Lectio brevis: споведзь

На шляху да святасці

Споведзь – адзін з 7-мі сакрамантаў Каталіцкага Касцёла. Сакрамант навяртання, сакрамант пакаяння, сакрамант прабачэння, сакрамант паяднання – усе гэтыя сінонімы з’яўляюцца комплекснымі складнікамі споведзі, з чым падрабязна можна азнаёміцца ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (другой па важнасці кнізе пасля Святога Пісання ў хрысціян).
Для ўдзелу і прыняцця сакраманту пакаяння неабходна, перш за ўсё, быць у Першай св. Камуніі, што здзяйсняецца чалавекам, які дасягнуў узросту распазнання цяжкіх грахоў і ўсведамляе іх у сябе (параўн. ККП кан. 989), а таксама выканаць дзеянні пакаяння, захоўваючы 5 умоў добрай споведзі.
Дзеянні пакаяння і 5 умоў добрай споведзі:
    1. Рахунак сумлення. Рахунак сумлення – гэта разгляд сваёй маральнасці (учынкаў, слоў, думак, абавязкаў, духоўнага натхнення) у святле Божага слова, што практычна селекцыянавана ў кароткім катэхізісе. Яго складаюць: Дзесяць Божых запаведзей; Пяць касцёльных наказаў; Сем галоўных грахоў; Грахі супраць Святога Духа; Грахі, якія наклікаюць Божую помсту; Грахі іншых па нашай віне; Найважнейшыя хрысціянскія ўчынкі; Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга; Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга; Тэалагічныя цноты; Кардынальныя цноты; Евангельскія парады.
    2. Шчырая скруха за грахі. Скруха – гэта душэўны боль і пагарда да здзейсненага граху. Яна заключаецца ў прызнанні праўды пра самога сябе і свае ўчынкі (параўн. KKK 1451). * Скруха з любові да Бога называецца дасканалай скрухай (параўн. ККК 1452). Скруха з усведамлення агіднасці граху або са страху перад вечным праклёнам ці іншымі пакараннямі, якія могуць напаткаць грэшніка, называецца недасканалай. Тым не менш, яна спрыяе таму, каб атрымаць прабачэнне цяжкіх грахоў у сакраманце пакаяння (параўн. ККК 1453).
    3. Цвёрды намер выправіцца. З’яўляецца дабравольным, свядомым і канкрэтным рашэннем не грашыць больш у будучыні (параўн. ККК 1451).
    * Калі гэтага намеру няма або не можа быць (напрыклад, вернік знаходзіцца ў сужыцці з кімсьці, жыве без сакраманту шлюбу), сакрамант пакаяння становіцца несапраўдным, а далейшае прыняцце Камуніі цягне за сабой смяротны грэх блюзнерства.
    4. Шчырая споведзь. Складае асноўную частку сакраманту. Вернік павінен пералічыць усе смяротныя грахі, якія ён усведамляе ў сябе пасля сур’ёзнага рахунку сумлення (параўн. ККК 1456).
    * Тыя, хто свядома ўтойвае якіясьці грахі, робяць гэты сакрамант несапраўдным, а далейшае прыняцце імі Камуніі цягне за сабой смяротны грэх блюзнерства.
    5. Кампенсацыя за грахі Богу і бліжняму. Нашы грахі наносяць урон Богу і бліжняму. Адпушчэнне здымае грэх, але не выпраўляе непарадку, выкліканага грахом (ККК 1459).
    * Пакута (або кампенсацыя за грахі Богу), якую ўскладае святар, павінна адпавядаць цяжкасці і прыродзе здзейсненых грахоў. Яна можа заключацца ў малітве, у прынашэнні, у справах міласэрнасці, у служэнні бліжняму, у дабравольных пазбаўленнях, у ахвярах, а галоўнае – у цярплівым прыняцці Крыжа (такая пакута дапамагае прыпадобніцца да Хрыста, які адкупіў усе нашы грахі раз і назаўсёды) (ККК 1460). Трэба таксама зрабіць усё магчымае, каб пакрыць урон бліжняму (напрыклад: вярнуць скрадзеныя рэчы, аднавіць рэпутацыю абгаворанага чалавека, загладзіць крыўды). Гэтага патрабуе простая справядлівасць (параўн. ККК 1459).
   
    Дзеянні падчас споведзі ў канфесіянале:
    * Падысці і стаць на калені ля канфесіянала, звярнуцца да святара словамі хрысціянскага прывітання: “Пахвалёны Езус Хрыстус”.
    (Уся споведзь адбываецца шэптам).
    * Перахрысціцца: “У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн”.
    * Назваць свой узрост і сацыяльны статус. Напрыклад: “Мне 20 гадоў, я студэнт, нежанаты”.
    * Сказаць, як даўно адбылася апошняя споведзь. Напрыклад: “Апошні раз спавядаўся 2 месяцы таму”.
    * Сказаць, ці выканана пакута з апошняй споведзі. Напрыклад: “Пакуту выканаў”.
    * Пералічыць здзейсненыя грахі. Напрыклад: “Хацеў бы прызнацца ў здзейсненых мною грахах” (пералічыць).
    Абавязкова назваць усе смяротныя грахі, колькасць кожнага здзейсненага граху і яго абставіны. Важна называць усе грахі, у тым ліку і лёгкія.
    * Паабяцаць выправіцца і больш не грашыць: “Больш грахоў не памятаю, за здзейсненае шчыра шкадую і абяцаю выправіцца”.
    * Папрасіць аб пакуце, настаўленні і адпушчэнні грахоў: “Прашу аб настаўленні, пакуце і адпушчэнні грахоў”.
    * Святар дае практычныя парады, як пазбегнуць граху або супрацьстаяць спакусе. У некаторых выпадках (напрыклад, перадсвяточная споведзь) з прычыны вялікай колькасці жадаючых прыступіць да сакраманту пакаяння гэтага настаўлення можа не быць. Затым святар прызначае пакуту (малітва, прынашэнне, справа міласэрнасці, служэнне бліжняму, дабравольнае пазбаўленне, ахвяра).
    * Калі святар прамаўляе словы “Шкадуй за свае грахі”, неабходна абудзіць у сабе шчыры жаль за грахі: “Пане, змілуйся нада мною, грэшным”.
    * Святар прамаўляе формулу адпушчэння грахоў, у канцы якой бласлаўляе, робячы знак крыжа. Неабходна перахрысціцца і адказаць: “Амэн”.
    * Святар развітваецца: “Ідзі ў супакоі Хрыста” (словы могуць быць іншыя). Неабходна адказаць: “Дзякую Пану Богу”.
    * Устаць і пацалаваць стулу.
   
    Да сакраманту пакаяння неабходна прыступаць прынамсі раз у год (параўн. ККК 1457).