Дух антыхрыста сёння

На шляху да святасці

Хто такі антыхрыст?
    Антыхрыст – гэта праціўнік Хрыста, які імкнецца знішчыць Яго Валадарства. Ён карыстаецца гвалтоўнымі метадамі, прымушаючы вучняў Езуса да адступніцтва, ці тэхнікай падману, аддаляючы іх ад веры. На працягу стагоддзяў гэтым імем называлі асобных людзей і групы асоб, маніпуліруемых д’яблам і атакуючых Хрыстовы Касцёл.
    Многія спрабуюць разгадаць лічбу 666, каб даведацца імя канчатковага антыхрыста, які павінен запанаваць над светам. Аднак яно застанецца таямніцай ажно да моманту, калі антыхрыст атрымае ўладу над усім і распачне жорсткае праследаванне хрысціян. Ён павінен з’явіцца непасрэдна перад паўторным прыходам Хрыста. “А пра дзень той або гадзіну ні анёлы ў небе, ні Сын, ніхто не ведае, а толькі Айцец” (Мк 13, 32). Парузія ж настане толькі пасля таго, як “прыйдзе адступніцтва і з’явіцца беззаконны чалавек, сын згубы, які будзе працівіцца і ўзвышацца над усім, што называецца Божым і годным пашаны, так што засядзе ў Божай святыні, выдаючы сябе за Бога” (2 Тэс 2, 3–4).

    Антыхрыст “цяпер ужо ёсць на свеце”
    У гэтых разважаннях гаворка пойдзе пра антыхрыста ў калектыўным сэнсе, які “цяпер ужо ёсць на свеце” (1 Ян 4, 3). Вельмі важна і абавязкова ўмець распазнаць дух антыхрыста, распазнаць словы і ўчынкі людзей, якія на працягу “апошняй гадзіны” (параўн. 1 Ян 2, 18), г. зн. ад пачаткаў Касцёла ажно да хвіліны паўторнага прыходу Хрыста, змагаюцца з Яго Валадарствам і падманваюць Яго вучняў.
    “Дзеці, настала апошняя гадзіна, і як вы чулі, што прыйдзе антыхрыст, так і цяпер з’явілася шмат антыхрыстаў…” (1 Ян 2, 18). Св. апостал Ян папярэджвае, што з’яўленне мноства асоб, што варожа настаўлены да Хрыста і падробліваюць Яго навуку, прадказвае моцны, цэнтралізаваны ўдар па Яго Валадарству і жорсткі пераслед. Біблійныя каментатары лічаць, што апосталы ўказваюць на тагачаснага антыхрыста – імператара Нейрона, акрэсліваючы яго лічбай 666.
   
    Дух Хрыста і дух антыхрыста
    У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла таксама знаходзім аўтарытэтную перасцярогу і напамін аб неабходнасці распазнання духа антыхрыста: “Да другога прышэсця Хрыста Касцёл павінен прайсці праз апошняе выпрабаванне, якое падарве веру шматлікіх вернікаў. Праследаванні, якія суправаджаюць зямное паломніцтва Касцёла, адкрыюць «таямніцу беззаконня» ў форме ілжэрэлігіі, якая прыносіць людзям уяўнае рашэнне іх праблем цаной адступніцтва ад ісціны. Крайняй формай ілжэрэлігіі з’яўляецца пакланенне антыхрысту – ілжэмесіянізм, дзе чалавек услаўляе самога сябе замест Бога і Яго Месіі, што прыйшоў у целе” (ККК 675).
    Наша заданне – адрозніць дух Хрыста ад духа антыхрыста, каб не быць ім падманутымі. “Умілаваныя, не кожнаму духу верце, але правярайце духаў, ці яны ад Бога, бо шмат ілжэпрарокаў з’явілася на свеце.
    Па гэтым распазнаеце Божага Духа: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, ёсць ад Бога. І кожны дух, які не вызнае Езуса, той не ад Бога; гэта дух антыхрыста…” (1 Ян 4, 1–3). Хто не прызнае ў Езусе Хрысце “Бога з Бога”, а ў Яго словах – абсалютнай праўды, хто адносіць Яго толькі да мудрых людзей, ставіць хрысціянства нараўне з іншымі рэлігіямі, той супярэчыць Уцелаўленню Божага Сына і адступаецца ад праўды. Так ён становіцца ворагам Пана – антыхрыстам.
   
    Гуманізм вышэй за Бога
    Не ўдасца пералічыць усе праяўленні дзейнасці антыхрыста ў сучасным свеце. Пачынаючы з разбэшчвання дзяцей і моладзі насіллем і распустай па тэлебачанні і ў інтэрнэце праз кантрацэпцыю, аборты, гомасексуалізм і гендэрную ідэалогію, заканчваючы скандаламі аб педафіліі ў Касцёле і адкрытым сатанізмам, сённяшні антыхрыст не толькі стараецца знішчыць Валадарства Хрыста, але і вядзе да дэградацыі ўсяго чалавечага роду.
    Сучасны антыхрыст імкнецца быць падобным да Хрыста, апранаецца ў шаты “Месіі талерантнасці”, “Настаўніка ўсмешкі”, які “шкадуе і любіць людзей”, таму адабрае маральныя правіннасці і паблажліва дазваляе грашыць. Апранаецца ў шаты “дабрадушнага Езуса”, які бясконца прабачае і не патрабуе ніякай працы над сабой.
    Бп Фултан Шын (1895–1979) запэўніваў, што антыхрыст з’явіцца ў абліччы вялікага гуманіста. Будзе гаварыць пра супакой, дабрабыт і міласэрнасць, але накіроўваць людзей не да Бога, а да самога сябе. Учыніць так, што тыя, хто захоча верыць згодна з Евангеллем, адчуюць сябе пасаромленымі перад тымі, хто будзе абвінавачваць іх у недахопе адкрытасці і лібералізму. Прывядзе да таго, што талерантнасць і абыякавасць стануць тым жа самым, змяшае дабро і зло. Будзе гаварыць пра Хрыста як пра найбольшага з тых, хто калі-небудзь жыў на зямлі, аднак усяго толькі чалавека. Створыць сваю атэістычную рэлігію, якая будзе братэрствам без бацькоўства Бога. Ашукае нават выбраных.
   
    Дыктатура рэлятывізму
    Рэлятывізм – гэта светапогляд, які запэўнівае, што абсалютнай праўды не існуе, таму ўсякае сцвярджэнне адноснае. У рэлігійнай сферы ён дазваляе кожнаму мець індывідуальнае ўяўленне аб Богу і ўласную маральнасць. Папа Бенедыкт XVI такі спосаб мыслення – асабліва папулярны ў XXI стагоддзі – назваў “дыктатурай рэлятывізму”: “Вызнаванне выразна акрэсленай веры, згоднай з «Credo» Касцёла, часта называецца фундаменталізмам. У той час як рэлятывізм, паддаванне «кожнаму павеву навукі», здаецца адзінай паставай, годнай для сучаснай эпохі. Ствараецца своеасаблівая дыктатура рэлятывізму, які нічога не прызнае як канчатковае, а адзінай мерай рэчаў лічыць толькі ўласнае «я» і яго жаданні”.
    Гэта вельмі кароткае, але дакладнае апісанне дзейнасці сучаснага антыхрыста.
    Калі ў свядомасці людзей сціраюцца межы паміж праўдай і падманам, паміж дабром і злом, гэта вядзе да адступніцтва ад Бога.
   
    Талерантнасць да граху ў імя свабоды, роўнасці і братэрства
    Сапраўднай талерантнасцю да іншага чалавека з’яўляецца хрысціянская любоў да непрыяцеляў. Езус сказаў: “Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. Калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч. […] Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто праследуе вас” (Мц 5, 39–40. 44). Сапраўдным хрысціянам заўсёды была характэрна зычлівасць і цярплівасць да іншага чалавека. Адначасова Касцёл стала прыпамінае аб “чужых грахах” як наступстве занядбання сведчання аб праўдзе. Антыхрыст жа прымушае сёння да фальшывай талерантнасці – прыняцця чалавечых грахоў і правін у імя фальшывай міласэрнасці.
    Універсальны маральны светапогляд – гэта быццам новая атэістычная рэлігія антыхрыста. Перакананне ў праўдзівасці Евангелля аблаяна і названа “фундаменталізмам”, “радыкалізмам”, “рэлігійным экстрэмізмам” і “неталерантнасцю”. Быць чалавекам у поўнай меры – значыць змагацца за “сусветную свабоду, роўнасць і братэрства”.
    Звернем увагу, што талерантнасць антыхрыста абараняе дрэнных людзей і не абараняе права на свабоду сумлення людзей добрых (напрыклад: урач, які верыць у Бога і не хоча забіваць дзіця ва ўлонні маці, вымушаны пераступаць праз уласнае сумленне і рабіць аборт у імя права свабоды жанчыны, якая гэтага пажадала).
    Калі б першыя хрысціяне прытрымліваліся гэтай талерантнасці антыхрыста, не было б святых сведкаў веры, а Касцёл знік бы з твару зямлі. Калі б св. Моніка прытрымлівалася сучаснай талерантнасці, мы б не мелі св. Аўгусціна – доктара Касцёла. Калі б св. Антоній Падуанскі прытрымліваўся талерантнасці, не ўчыніў бы ніводнага цуду.
    Кард. Джакама Біфі (1928–2015) сцвярджаў, што калі хрысціянства, адкрываючыся на свет і дыскутуючы з усімі, не будзе абвяшчаць смерць і ўваскрасенне Езуса, стане адной з ідэалогій і апынецца на старане антыхрыста.
    Ілжэталерантнасць антыхрыста, калі не супраціўляцца ёй, прывядзе да абыякавых адносін да дабра і зла, праўды і падману, а ў выніку – да вераадступніцтва і роспачы, калі людзі, паміраючы, будуць праклінаць жыццё, сябе і Бога. “Маўклівае вераадступніцтва” назіраецца ўжо сёння ў сітуацыі, калі католік ходзіць у касцёл і разам з тым згаджаецца ў сваім сэрцы з поглядамі, не згоднымі з вучэннем Касцёла (напрыклад, адабрае аборты, эўтаназію або гомосексуалізм), хоць і не аб’яўляе аб гэтым гучна.
    Св. Аўгусцін гаварыў: “Усе, хто не любіць Бога, з’яўляюцца антыхрыстамі... Так і ўнутры Касцёла ёсць ворагі Бога, сэрцамі якіх завалодаў дух антыхрыста… Таму няхай кожны прааналізуе сваё сумленне, ці не антыхрыст ён!”.