Ранамі Яго мы аздароўлены

На шляху да святасці

Песні жальбы… Год за годам падчас Вялікага посту, здаецца, нічога новага, незвычайнага – тыя самыя малітвы і спевы, тыя ж словы. І мы прызвычаіліся да гэтага. Выконваем хутчэй “бо так трэба”, чым “гэтага прагну” – даніна традыцыі! Але калі ўдумацца ў сэнс велікапосных набажэнстваў, калі прапусціць іх глыбока праз сваё сэрца, то такім, як раней, Табе ўжо не быць...
    У спякотнай пустыннай краіне прапаведаваў Юнак. Ён гаварыў, што Бог адзін, што Ён міласэрны і любіць кожнага чалавека. Простая для сённяшніх, але такая далёкая для людзей таго часу ісціна. Здавалася б, гэта самае лёгкае – паверыць, што, нягледзячы на тое, які Ты, не зважаючы на Твае грахі, ёсць Нехта, хто Цябе ўсё роўна любіць, прабачае і ў любую хвіліну гатовы прыйсці на дапамогу.
    Але тое падалося занадта складана, незразумела ці... страшна? І гэтага Юнака адправілі да Понція Пілата, каб вырашыў, што з Ім рабіць. Пазіраючы зверху на тлум, пракуратар бачыў толькі разгневаных гараджан. Юнак жа ведаў кожнага. Менавіта гэтыя твары нядаўна ўсміхаліся, усцілаючы Яго шлях пальмавымі галінкамі. І гэтыя ж твары цяпер сказіла грымаса агіды, рукі накіраваліся ўгору, а з вуснаў гучна даносілася: “На крыж!”. Ён заглянуў у душу кожнаму. І адзін з тлуму апусціў вочы: яму не хапіла смеласці ўзняць позірк, каб паглядзець на Асуджанага.
Некалькі дзён таму ў Аліўным садзе Юнак прасіў не за сябе нават, за кожнага з нас. Ён хацеў толькі аднаго – не заставацца сам-насам з тым страхам, з тым болем, набліжэнне якога адчуваў у хуткім часе. Ён адчуваў сябе так, як чалавек, якога ў самы важны, хвалюючы момант пакінулі сябры. І калі выйшаў з саду, абліты потам і слязамі, зрабіў заўвагу. Адзін з прысутных там апусціў вочы долу, ад сораму не маючы сіл падняць іх угору.
    Падчас бічавання Чалавек, паглядаючы праз слёзы, напэўна, шкадаваў кожнага свайго праследавацеля, кожнага, хто так ці інакш быў звязаны з Яго цярпеннем.
    З любоўю Ён пазіраў на аднаго з прысутных, а той не ведаў, куды падзець свае вочы. Брыдка яму рабілася кожны раз, калі Чалавек скіроўваў на яго погляд, бо разумеў, што таксама прычыніўся да гэтага болю, з-за чаго пакуты толькі большаюць.
    А праз сотні, тысячы гадоў той Чалавек запрашае праз святара наведаць Яго ізноў, пабыць побач, пранесці разам з Ім неверагодна цяжкі Крыж, абцерці твар, заліты кроўю і потам. Ён запрашае і да сваёй Маці, сэрца якой перапоўнена болем, голас якой дрыжыць ад невымернага гора. Ты павінен быць тут і цяпер, інакш вера губляе сэнс! А што калі пробашч з амбоны ў каторы раз нагадвае пра Крыжовы шлях, адмахваешся, нібы гэта “ўсяго толькі традыцыя”? Чаму тады ў душу закрадаецца нейкае адчуванне, падобнае да пачуцця віны?
    Можа, там, у садзе, у тлуме і на Галгофе Збаўца бачыў менавіта Твае апушчаныя вочы? Можа, гэта Ты не прыйшоў, не наведаў Езуса ў самы цяжкі момант жыцця? Так, складаць пальмавыя галінкі пры добрым раскладзе не цяжка. А Ты паспрабуй быць побач з Ім і на Галгофе, і ў тым самым тлуме! Ахвяруй свой час, каб быць з Хрыстом тут і цяпер, кожны наступны дзень. І Ты атрымаеш нешта намнога больш каштоўнае. Ды і сам добра ведаш, чыімі ранамі нашы душы аздароўленыя…