З Ружанцам у Год веры...

На шляху да святасці

Сучаснаму чалавеку часта дастаткова складана на даўжэйшы час засяродзіць увагу на адным прадмеце. І ўвогуле, яму вельмі цяжка сканцэнтравацца, суцішыцца і затрымацца хаця б на хвілінку ў віры падзей, якія яго акружаюць. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ўсё часцей многія католікі на тэму ружанцовай малітвы гавораць, што яна вельмі цяжкая і яны не могуць прысвяціць ёй столькі часу, колькі патрэбна. Усё часцей Ружанец успрымаецца як акасцянелая, састарэлая і незразумелая малітва, а не як жывая размова з Богам. Многія католікі аддаюць перавагу хутчэй навушнікам у вушах, чым ружанцу ў руцэ. Некаторыя лічаць гэтую малітву зарэзерваванай толькі для асоб старэйшых і простых, якія не маюць, чым займацца. Але ці так гэта на самой справе?
Калісьці я пачуў гісто­рыю з жыцця Луі Пастэра, французскага хіміка і мікрабіёлага, які жыў у XIX ст. Аднойчы адзін з самых вядомых тагачасных вучоных, падарожнічаючы на цягніку, маліўся Ружанцам. Малады чалавек, які ехаў з ім у тым самым купэ, пачаў размову, у якой прагнуў пераканаць вучонага, што Ружанец – гэта забабоны і толькі няграматныя і недавучаныя людзі вераць у такія глупствы. Малады чалавек прапанаваў звязацца з ім пазней, каб атрымаць кнігі і навуковыя матэрыялы, што датычаць праўды аб свеце. Тады вучоны дастаў візітку, на якой былі змешчаны яго даныя: Луі Пастэр, прафесар хіміі, Страсбургскі ўніверсітэт. Здзіўленне гэтага маладога чалавека было бязмежным.
    Гэтая падзея – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Ружанец не з’яўляецца малітвай для адсталых і бязграматных людзей. І хоць адбывалася гэта ў XIX ст., такі прыклад можа быць актуальным і сёння.
    Варта сабе прыгадаць ці даведацца, што такое Ружанец і адкуль ён паходзіць. Пачаткі гэтай малітвы сягаюць XI ст. Яе з’яўленне было звязана з неабходнасцю ўключэння вернікаў, якія не ўмелі чытаць, у малітву псалтыра, што заключалася ў адгаворванні 150-ці псалмоў. Замест псалмоў той, хто не ўмеў чытаць, 150 разоў адгаворваў “Ойча наш”, а пазней таксама “Вітай, Марыя”. З часам ружанцовая малітва змянялася, дадаваліся розныя прыдаткі, якія адносіліся да евангелічных падзей. А афіцыйна як малітва Ружанец устанавіўся ў канцы XVI ст. і не змяняўся аж да пачатку ХХ ст., калі ў 1917 г. да яго была дададзена Фацімская малітва. Таксама бл. Ян Павел II у 2002 г. дадаў да трох афіцыйна ўжываемых частак ружанцовай малітвы чацвёртую частку з Таямніцамі святла, якія былі вельмі добра прыняты ва ўсім Касцёле. Ружанец часам называюць псалтыром Найсвяцейшай Панны Марыі, паколькі гэтая малітва адмаўляецца асаблівым чынам у гонар Маці Божай.
    Папа Бенедыкт XVI у апостальскім лісце “Porta Fidei”, выдадзеным 11 кастрычніка 2011 г., абвясціў, што перыяд з 11 кастрычніка 2012 г. да 24 лістапада 2013 г., урачыстасці Хрыста, Валадара Сусвету, будзе Годам веры ў каталіцкім Касцёле. Галоўнай мэтай гэтага Года павінна быць, як піша сам Папа, жаданне, каб “...сведчанне жыцця веруючых людзей было ўсё больш дакладнае. Асабліва ў гэтым Годзе кожны вернік павінен нанова адкрыць сэнс вызнаваемай, цэлебруемай, перажываемай, вымаленай веры і засяродзіцца над самім актам веры”. Таксама Год веры павінен стаць запрашэннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Хрыста.
    Што супольнага паміж Ружанцам і Годам веры?
    Сёння многія хрысціяне перажываюць крызіс сваёй веры, многія згубілі сэнс веры, многія адыходзяць ад Касцёла, часта не даючы канкрэтных аргументаў прыняцця такога рашэння. Розныя жыццёвыя падзеі, няўдачы і балючы вопыт для вялікай колькасці людзей становяцца прычынай, каб задаваць пытанні аб сэнсе веры. Ці варта верыць? І менавіта ружанцовая малітва, што паказвае нам Маці Божую, якая дае прыклад веры, павінна дапамагчы нам паглыбляць нашу веру і сведчыць аб ёй. Бо быць ахрышчаным – яшчэ не значыць быць веруючым. Найлепш аб нашай веры могуць сказаць нашыя ўчынкі і наша жыццё, так, як гэта было ў выпадку Марыі. І, хіба, невыпадкова Папа, абвяшчаючы Год веры, закончыў свой апостальскі ліст такімі словамі: “Давайце гэты час ласкі даверым Маці Божай, названай «бласлаўлёнай», таму што «паверыла» (Лк 1, 45)”.
    Няхай ружанцовая малітва і Найсвяцейшая Панна Марыя дапамогуць нам паглыбляць нашу веру і даваць сведчанне аб ёй. А гэты Год веры няхай будзе часам адказаць на пытанне: “Ці на самай справе я веруючы чалавек?”