Маці Вастрабрамская, вазьмі мяне на свае рукі

На шляху да святасці

“Чагосьці падобнага на Вострую Браму я не бачыў нідзе ў свеце. Капліца і алтар займаюць усю шырыню вуліцы вышынёй у два паверхі. Пад ёй ёсць праход, заўсёды для ўсіх адчынены. Але не гэтае асаблівае размяшчэнне капліцы больш за ўсё ўразіць падарожніка, але тая паўсюдная дабравольная пашана, якую цудоўны абраз ад усіх атрымлівае. [...] Вы можаце ўглядацца пад Вострай Брамай тыдні, месяцы, але не ўбачыце нават аднаго чалавека, які б ужо здалёк не аказваў пашану цудоўнаму абразу Марыі...”
У літургічным календары 16 лістапада ўспамінаецца Найсвяцейшая Панна Марыя Вастрабрамская, Маці Міласэрнасці. Так жа, як на працягу сямі стагоддзяў Маці Божая Чанстахоўская на Яснай Гары, Панна Вастрабрамская, Маці Усходу і Захаду, больш за трыста гадоў валадарыць з вышыні свайго надбрамнага ўзвышэння ўсёй зямлёю літоўскай, беларускай і польскай. Гэта адзін з нямногіх абразоў Марыі, на якім Яна адлюстравана адна, без свайго Боскага Сына. Гэта выкарыстаў св. Максімільян Кольбэ і склаў такую малітву: “Маці Божая Вастрабрамская, на Тваіх руках няма Дзіцятка Езус, дык вазьмі мяне на свае рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё”.
Прыгажосць, далікатнасць і абаянне Панны Вастрабрамскай абудзілі вялікую любоў і культ да гэтага цудатворнага абраза так, што ў 1927 годзе Маці Божай Вастрабрамскай быў нададзены афіцыйны тытул “Маці Міласэрнасці”. “Мы называем Марыю Маці Міласэрнасці, бо Яна Маці Езуса, у якім Бог аб’явіў свету сваё сэрца, напоўненае любоўю, – навучае св. Ян Павел II. – А ў падножжа крыжа Марыя стала Маці Вучняў Хрыста, Маці Касцёла і ўсяго чалавецтва, стала Mater Misericordiae”. Усім сваім жыццём Марыя паказвае Езуса, а як Маці Міласэрнасці, паказвае Езуса Міласэрнага.
    Божы Провід учыніў, што ў той Вільні, дзе ўшаноўваюць Маці Божую Міласэрнасці, на працягу трох гадоў жыла сястра Фаўстына Кавальская, і нідзе інш, але менавіта там яна перажыла аб’яўленне, каб намаляваць абраз Езуса Міласэрнага. Марыя была для Яе духоўнай Правадніцай і Дапаможніцай. На працягу гэтых трох гадоў побыту ў Вільні сястра Фаўстына з вялікім запалам малілася перад цудатворным абразом у Вострай Браме. Гэта тут, ля Маці Божай Міласэрнасці, 26–28 красавіка 1935 года ўпершыню быў публічна ўшанаваны абраз Хрыста Міласэрнага. Так адбылася сімвалічная сустрэча Марыі, Маці Міласэрнасці, і Яе Сына, Езуса Міласэрнага.
    Марыя з’яўляецца Маці святароў, і гэта асабіста адчуў вялікі апостал Божай міласэрнасці бласлаўлёны кс. Міхал Сапоцька: “Марыя з’яўляецца для нас Маці Міласэрнасці, і гэтую міласэрнасць Яна пачала сведчыць ажно ад Кальварыі. Адтуль кожная ласка зыходзіць на людзей праз Марыю: Яна ўзмацняла Апосталаў у іх працы, Яна выпрасіла натхненне Евангелістам, а пасля таго, як была ўзята ў неба, Яна тым больш апекуецца намі і выпрошвае для нас Божую міласэрнасць... Доказам гэтаму з’яўляюцца шматлікія цудоўныя месцы, дзе праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі людзі атрымліваюць аздараўленне ад хвароб, суцяшэнне ў смутку, надзею ў роспачы. Гэта невыпадкова, што абраз Езуса Міласэрнага, які ўшаноўваецца ва ўсім свеце, быў упершыню выстаўлены ля ног Маці, каб Яна яго пэўным чынам адобрыла і ўзяла пад апеку. Таму давайце ўзмоцнім тыя сувязі, якія злучаюць нас з Маці Міласэрнасці, і даверымся Ёй бязмежна”.
    Святы нашых часоў Ян Павел II, які ўстанавіў свята Божай Міласэрнасці, таксама вельмі ўшаноўваў абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Удзячны за дар паклікання малады кс. Вайтыла змясціў выяву Маці Божай Міласэрнасці на сваім прыміцыйным абразіку. Калі ён наведваў Вільню ў 1993 г., прызнаўся: “У момант майго выбару на Святы Пасад я падумаў пра Найсвяцейшую Маці з Вострай Брамы”. Ён таксама прыгадаў, што пасля выбару на наступніка св. Пятра накіраваўся ў літоўскую капліцу Маці Міласэрнасці, якая знаходзіцца ў падзямеллі базілікі св. Пятра, каб праз Яе заступніцтва даручыць Богу ўвесь свет. Святы Папа таксама прыпісваў сваё цудоўнае ацаленне ў пакушэнні 13 мая 1981 г. апецы Маці Божай Міласэрнасці. Падчас ужо ўзгаданай пілігрымкі ў Вільню, молячыся на ружанцы ён прыгадаў словы Адама Міцкевіча: “Святая Дзева, што бароніш Чанстахову і ў Вострай Браме свеціш! [...] Як мне [...] жыццё вярнула цудам”. Ён быў настолькі ўзрушаны, што калі прамаўляў гэтыя словы, яго голас дрыжаў.
    Жыхары Вільні здаўна вераць, што выява Маці Божай, змешчаная на адной з гарадскіх брам, з’яўляецца найлепшай аховай ад няшчасцяў. Няхай і ў нашым жыцці Маці Божая Вастрабрамская стане той брамай, якая будзе ахоўваць нашыя дамы, нашыя сем’і і ўсё чалавецтва ад варожых нападаў свету і ад усяго, што аддаляе нас ад Яе Сына. Пашукайма ў нашых дамах і кватэрах Яе выяву. Угледзімся ў Яе аблічча: злёгку схіленая галава, арэол дванаццаці зорак з мноствам прамянёў, прыплюшчаныя вочы, статная постаць, апраўленая паўмесяцам, і складзеныя на грудзях далікатныя далоні, якія прытуляюць Божага Сына і кожнага з нас.