Усе мы можам фармаваць сябе

На шляху да святасці

А. Леон Кнабіт OSB, бенедыкцінец з Тынецкага абацтва
Дарагія чытачы! У чарговы раз на старонках нашай дыяцэзіяльнай газеты мы пачынаем час велікапосных рэкалекцый, якія павінны падрыхтаваць нас да свят Змёртвыхпаўстання Пана. У чарговых нумарах нашай газеты мы хочам прадставіць Вам спецыяльныя велікапосныя навучанні. Столькі ўжо пастоў за намі… Кожны быў іншы, кожны нёс з сабой новыя перажыванні. Спадзяёмся, што рэкалекцыі са “Словам” дазволяць Вам яшчэ лепш падрыхтавацца да Вялікадня. Давайце будзем памятаць пра ўнутранае сканцэнтраванне і прысвячэнне часу для Бога.
Святы Павел, за­дум­­ваючыся над намаганнямі спартсменаў, падкрэсліў, што яны стараюцца, каб заваяваць першую ўзнагароду – вянец, які ў рэшце рэшт будзе знішчаны, а нашыя намаганні накіраваны на тое, каб здабыць вянец незнішчальны – вечны. А якімі павінны быць нашыя намаганні ў гэтым Вялікім посце? Божая навука гаворыць нам пра ўчынкі міласэрнасці, з якіх першачарговымі з’яўляюцца тры: малітва, пост і міласціна. З гэтага пункта гледжання хрысціянін павінен правесці грунтоўную рэвізію жыцця, каб паглыбіць сваю рэлігійнасць. Не ўсе з нас маюць магчымасць актыўнага ўплыву на тое, што адбываецца вакол нас, але ўсе мы можам фармаваць сябе больш да Бога і ўплываць на думкі праз нашае слова і сведчанне жыцця.
Па меры магчымасцей і абставін, у якіх мы знаходзімся, нават хворы чалавек можа служыць духоўнай дапамогай для здаровых. Калі я быў яшчэ ў духоўнай семінарыі ў Седльцах, я сустрэўся з незвычайным святаром, якім быў духоўны айцец, кс. Часлаў Муляжук. Аднак, ён захварэў на рак. Калі мы наведвалі яго, ён казаў нам, клерыкам: “Цяпер я б ужо ведаў, як вам расказваць аб пакутах”. Але тады ён ужо мог гаварыць толькі сваёй годнай і мужнай паставай аж да смерці.
    Мы часта, а асабліва цяпер, падчас Вялікага посту, сустракаемся са словамі “Пасха” ці “Пасхальная таямніца”, што звязана з надыходзячымі велікоднымі святамі. Хіба нешматлікія католікі змаглі б дакладна растлумачыць, што канкрэтна тут маецца на ўвазе. А гаворыцца тут аб пераходзе: са смерці да жыцця, з граху да ласкі, з няволі да вольнасці, са змроку ў святло, з сумненняў да надзеі. Бо і Езус, наш Пан, перайшоў у таямніцы змёртвыхпаўстання са смерці да жыцця, што з’яўляецца для нас знакам таго, што паслядоўнікі Хрыста павінны ўдзельнічаць у Яго Пераходзе ў вялікай цярплівасці, што Яго любоў зможа даць нам сілы вытрываць тое, што для нас цяжкае, каб урэшце цешыцца вечнай радасцю, зачаткі якой можна заўважыць ужо на гэтым свеце.
    А само слова “пераход” (па-гебрайску “pesach”) набыло сваё значэнне яшчэ ў часы егіпецкай няволі выбранага народа, калі яўрэі атрымалі прыладу вызвалення. Прадвеснікам гэтага былі няшчасці, якія ўпалі на егіпцян за непаслушэнства іх уладара, фараона. Апошняе бедства было найбольш балючым. Тады, паводле Кнігі Зыходу, ноччу перайшоў анёл Божы, забіваючы першародных егіпцян, а шкадуючы ізраільцян. У гэтую ж ноч ізраільцяне выйшлі з Егіпта. На шляху да абяцанай зямлі адбыўся іх цудоўны пераход праз Чырвонае мора. І гэтыя падзеі, успамін якіх яўрэі пазней урачыста адзначалі ў дзень свята ПАСХІ, сталі ў Новым запавеце арыенцірам пераходу Езуса.
    Нашай усеагульнай хваробай з’яўляецца, хіба, склоннасць да наракання. Безумоўна, існуе шмат падстаў – цяжкія часы, але рэлігія менавіта для цяжкіх часоў. Такім чынам, Пасхальная таямніца вызначае ўвесь шлях хрысціяніна. Яна нясе ў сабе ўніверсальнае пасланне надзеі, да якой заклікаў і бл. Ян Павел II, і Бенедыкт XVI. І хоць складаная сітуацыя можа ў значнай ступені апраўдаць гэтае чалавечае нараканне, яно заўсёды будзе з’яўляцца негатыўным сведчаннем нашай рэлігіі і яе ролі ў грамадстве. Само слова “рэлігія” ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “нанова ўсталяваныя стасункі з Богам”. І калі, як мы ўжо згадвалі, рэлігія прызначана для цяжкіх часоў, то чаму вельмі часта здараецца, што складаныя абставіны прыводзяць да змяншэння рэлігійнасці? Ці яны яшчэ не настолькі складаныя, каб даказаць карысць, а нават неабходнасць рэлігіі?
    Такім чынам, трэба нанова вучыцца, як павольна і паслядоўна змяняць спосаб свайго мыслення. Абацтва бенедыкцінцаў у Тыньцы над Віслай, непадалёку ад каралеўскага Вавеля ў Кракаве, амаль на працягу тысячы гадоў збірае людзей, якія шукаюць сэнс у жыцці толькі для Бога. Вучачыся гэтаму паводле Статута св. Бенедыкта, яны дзеляцца сваім вопытам з сёстрамі і братамі, якія ў свеце ў сем’ях, а часта і ў адзіноце, сярод разнастайных мучэнняў працуюць над збаўленнем сваёй душы.

    Мы молімся і за Вас, Дарагія, хто будзе чытаць гэтыя словы. Ад усяго сэрца жадаем Вам, каб пакутуючы Езус быў з Вамі ў Вашых пакутах, а Змёртвыхпаўсталы даў радасную перамогу над смерцю, пеклам і д’яблам. Няхай Ён давядзе ўсіх нас да радаснага велікоднага АЛЕЛЮЯ, якое будзе гучаць з намі праз усю шчаслівую вечнасць.