Св. Альжбета
– маці св. Яна Хрысціцеля Альжбета і яе муж Захарыя “былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце” (Лк 1, 6). У тагачасным грамадстве адсутнасць патомства ўспрымалася як пакаранне ад Бога за ўчыненыя грахі. Гэта таксама магло служыць прычынай для разводу. Аднак Захарыя не аддаліў сваю жонку. І Стварыцель выслухаў іх малітвы, даючы сына – Яна Хрысціцеля. “Ён будзе вялікі ў вачах Пана, і напоўніцца Святым Духам яшчэ ва ўлонні маці сваёй” (параўн. Лк 1, 15).
Св. Алена
– маці св. Канстанціна І Вялікага Алена стала хрысціянкай, хутчэй за ўсё, разам з сынам Канстанцінам ці трохі раней. Заняўшы трон у Рыме, ён перавёз маці ў Вечны горад, дзе яна аддана дзейнічала на карысць убогіх і хворых. Часта наведвала шматлікія святыні. Менавіта дзякуючы ёй была знойдзена большасць рэліквій, звязаных з жыццём Езуса, між іншым, дрэва Крыжа, а таксама адноўлены святыя месцы ў Іерусаліме. Імператар узяў хрысціян пад сваю апеку, дзякуючы чаму яму ўдалося ўмацаваць супольнасць вернікаў.
Асаблівай пашанай св. Канстанціна і яго маці ахінаюць усходнія Касцёлы.
Святасць – гэта штосьці абсалютна звычайнае, таму што заключаецца ў любові да Бога і людзей. “Усе ў Касцёле, незалежна ад таго, належаць яны да іерархіі ці з’яўляюцца аб’ектам пастырскай функцыі, пакліканы да святасці” (Lumen Gentium, 40). |
|
Св. Канстанцін І Вялікі
– бацька св. Канстанцыі Канстанцыя была дачкой Канстанціна І з “другога ложа”. Калі дзяўчына сур’ёзна захварэла, адправілася на магілу св. Агнешкі, каб памаліцца. Змораная сном, яна пачула голас: “Вер у Езуса Хрыста – і будзеш аздароўлена”. Пасля таго, як Канстанцыя прачнулася, адчула, што поўнасцю здаровая, і навярнулася ў хрысціянства.
Св. Моніка
– маці св. Аўгусціна Моніка навярнула свайго мужа Патрыцыя, які быў язычнікам, мяккасцю і спакоем. Калі Аўгусцін, старэйшы сын, адрокся ад веры і ўцёк у Італію, вырушыла ўслед, старанна молячыся аб яго навяртанні. Бог пачуў просьбу жанчыны: пад уплывам казанняў св. Амброзія, біскупа Мілана, Аўгусцін знайшоў веру. З таго часу Моніка была для сына дапамогай, а пасля стала таксама вучаніцай будучага айца Касцёла.
Св. Цэліна
– маці св. Рэмігія Пустэльнік з лесу прадказаў Цэліне, растлумачваючы яе сон, што народзіць хлопца, які адыграе важную ролю для свету: “Пан аглядвае зямлю з вышыні неба, каб усе народы абвяшчалі Яго магутнасць і каб каралі мелі гонар служыць Яму. Цэліна стане маці сына, якога назаве Рэмігій, а Я даручу яму місію вызвалення Майго народу”. Хутка ў жанчыны нарадзіўся сын, Рэмігій. Стаўшы арцыбіскупам Рэймса ён ахрысціў караля Хлодвіга разам з 3-ма тысячамі жаўнераў.
Св. Сільвія
– маці св. Рыгора Вялікага Сільвія вядома набожнасцю і тым, што дала сваім дзецям цудоўную рэлігійную адукацыю. Яе сын Рыгор у 590 годзе быў выбраны Папам. Разам са св. Аўгусцінам, св. Амброзіем і св. Геранімам ён з’яўляецца айцом заходняга Касцёла.
Сям’я, якая ўдзельнічае ў запавеце любові паміж Езусам і Касцёлам, атрымала ад Пана місію стаць святой супольнасцю. Выконвае яе, калі праз узаемную любоў сваіх членаў становіцца нібы хатнім санктуарыем Касцёла, калі ўся сям’я ўключаецца ў літургічны культ, даючы сведчанне аб міласэрнасці і справядлівасці. |
|
Св. Альжбета Венгерская
– маці бл. Гертруды з Альтэнберга Альжбета была дачкой Андрэя II, караля Венгрыі, вядомага сваёй набожнасцю і пачуццём справядлівасці. Пакінула заможнае жыццё, каб стаць францішканскай тэрцыяркай. Прысвяціла сябе працы на карысць убогіх.
Мела траіх дзяцей. Малодшая дачка – Гертруда – згодна з абяцаннем, складзеным маці яшчэ падчас цяжарнасці, была накіравана ў манастыр у Альтэнбергу. Ва ўзросце 9-ці гадоў дзяўчынка стала сведкам кананізацыйнага працэсу сваёй маці. Падобна як яна, прысвяціла жыццё служэнню патрабуючым, разам з тым спрыяючы будаванню шпіталя і хоспіса. Так жа, як маці, Гертруда мела дар мірыць людзей.
Св. Брыгіта Шведская
– маці св. Кацярыны Шведскай Брыгіта выхоўвала 8 дзяцей. Чытала ім Біблію і жыццярысы святых. Пабудавала дом, прызначаны для патрэб убогіх і хворых. Разам з дачкой Кацярынай яны наведвалі шматлікія касцёлы і магілы мучанікаў, неаднойчы пілігрымавалі ў Святую Зямлю. Вялі ўбогае, поўнае ўтаймаванняў жыццё.
Кацярына лічыцца ў Касцёле святой, хоць не была афіцыйна кананізавана, таму што яе кананізацыйны працэс не закончаны ў сувязі з рэфармацыяй.
Свсв. Людвік і Зэлія Марцін
– бацькі св. Тэрэзы з Лізье Людвік і Зэлія Марцін былі адданымі католікамі. Кожную раніцу яны ўдзельнічалі ў св. Імшы, посцілі, маліліся, урачыста адзначалі нядзелі, наведвалі пажылых, патрабуючых, хворых, паміраючых асоб. Упершыню ў гісторыі Касцёла сужэнцаў кананізавалі як адно цэлае. Такім чынам была падкрэслена святасць сям’і.
Тэрэза, іх малодшая дачка, па прыкладзе 2-юх старэйшых сясцёр уступіла ў кармэліцкі кляштар у Лізье. Неаднойчы ўзгадвала сямейнае жыццё. Казала: “Добры Бог даў мне бацьку і маці, якія больш годныя неба, чым зямлі”.
Па прыкладзе сваіх бацькоў імкнулася да святасці не праз здзяйсненне вялікіх спраў, а праз звычайную штодзённасць.