Кс. Міхал Ластоўскі: Знайдзі час на Ружанец

На шляху да святасці

З кс. Міхалам Ластоўскім, мадэратарам супольнасці “Жывы Ружанец” у нашай дыяцэзіі, аб ружанцовай малітве і адгаворванні Ружанца дзецьмі і моладдзю размаўляў кс. Павел Салабуда.
– Ксёндз Міхал, у першую чаргу хацелася б выказаць свае віншаванні з нагоды прызначэння Вас дыяцэзіяльным мадэратарам супольнасці “Жывы Ружанец”. Раскажыце, калі ласка, якімі будуць Вашыя далейшыя заданні?
    – Па волі кс. б-па Аляксандра Кашкевіча я быў прызначаны мадэратарам супольнасці “Жывы Ружанец” і Ружанцовых колаў Гродзенскай дыяцэзіі. Мае далейшыя абавязкі будуць звязаны з усім, што датычыцца функцыянавання, фарміравання і дзейнасці супольнасці: арганізацыя сустрэч адказных і мадэратараў, клопат аб тэалагічнай і духоўнай фармацыі ўсіх членаў “Жывога Ружанца”.

    – У якім стане знаходзіцца супольнасць? Што варта зрабіць, каб яна развівалася?
    – Цяжка казаць аб стане супольнасці, таму што яна толькі ўзнікае, але практыка парафіяльных Ружанцовых колаў існуе ўжо на працягу стагоддзяў і апраўдвае сябе на 100 працэнтаў. У многіх парафіях Ружанцовыя колы імкліва развіваюцца. Да колаў “Жывога Ружанца” належаць не толькі старэйшыя жанчыны. У апошні час кoлы ствараюць нават мужчыны, моладзь і дзеці. Добрую традыцыю парафіяльных Ружанцовых колаў з ініцыя­тывай аб’яднання іх у дыяцэзіяльную супольнасць “Жывы Ружанец” трэба падтрымліваць і ахінаць тэалагічнай і духоўнай фармацыяй. З гэтай мэтай ксёндз біскуп склікае супольнасць “Жывы Ружанец”. З мэтай упарадкавання спраў, звязаных з функцыянаваннем і дзейнасцю супольнасці на тэрыторыі дыяцэзіі, у хуткім часе будзе апрацаваны і зацверджаны статут, якім будзе кіравацца “Жывы Ружанец”.
   
    – Ксёндз Міхал, чым асабіста для Вас з’яўляецца Ружанец?
    – Для мяне Ружанец – гэта Святое Пісанне Новага Запавету ў дзівосным скарачэнні і дзівоснай фор­ме. Ружанец – гэта духоўная зброя ў барацьбе са злом. Ружанцовая малітва з’яўляецца самым простым спосабам быць разам з Езусам і Марыяй у радасці, смутку і хвале. Калі мы кагосьці любім, мы вельмі ахвотна праводзім з ім час, а калі кагосьці не любім, нам не хочацца яго прысутнасці. Калі хтосьці важны для нас, мы хочам быць разам з ім, але мы не будзем шукаць кампаніі таго, хто для нас не вельмі важны. Таму калі мы прагнем быць з Езусам і Марыяй, Ружанец з’яўляецца самым простым спосабам для гэтага. Лепш за ўсё гэтую думку выразіў паэт кс. Ян Твардоўскі: “Калі мы паўтараем «Вітай, Марыя», мы нібыта трымаем за руку Маці Божую, а калі прамаўляем імя Езус, мы нібы стукаемся ў дзверы Яго дома”.
   
    – Часцей за ўсё Ружанцам моляцца старэйшыя асобы. Што трэба рабіць, каб заахвоціць да гэтай малітвы дзяцей і моладзь?
    – Я б не стаў сцвярджаць, што Ружанец адгаворваюць толькі старэйшыя. Як душпастар і кусташ санктуарыя Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай у Капцёўцы, я назіраю тэндэнцыю, што ўсё больш і больш дзяцей і моладзі ахвотна моляцца на ружанцы. Асаблівым чынам гэта бачна ў пілігрымках, дзе дзеці і моладзь цудоўна моляцца, разважаючы таямніцы Ружанца. Трэба толькі падаць ім добры прыклад і заахвоціць.
   
    – У некаторых парафіях існуюць мужчынскія Ружанцовыя колы, але іх няшмат. Што варта ведаць мужчыне аб Ружанцы, каб узяць яго ў рукі?
    – Святы Ружанец – гэта магутная правераная зброя, сродак збаўлення, які Божы Провід прапанаваў нам супраць д’ябла і яго прыхільнікаў, што прагнуць загубіць людскія душы. Ружанец вырашае шматлікія праблемы, гарантуе вечнае збаўленне і набліжае Валадарства Беззаганнага Сэрца Марыі.
    Мужчынам трэба ведаць, што кожная жанчына вельмі любіць кветкі, часцей за ўсё ружы. Слова ружанец паходзіць ад слова ружа. Кожнае “Вітай, Марыя” ў Ружанцы – адна ружа для Маці Божай, а ўвесь Ружанец – букет з 200 руж. І гэта сапраўды цудоўны падарунак для Каралевы Нябёс.
   
    – У Беларусі праходзіць Ружанцовы кангрэс. Як Вы лічыце, якога плёну можна чакаць ад кангрэса?
    – Калі сястра Люцыя запыталася ў Найсвяцейшай Панны ў дзень Яе аб’яўлення ў Фаціме 13 кастрычніка 1917 г., чаго Яна хоча, Марыя адказала ёй: “Я хачу сказаць табе, каб тут пабудавалі капліцу ў мой гонар. Я – Маці Божая Ружанцовая. Адгаворвайце Ружанец штодзённа”. Маці Божая заахвочвала да ружанцовага набажэнства і падчас многіх іншых сваіх аб’яўленняў, але менавіта ў Фаціме Яна падкрэсліла значэнне гэтай малітоўнай практыкі як сродка, неабходнага для навяртання свету.
    У 2017 годзе мы будзем адзначаць сотую гадавіну аб’яўленняў у Фаціме. Працягваецца Ружанцовая навэна, у межах падрыхтоўкі да юбілею арганізуюцца Ружанцовыя кангрэсы, і наша краіна не выключэнне.
    Які плён можа прынесці гэты кангрэс? У першую чаргу, трэба чакаць духоўнага плёну, які мы можам атрымаць, адгаворваючы Ружанец з разважаннем таямніц:
    Ружанец незвычайным чынам узносіць нас да дасканалага пазнання Езуса Хрыста;
    ачышчае нашыя душы ад грахоў;
    дазваляе перамагаць нашых непрыяцеляў;
    аблягчае нам практыкаванне цнот;
    распальвае нашу любоў да Хрыста;
    робіць нас здольнымі аплочваць даўгі Богу і людзям;
    выпрошвае нам у Пана розныя ласкі.
   
    – Што трэба сказаць тым, хто не знаходзіць часу на Ружанец?
    – Шкада, бо жыццё хутка мінае, а праведзены на малітве час з’яўляецца скарбам, які дасягае Вечнасці, таму заахвочваю ўсіх да малітвы на ружанцы.
    Хрысціянін, знайдзі час на ружанцовую малітву!
   
    – Дзякуй за размову, Ксёндз Міхал.