Вера - наша супольная справа

На шляху да святасці

Ужо амаль на працягу некалькіх месяцаў увесь каталіцкі Касцёл разважае над скарбам нашай хрысціянскай веры, над яе вартасцю і неабходнасцю. Аналізуючы розныя аспекты дадзенай тэмы, нельга абмінуць яшчэ адзін, без якога, на маю думку, не было б магчымасці ўвогуле размаўляць аб веры. Гэтым аспектам з’яўляецца эклезіяльнасць ці, інакш кажучы, супольны характар нашай веры. Ужо сам тэрмін “рэлігійнасць” прамаўляе пра ўзаемаадносіны прынамсі адной невялікай супольнасці: чалавека і Бога!
    Аднак мне здаецца, што мы, сучасныя людзі, пачалі падыходзіць да веры, як да прыватнай справы. Усе больш і больш гучаць настойлівыя галасы аб тым, што кожны мае права сам выбіраць, у каго і як верыць. Паступова такія, здавалася б, непарушныя аўтарытэты, як Настаўніцкі Інстытут Касцёла, Рымскі Пантыфік, дыяцэзіяльны біскуп, для многіх перасталі быць голасам, які тлумачыць і вядзе, настаўляе і прамаўляе...
Нам, прад­стаўнікам Гродзенскага Касцёла і жыхарам былой “савецкай прасторы”, добра вядома каштоўнасць эклезіяльнасці, бо менавіта дзякуючы ёй наш Касцёл здолеў вытрываць, захаваць веру, а таксама перадаць яе нашчадкам. Вельмі яскрава ілюструе гэта адзін цікавы факт з нашай беларускай касцёльнай гісторыі.
    Напрыканцы 80-х га­доў мінулага стагоддзя на тэры­торыі ўсей Беларусі было толькі 86 легальна існуючых парафій. Дзякуючы таму, што ў Савецкім Саюзе наступіў перыяд гэтак званай “перастройкі”, які характарызаваўся пэўнай свабодай і паслабленнем, паўстала магчымасць аднавіць душпастарскія пляцоўкі. Вялікая заслуга ў гэтым, безумоўна, святароў і іерархіі Касцёла. Аднак архіўныя матэрыялы і іншыя гістарычныя крыніцы кажуць аб вельмі незвычайнай з’яве. Ініцыятарамі аднаўлення парафій і касцёлаў выступалі пераважна не святары (якіх на той момант было не так шмат), а самі вернікі. Вельмі часта на іх быў ускладзены абавязак збіраць дакументы і ездзіць у розныя адміністрацыі. Акрамя таго, неаднойчы вернікі выходзілі з ініцыятывай будовы новых святынь у тых месцах, дзе іх не было або яны былі разбураны. Больш таго, як не дзіўна, але даволі часта вернікі самі шукалі святара для сваёй толькі што адноўленай парафіі! Гэты працэс аднаўлення быў настолькі актыўны, што толькі на тэрыторый нашай Гродзенскай дыяцэзіі на момант яе паўстання існавала ўжо больш за 100 парафій!
    Гэтая кароценькая гіста­рычная рэмарка гаворыць аб многім! У першую чаргу, яна з’яўляецца сведчаннем аб свядомасці тагачасных вернікаў. Нягледзячы на пераслед і гнёт камуністычнай сістэмы, яны захавалі свядомасць адказнасці за свой Касцёл і за яго будучыню. Для іх быў натуральным абавязак клапаціцца, аднаўляць, адбудоўваць сваю святыню ці каплічку!
    Сёння мы, пакаленне, якое, па сутнасці, карыстаецца плёнам працы нашых папярэднікаў, павінны быць свядомыя, што існаванне нашых святынь, шматлікіх малітоўных акцый і душ­пастарскіх ініцыятыў магчыма толькі таму, што некалі хтосьці паклапаціўся аб гэтым, заклаў для гэтага фундамент. Вера ніколі не была і не будзе прыватнай справай, яна заўсёды з’яўляецца справай усей супольнасці і ўсяго Касцёла. Таму нам, сучаснікам, часамі варта задаваць сабе пытанне, што мы зрабілі для таго, каб захаваць скарб нашай веры, каб перадаць яго нашчадкам? Ці дзякуючы нам, сучасным вернікам, наша супольнасць і наш Касцёл мае добрую будучыню?