Вера старэйшага чалавека

На шляху да святасці

Кожны чалавек па-рознаму перажывае сваю веру на розных этапах свайго жыцця. Усё жыццё чалавека складаецца з пэўных этапаў, і вера на гэтых жыццёвых этапах мае свае асаблівасці.
Напэўна, усе мы сустракаліся з такімі сцверджаннямі, як, напрыклад: “Я яшчэ занадта маладая, каб верыць” або “Я занадта заняты працай, каб хадзіць у касцёл”.
    Калі паглядзець, хто ўдзельнічае ў св. Імшы ў звычайны дзень, можна заўважыць, што большасць – гэта старэйшыя людзі. Як гэта растлумачыць? Ці сапраўды людзі ў старэйшым узросце пачынаюць больш цікавіцца верай? Што ім дае вера, і як яны яе перажываюць?
    Магчыма, вера ўзмац-няецца сярод старэйшых, бо ім не абыякавая эсхаталагічная праблема: што чакае людзей пасля смерці. Старэйшы чалавек перажывае сваю веру, сваю рэлігію з перспектывы блізкай сустрэчы з Богам. Не на чужым вопыце, але на самім сабе старэйшы чалавек адчувае мінучасць жыцця. Ён пачынае больш засяроджвацца над сваім жыццём, над яго сэнсам і мэтай, над значэннем перажытых гадоў. Усё, што здарылася ў жыцці, ён кладзе на вагі і спрабуе адказаць на пытанні: “Што было добрага ў жыцці, а што дрэннага?”, “Які плён майго жыцця?”, “Ці варта ўсё гэта перанесеных цяжкасцей?”
Падчас гэтых разважанняў, як аб шчаслівых і радасных, так і аб сумных і трагічных хвілінах, чалавек спрабуе нанова знайсці сэнс усяго гэтага. І вернік знаходзіць адказ на ўсе гэтыя пытанні аб сэнсе і мэце жыцця, аб цяжкасцях і паражэннях, і, нарэшце, аб паміранні і смерці. Старэйшы чалавек шукае трывалую апору ў сваім жыцці, якая была б надзейнай, таму што тыя каштоўнасці, якія лічацца ў жыцці, вельмі крохкія і няпэўныя. А такой апорай і падтрымкай з’яўляецца Бог. Чалавек чэрпае сілы з веры і надзеі, ускладзенай на Бога.
    Р. Цібар, які займаўся даследаваннямі іерархіі каштоўнасцей у старэйшых людзей, сцвердзіў, што найбольш прыемныя і мілыя ўспаміны з жыцця звязаны з сям’ёй і рэлігійнай практыкай. А гэта значыць, што вера з’яўляецца для гэтых людзей істотнай крыніцай задавальнення.
    Але ў гэты перыяд існуе небяспека, што ўсё рэлігійнае жыццё можа абапірацца выключна на традыцыю. Часам можна пачуць: “Я веруючая асоба. Я нарадзілася ў каталіцкай веры і ў гэтай жа веры хачу памерці, бо так мяне выхавалі бацькі і такая традыцыя, а я не хачу яе парушаць”, “Я веруючы чалавек! У маёй кватэры вісіць крыж, і я кожную нядзелю ўдзельнічаю ў святой Імшы”. Класіка! Нічога не адняць, нічога не дадаць! І такім чынам можна верыць да канца жыцця, так на самой справе ніколі і не адчуўшы таго, што нясе з сабой сапраўдная вера. Можна верыць у Бога і адначасова не ведаць Яго, кормячыся такой традыцыйнасцю, якая вядзе да марнавання веры. Гэта сведчыць аб незвычайнай павярхоўнасці і абсалютным неразуменні таго, што адбываецца падчас св. Імшы. А тое, кім з’яўляецца Бог – гэта істотны элемент веры. Практыка веры несапраўдная, калі яна абапіраецца толькі на традыцыю. Такая практыка можа не вытрымаць выпрабаванняў часу і стаць недастатковым аргументам для перадачы жывой веры наступным пакаленням. Вера наступных пакаленняў залежыць ад таго, наколькі моцная вера старэйшых людзей, як яны яе практыкуюць, які прыклад даюць паслядоўнікам. Прыказка гаворыць: “Слова вучыць, прыклад прыцягвае”. Калі няма такога прыкладу, цяжка знайсці адказ на пытанне, дзе павага да старэйшых.
    Вера – гэта багацце, якое нідзе і ні ў каго не купіш. Багацце, якое можна атрымаць праз асабісты вопыт, асабістае жыццё. Давайце цаніць гэты скарб, бо аднойчы згубіўшы, мы ўжо можам не знайсці яго зноў.