Бацькоўскае эга замінае выхаванню паўнавартаснай асобы
На шляху да святасці
У грамадстве да дзяцей прынята ставіцца як да недасканалых і няправільна наладжаных істот, якіх трэба пастаянна выпраўляць і карэктаваць. Многія бацькі і педагогі эгаістычна мяркуюць, што без іх умяшання дзеці саб’юцца з праўдзівага шляху і ніколі не прыйдуць да поспеху. Але калі не прапанаваць сыну ці дачцэ самім вызначацца ў асабістых памкненнях, не даваць ім прайсці ўласным шляхам спроб і памылак, а ўвесь час падсцілаць салому, калі тыя спатыкаюцца, значыць зрабіць іх залежнымі ад сябе. У далейшым такія маладыя людзі нічога не даб’юцца ў жыцці самастойна.
Сучасныя бацькі заўсёды на перадавой разнастайных ноу-хау, таму з задавальненнем вывучаюць і спрабуюць найноўшыя методыкі развіцця і адукацыі на сваіх дзецях. Пачынаючы з прэнатальнага перыяду дарослыя безразважна імкнуцца “вылепіць” са свайго дзіцяці генія. Практыкуюць распазнанне чорна-белых малюнкаў для нованароджаных, гульні, якія развіваюць інтэлект, – для немаўлят, ранняе навучанне – для дашкольнікаў... А мудрыя бацькі заўсёды памятаюць пра адну вельмі важную ісціну – “усяму свой час і месца пад небам”. †
Варта прытрымлівацца вельмі важнага прынцыпу: “Жыві і дай жыць другому”. |
|
Нельга паўгадовае дзіця сілком навучыць хадзіць, як і немагчыма сцвярджаць, што ў 3 гады можна стаць паліглотам. Мозг дзіцяці развіты для адных дзеянняў, падлетка – для другіх. Кожнаму ўзроставаму этапу развіцця характэрны свае асаблівыя магчымасці і здольнасці. Напрыклад, матэматыцы дзіця неабходна вучыць у пачатковай школе, замежнай мове – з 4-5 класа.
Да таго, усе псіхолагі сёння ў адзін голас заклікаюць паступаць у 1 клас з 7-мі гадоў, але ніяк не з 5-6-ці (асабліва хлопчыкам). У дзяцей яшчэ не развіта псіхіка. І хоць многія вядучыя даследчыя інстытуты заяўляюць пра шкоду ранняга навучання, беларускія дзеці ўсё ж праходзяць “разумную” школу, не перажываючы натуральнага дзяцінства.
Сёння амаль усе бацькі імкнуцца, каб іх сыны і дочкі атрымалі вышэйшую адукацыю. Наймаюць рэпетытараў (хоць праграма навучання за сярэднюю школу не горшая за “рэпетытараўскую”), бяруць крэдыты на навучанне, цягнучы на сабе груз іх уласнай адукацыйнай місіі... А дзіцё, можа, проста марыць круціць гайкі ў аўтамабілі і мае да гэтага здольнасці.
Мудрыя бацькі ведаюць і разумеюць пасланне, змешчанае ў “Прыпавесці аб талентах”. У кожнага свае задаткі, таленты. Таму немагчыма “вылепіць” з кацяняці сланяня, а старэйшага школьніка, які валодае мастацкім талентам, прымусіць стаць другім Энштэйнам. Асноўная задача бацькоў палягае на тым, каб дапамагчы дзіцяці прыгледзецца да сваіх талентаў і вызначыцца ў жыццёвым шляху. А яно, у сваю чаргу, павінна навучыцца памнажаць і развіваць Богам дадзеныя якасці, а не закопваць іх і распыляць.
Выхаванне – натуральны працэс, а не гульня ў лялькавода і марыянетку. |
|
На жаль, большая частка моладзі ідзе па жыцці не сваім шляхам. У імкненні адпавядаць чаканням бацькоў або паддаўшыся ціску з іх боку, малады чалавек адмаўляецца ад пэўнай часткі ўласнага жыцця і інтарэсаў ва ўгоду іншым. У дарослым жыцці такі юнак ці дзяўчына ў зносінах з іншымі людзьмі будзе імкнуцца заваяваць іх прыхільнасць, часта дзейнічаючы на шкоду сабе. Завышаныя чаканні, ускладзеныя на чалавека ў дзяцінстве, з гадамі фармуюць паталагічнае пачуццё віны і сораму, калі ён не задавальняе такія патрабаванні.
Але адпавядаць бацькоўскім чаканням усё роўна не атрымаецца. І тады, у рэшце рэшт, малады чалавек проста перастане старацца, будзе трывожным і няўпэўненым. Гэта можа праяўляцца ў агрэсіўных паводзінах, выблісках гневу, апатыі, дэпрэсіі, залежнасцях ці нават спробах нанесці шкоду самому сабе. Таму бацькам у выхаванні вельмі важна не перагінаць палку, быць разважлівымі і мудрымі.
Дараднік для мудрых бацькоў Прымаем той факт, што дзіця – не наша персанальная копія. Ён абсалютна іншы чалавек, які не павінен паўтараць чыйсьці жыццёвы шлях, тым больш, увасабляць чужыя няздзейсненыя ідэі і мары. Вучымся паважаць дзіця як асобу і дазваляем яму ісці сваім шляхам. “Дзіця – госць у тваім доме. Накармі, вывучы і адпусці”, – гаворыцца ў індыйскай прыказцы. Імкнёмся прымаць дзіця такім, якое яно ёсць: з усімі вартасцямі і недахопамі. Бацькоўская любоў значна важнейшая за мэтанакіраванае выхаванне. Больш за ўсё на свеце дзіця мае патрэбу ва ўпэўненасці, што яго прымуць, нават калі будзе “няправільным” і не такім, як таго хацелася бацькам. Памятаем, што ў кожным дзіцяці закладзена персанальная праграма развіцця, якая дазваляе яму вырасці ў самадастатковую асобу, не наносячы сабе шкоды. Таму вельмі важна любіць дзіця, давяраць яму, цікавіцца яго жыццём і падтрымліваць. Вучымся гаварыць аб уласных чаканнях, пры гэтым прыслухоўваючыся да дзіцяці і яго меркавання. Тады пустыя чаканні могуць пераўтварыцца ў плённае ўзаемадзеянне, дзе ў кожнага свая доля ўдзелу. Ведаем, што ў падлеткавым узросце дзіця расчароўвае бацькоў. Гэта неабходна, каб яно аддзялілася ад маці і бацькі, усвядоміла, кім з’яўляецца, і выбрала свой шлях. Спрабуем пастаянна прымяраць на сябе тыя якасці і асаблівасці дзяцей, якія асабліва раздражняюць і расчароўваюць. Часта складана прыняць у іншых тое, што ў саміх сабе не падабаецца, або тое, што ў дзяцінстве не ўдалося атрымаць або рэалізаваць. Разумеем і практыкуем палажэнне аб тым, што, перш за ўсё, неабходна займацца сваім жыццём, сужэнствам, кар’ерай, планамі, марамі. Чалавек, які няшчасны сам, нікога не здольны зрабіць шчаслівым. І галоўнае, просім Бога штодня ў малітвах аб тым, каб споўнілася Яго Воля, а не наша. |
|