Некалькі слоў аб сакраманце шлюбу

На шляху да святасці

Назіраю, як за вокнамі ападаюць апошнія лісты і разумею, што да свайго лагічнага завяршэння падыходзіць сезон шлюбаў...
Цікава, што з зімы па восень 2012 года толькі ў гро­дзен­скім Фарным касцёле каля 180-ці маладых пар вырашылі распачаць сваю дарогу ў сумеснае жыццё з Божай дапамогай. Такія лічбы былі прыкладна і год таму. Гэта не можа не цешыць, але як на самой справе маладыя людзі ставяцца да сакраманту шлюбу, што для іх значыць гэтая падзея ў новым, сумесным жыцці? Каб знайсці адказ на дадзенае пытанне, я звярнулася за дапамогай да некалькіх знаёмых пар, якія ў хуткім часе збіраюцца ўзяць шлюб. Хочацца падкрэсліць, што маладыя людзі аднесліся да маіх пытанняў вельмі сур’ёзна і з развагай і ўдумлівасцю далі цікавыя адказы.

    Баглай Канстанцін: “Для мяне сакрамант шлю­бу – гэта абяцанне вернасці маёй будучай жонцы перад Богам”.
   
    Навіцкая Таццяна: “Уступаючы ў су­мес­нае жыццё, вельмі хочацца атрымаць Божую ласку і бласлаўленне для новай сям’і. Толькі праз шлюб мы можам усё гэта атрымаць”.
   
    Лукашэвіч Андрэй: “Я лічу, што замацаваць свой шлюб трэба не толькі ў ЗАГСе, але і на нябёсах, бо без гэтай нябеснай пячаткі сумеснае жыццё не мае сэнсу”.
   
    Махоцкая Вера: “Хачу адзначыць, што да сакраманту шлю­бу трэба пады­ходзіць вельмі сумленна, таму што мы даём абяцанне перад Богам, якое нельга парушаць, таму чалавек павінен быць падрыхтаваны да шлюбу не толькі фізічна, але і псіхалагічна”.
    Маладыя людзі падкрэс­лі­ваюць, што не ўсе адразу прыйшлі да неабходнасці вянчання, але калі пачалі адчуваць, што каханы ці каханая – гэта самы наймільшы і блізкі чалавек у свеце, та­ды пытанне пра шлюб паў­стала само сабой. Дарэчы, каб разабрацца ў самім сабе і падрыхтавацца да шлюбу, пры касцёле св. Францішка Ксаверыя праходзяць гэтак званыя падрыхтоўчыя курсы для будучых сужэнцаў. Яны складаюцца з 8-мі заняткаў, якія адбываюцца два разы на тыдзень пасля вячэрняй св. Імшы. Пасля навучання маладыя здаюць перад ксяндзом вусны экзамен, які падагульняе заняткі. Адзначу, што тэматыка перадшлюбных курсаў дзеліцца на два блокі. Першы блок вядуць ксяндзы, таму заняткі носяць тэалагічна-рэлігійны характар, а другі блок праводзіць каталіцкі ўрач, які распавядае маладым аб правільным, хрысціянскім планаванні сям’і. Падчас лекцый падымаюцца вельмі цікавыя хвалюючыя пытанні, якія нараджаюць сапраўдныя дыскусіі. Такія сустрэчы дапамагаюць па-іншаму паглядзець на звычайныя праблемы, глыбей заглянуць у сябе. Самі маладыя адзначаюць перамены, якія з імі адбываюцца:
   
    “Пасля наведвання заняткаў, мая вера толькі ўзмацнілася. Я зразумеў, што ў першую чаргу вянчанне патрэбна не маім бацькам і родным, а менавіта мне. Я ўпэўніўся, што мой шлюб без вянчання не можа быць паўнацэнным!” – Марэцкі Андрэй, наведвальнік перадшлюбных курсаў. Цікава, што добры ўплыў гэтых заняткаў адзначаюць і самі ксяндзы, якія займаюцца з маладымі парамі.
   
    Ксёндз Валерый: “На пачатку нашых сустрэч я бачу шмат людзей, якія не маюць рэлігійных ведаў. І мне вельмі прыемна, што падчас экзамену перада мной стаяць ужо зусім іншыя маладыя людзі. Яны ўпэўнены ў сваім выбары, яны ведаюць, што робяць, і свядома падыходзяць да сакраманту шлюбу”.
    І тут трэба падкрэсліць слова “свядома”, бо “да алтара ідуць двое, а вяртаюцца трое. Гэта адзіны трохкутнік, які можа быць і які мае права існаваць” (паводле слоў кс. б-па Станіслава Стэфановіча).
    Падводзячы рысу пад тэмай шлюбу, хочацца адзначыць, што гэта адна з самых галоўных падзей у жыцці чалавека, таму і сустрэць яе трэба падрыхтаваным.