільская, св. Ян Боско і іншыя святыя і містыкі. Навошта Бог ім паказаў гэтую праўду? Каб больш паверылі ў Яго любоў. І каб іншым казалі, што сапраўднай любові без адказнасці няма. Каб зразумелі жудаснасць граху. Каб жылі ў Яго любові, у асвячальнай ласцы, каб чынілі пакаянне за свае грахі і грахі іншых.
    Калі мы набожна разважаем Муку Пана (Крыжовы шлях, Песні жальбы), калі праз веру паглыбляемся ў таямніцу Яго цярпення, тады адкрываем веліч любові Бога да кожнага з нас. Але адначасова пачынаем усведамляць якой сур’ёзнай і грознай рэчаіснасцю ў жыцці чалавека з’яўляецца грэх, нават найменшы. Гэта правіны кожнага з нас прыбілі Хрыста да крыжа, гэта нашы грахі абражаюць Яго, раняць Хрыстову найчысцейшую любоў. Менавіта нашы грахі выклікаюць блытаніну і неспакой у душы, прыносяць цярпенне, аддзяляюць ад Божай любові, разбураюць адносіны з бліжнімі.
    Грэх – гэта заўсёды няўдзячнасць. Бог даў нам жыццё, розум, здароўе, таленты і здольнасці, блізкіх людзей, увесь свет! Божы Сын прыйшоў на зямлю як чалавек, каб аддаць за нас жыццё, каб адкрыць дарогу ў Неба. А мы? Як мы жывём? Здзяйсняючы свядомы і дабравольны грэх, чалавек забываецца пра свайго Дабрачынца. Аддае пашану стварэнням замест пакланення іх Стварыцелю. Грэх – гэта не проста парушэнне нейкага правіла, устаноўленага Богам ці Касцёлам, гэта страта Божай ласкі, сяброўства з Усемагутным, страта права на Неба, спакою душы і радасці жыцця, дабравольнае ўчыненне сябе рабом сатаны.
    Грэх, які спачатку можа здавацца прыемным і карысным, паступова становіцца пеклам. Аб гэтым сведчаць прыклады з Бібліі і штодзённага чалавечага жыцця. Цар Ірад пагарджаў Богам, сябе лічыў кімсьці вялікім – паміраў, і чарвякі зажыва елі яго цела. Жанчына хадзіла да варажбіткі – тая выцягнула ў яе ўсе грошы, трэба было кватэру прадаваць, залезла ў даўгі. У сям’і займаліся вырабам і прадажай алкаголю – павесіўся муж дачкі, у сына дыягнаставалі псіхічнае захворванне. Забілі ненароджанае дзіцятка (учынілі аборт) – страшная дэпрэсія ў маці, разбураюцца адносіны з мужам, вялікая верагоднасць разводу. Грэх распусты вядзе да венерычных захворванняў, бясплоднасці, жыцця ў страху, з’яўлення думак аб самагубстве. Прыклады можна множыць…
    Некаторыя людзі кажуць, што немагчыма пражыць, каб не зграшыць, таму што жыццё нецікавае без граху... Жыццё становіцца нецікавым і бессэнсоўным без любові, без трывання ў асвячальнай ласцы. А грэх як парушэнне Божай (касцёльнай) запаведзі нішчыць сапраўдную любоў, пазбаўляе душу ласкі Пана, закрывае шлях чалавека ў Нябеснае Валадарства, а таксама будуе сцяну паміж ім і Богам.
    Той, хто аддзяляе сябе праз грэх ад Бога і трывае ў такім стане, стварае пекла ў сваёй душы, а пазней і вакол сябе – для іншых. Нам трэба любым коштам захаваць у сэрцы любоў да Бога і да бліжняга. І не толькі захаваць, але і памнажаць! Трэба быць гатовымі заплаціць любую цану, каб не згадзіцца на грэх, які нішчыць сапраўдную любоў. Св. Дамінік Савіо запісаў у сваім духоўным дзённіку ў дзень Першай св. Камуніі наступныя словы: “Лепш смерць, чым грэх!”.
    Св. Ян Марыя Віянэй сказаў, што “цярплівае нясенне чалавекам свайго жыццёвага крыжа з’яўляецца знакам прызначэння для Неба”. Шматлікія цяжкасці, праблемы, непаразуменні з бліжнімі, несправядлівасць, хваробы, непрыемнасці – гэта ўсё наш жыццёвы крыж. Трэба несці яго цярпліва, з малітвай, просячы Езуса быць побач. І тады наш крыж, злучаны з крыжом Хрыста, будзе ратаваць ад самага вялікага зла на свеце, якім з’яўляецца грэх. Будзе нашым чыстцам на зямлі, дапаможа трываць у дабры, праўдзе і любові, а затым увайсці ў Неба.
    Будзем жа падчас Вялікага посту прасіць аб ласцы пазнання сваіх грахоў, сапраўднага жалю за іх, цвёрдага пастанаўлення выправіцца, здзяйсняючы пакутныя ўчынкі.