Назаўсёды ў памяці вернікаў

На шляху да святасці

Лістапад – асаблівы месяц малітвы за памерлых. Ён мабілізуе вернікаў штодзённа ўзгадваць перад Богам аб тых, хто пераступіў ці пераступае “парог надзеі”. Хрысціянская памяць пра памерлых – гэта значна больш, чым толькі праяўленне людской зычлівасці да іх. Яна вырастае на фундаменце веры ў вечнае жыццё, несмяротнасць чалавечай душы і паўсюдны заклік да жыцця ў хвале ўваскрасення.
У гэты час узгадваем у малітве таксама памерлых святароў, якіх мы ведалі і якія не шкадавалі свайго часу, сіл і ўменняў, каб служыць Богу, Касцёлу і людзям, да каторых былі пасланы. За свайго шматгадовага пробашча кс. Іпаліта Ядкоўскага ў 50-ую гадавіну яго смерці маліліся вернікі парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Воўпе. Святар прыбыў на месца паслугі ў 1916 годзе і аддана служыў там да моманту спачыну 24 кастрычніка 1967 года. Хоць з таго часу мінула столькі гадоў, памяць пра памерлага душпастыра надалей жыве ў сэрцах людзей. Старэйшае пакаленне ўсё яшчэ памятае яго словы і ўчынкі, прасякнутыя вялікай любоўю да Бога і клопатам пра Хрыстовы Касцёл ды душы вернікаў.
Святар малітвы
    Антоній Вішнеўскі, які пачаў працаваць арганістам у мясцовай парафіі яшчэ пры жыцці кс. Іпаліта і працягвае сваю паслугу па сённяшні дзень, памятае душпастыра як Чалавека з вялікай літары, цалкам адданага ўласнаму пакліканню. Менавіта дзякуючы намаганням пробашча ў касцёле з’явіўся арган. “Гэта быў вельмі набожны святар. Ён меў асаблівае замілаванне да ружанцовай малітвы, якую часта адгаворваў і да якой заахвочваў іншых. Сваім прыкладам сціплага жыцця паказваў нам дарогу, якой трэба крочыць, каб ніколі не расчаравацца”, – расказвае мужчына.
    Спадар Антоній прыгадвае, што “з амбона ксёндз прамаўляў вельмі доўга і дакладна, а яго казанні заўсёды былі прасякнуты верай і духам. Мы слухалі свайго пастыра затаіўшы дыханне, бо ў яго заўсёды было штосьці важнае, каб перадаць нам”.
   
    Святар чалавека
    Вернікі да сёння памятаюць, што душпастырскія абавязкі кс. Іпаліт заўсёды выконваў сумленна. Калі трэба было падрыхтаваць кандыдатаў да сакраманту сужэнства, запрашаў іх да сябе ў плябанію і знаёміў з галоўнымі праўдамі хрысціянскай веры, гаварыў пра абавязкі і вынікі, якія паўстаюць пасля заснавання сям’і. Яніна Банцэвіч расказвае, што кс. Іпаліт удзяліў сакрамант шлюбу яе бацькам, ахрысціў яе саму і 3-іх братоў, а таксама асісціраваў пры заключэнні яе ўласнага сужэнства.
    “Перад шлюбам мы з нарачоным тройчы былі ў кс. Ядкоўскага. Я да канца жыцця буду памятаць словы, якія ён тады сказаў нам: «Вы засноўваеце сям’ю, таму памятайце, што ніколі нельга забывацца аб перадачы веры. Вучыце гэтаму сваіх дзяцей і ўнукаў, вядзіце іх да Бога»”, – гаворыць жанчына. Спадарыня Яніна адзначае, што святару было вельмі важна, каб новае пакаленне вернікаў, нягледзячы на вялікае супрацьстаянне і пераслед, узрастала ў веры сваіх продкаў.
   
    Святар мучанік
    Кс. Іпаліт за сваё бясстрашнае і мужнае жыццё ў веры неаднойчы трапляў пад прыгнёт. За катэхізацыю дзяцей і моладзі ды заахвочванне да ўдзелу ў нядзельных і святочных св. Імшах упаўнаважаны па справах рэлігій забраў у ксяндза т. зв. “спраўку”, што на некаторы час рабіла для яго немагчымым яўнае выкананне святарскай паслугі. Таму душпастыру даводзілася рэалізоўваць яе патаемна.
    “Самымі цяжкімі для кс. Іпаліта былі пасляваенныя часы. Яго маглі вывезці ў гулаг. Але Бог спрацаваў эфектыўна! Падчас арышту ксёндз сустрэў савецкага партызана, якога некалі выратаваў ад немцаў, даўшы таму сховішча. Дзякуючы яго ўмяшанню наш святар быў вызвалены”, – адзначае Генрых Дземешчык. Ксёндз жыў справамі Касцёла і сваіх вернікаў да апошняга дня. Адышоў да Бога ў сталым веку. Спадар Генрых узгадвае пахаванне душпастыра, на якое прыйшло шмат людзей. “Гэта быў пахмурны кастрычніцкі дзень, але ў меру цёплы. Нягледзячы на гэта ў сэрцы панаваў смутак, таму што адышоў ксёндз, які хрысціў мяне ды маіх братоў і сясцёр”, – дзеліцца мужчына.
    Святар, згодна з яго воляй, быў пахаваны на парафіяльных могілках, а не каля святыні. Так ксёндз хацеў выразіць жаданне быць побач са сваімі авечкамі, як пры жыцці. Ля яго магілы пастаянна гараць знічы, ляжаць кветкі. Для сваіх парафіян ён назаўсёды застанецца ўзорам сапраўднага душпастыра і мучаніка ў цяжкі для Касцёла перыяд.
    Кожнае імя – гэта асобная гісторыя, непаўторны лёс. Молячыся за памерлых, давайце дзякаваць за іх жыццё, прасіць прабачэння грахоў, маліць аб дары Неба для іх. Няхай Хрыстос, які з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём, адорыць душы ласкай трывання ў любячай прысутнасці з Трыадзіным Богам на вякі.