Святасць, схаваная ў дробязях

На шляху да святасці

1 лістапада – дзень нябачнага абмену позіркамі з усімі святымі, дзень удзячнасці і малітвы аб іх заступніцве ў самых розных справах. Як цудоўна сказаў папа Бенедыкт XVI: “Спадарожнічаюць нам прыяцелі Бога, яны атачаюць нас і вядуць [...]. Я не павінен насіць тое, што на самой справе ніколі не змог бы насіць сам. Грамада Божых святых абараняе мяне, падтрымлівае і вядзе”.
Сапраўды, іх шлях ужо пройдзены, а мы яшчэ ў дарозе. Толькі куды ідзём? Ці даўно спраўджвалі свой накірунак? У гэтых пытаннях няма суровасці, толькі запрашэнне прыгледзецца ўважліва да рэчаіснасці вакол нас.
    Пачнём з канца: з нашай мэты. Проста і ясна акрэслівае яе папа Францішак у адгартацыі “Gaudete et exsultate” (“Радуйцеся і весяліцеся”). Ён піша: “Я асабліва хацеў бы нагадаць пра пакліканне да святасці, з якім Пан звяртаецца да кожнага з нас, пра той заклік, з якім Ён звяртаецца таксама да Цябе: «Будзьце святымі, таму што Я святы» (Лев 11, 44; 1 П 1, 16)”.
З усяго багацця думак, разваг, добрых рад у адгартацыі Святога Айца сёння хочацца спыніцца даўжэй над яшчэ адным сказам: “Святасць, да якой заклікае Цябе Пан, будзе ўзрастаць праз маленькія жэсты” (GE 16). Першапачаткова ўзнікае цікавы парадокс у перспектыве менавіта шляху да святасці. Ці не варта адмовіцца ад руцінных спраў на карысць вялікіх? Зноў жа, часта можна пачуць, што мітусня і занятасць адцягваюць нас ад узрастання ў веры. Але папа Францішак гаворыць пра непрыкметныя “маленькія жэсты” ў іншым, вызваляльным ракурсе. Ён раіць рабіць “звычайныя рэчы незвычайным чынам”, а гэта патрабуе папярэдняга рашэння, і больш таго: гэта штодзённы выбар.
    У большасці з нас жыццё складаецца з будняў, якія так і хочацца назваць шэрымі. Можа выдавацца, што ўмовы існавання зададзены, кола падзей нязменнае, і высілак патрабуецца толькі на тое, каб вырвацца або кампенсаваць сабе маркоту і млявасць паўсядзённасці. Але рэчаіснасць – гэта і ёсць зыходная кропка на шляху да святасці. Ніводзін святы не ведаў, куды прывядзе яго давер да Бога, але выходзіў у гэты шлях адтуль, дзе знаходзіўся ў момант паклікання. А рэальныя абставіны часам сапраўды амаль не пакідаюць месца для ўзрастання ў святасці. Рытм сучаснага жыцця, цяжар шматлікіх абавязкаў, унутраны ці знешні псіхалагічны ціск, складаныя эканамічныя ўмовы – усё гэта выцягвае, здаецца, апошнія сілы з чалавека. Аднак не трэба падаць духам, успомнім пра “маленькія жэсты”… Дзе б мы не былі, заўсёды ёсць неабходнасць выконваць даручаную працу, клапаціцца пра іншых (і пра сябе!), стрымліваць абяцанні, весці размовы, а значыць, ёсць магчымасць зрабіць гэта незвычайна – для Бога, з любові да Яго. Вядома, не адразу, але пакрысе.
    І размовы, і ўчынкі пачнуць змяняцца, набудуць прыкметы “не з гэтага свету”, подых Нябеснай Айчыны.
    Як не ўзгадаць бедную ўдаву, якая аддала Богу ўсё, што мела? Ці не адчувала яна сябе няёмка за свае маленькія дзве лепты? Магчыма, пабойвалася зняважлівых позіркаў, а сустрэлася з абыякавасцю, бо ўвага прысутных была скіравана на тых, хто дае шмат, напаказ. Але менавіта яе сярод іншых заўважыў Езус і паказаў вучням, бо ўчынак удавы прыйшоўся Яму па сэрцы. Тым самым Хрыстос запэўнівае, што бачыць усе нашы нязначныя “лепты”, усе нашы намаганні ўкласці ў звычайныя рэчы ўсё сваё сэрца, не раздумваючы, ці хопіць яго на заўтра, укласці ўсю любоў, хоць бы яе засталося дзве кроплі з колішняга вялікага мора гарачых пачуццяў ці евангелічнага запалу. З малых крокаў складаецца шлях.
    “Не бойся імкнуцца вышэй, дазваляць любіць сябе і вызваліцца праз Бога. Не бойся дазволіць Святому Духу кіраваць сабою, – заклікае папа Францішак. – Святасць не зробіць Цябе менш чалавечным, таму што гэта сустрэча Тваёй слабасці з сілай ласкі. Па сутнасці, як сказаў Леан Блуа, «у жыцці ёсць толькі адзін смутак – не быць святым»” (GE 34).