Як пражыць сёлетнія святы Божага Нараджэння?

На шляху да святасці

Адвэнт ужо пастукаўся ў дзверы...… Які гэта час? Чаго я на самай справе буду чакаць на працягу гэтых 4 тыдняў? Як я перажыву наступнае Божае Нараджэнне? Ці гэтае свята на самай справе шмат для мяне значыць?
Усе гэтыя пытанні прыходзяць мне ў галаву і непакояць маё сэрца. Чаму? Гэта вельмі важная хвіліна, гэта яшчэ адна магчымасць, каб задумацца над сваім жыццём і пастарацца змяніць штосьці да лепшага. Мы можам рабіць гэта кожны дзень, але менавіта ў гэты перыяд засяроджання, посту і малітвы нам будзе значна лягчэй зрабіць гэты важны крок да Бога, каб стаць бліжэй да Яго. Я задаю сабе пытанне і з перакананнем на яго адказваю: “Так”. Я лічу, што Каляды з’яўляюцца самым чаканым і радасным святам для ўсіх нас, а асабліва для дзяцей. Чаму я ў гэтым упэўнена? Можа, таму, што яшчэ не так даўно, будучы дзіцём, я з нецярпеннем чакала гэтага свята, якое для дзіцяці асацыіруецца з устаноўкай ёлкі, чаканнем канікул, падарункамі ад Святога Мікалая... Так, я вельмі люблю падарункі! Калі чалавек сталее, яго погляды змяняюцца, і свята Божага Нараджэння ўспрымаецца ўжо не як свята падарункаў, а як свята, праведзенае ў коле сям’і, у любові і еднасці. Паглядзіце, каб змяніць сваё жыццё, у нас ёсць чатыры тыдні. Давайце паспрабуем перажыць гэты час з Богам – у цішыні і малітве.
Давайце пастараемся задумацца над тым, што ўжо запісана ў кнізе нашага жыцця... А можа, мы прыгадаем такія сітуацыі, калі камусьці была неабходна нашая дапамога, а нам не хапіла адвагі... А можа, менавіта гэты час прызначаны для таго, каб вярнуць тое, што магчыма, і зрабіць тое, чаго мы яшчэ не паспелі зрабіць?
    Падчас Адвэнту мы ўдзельнічаем у раратняй св. Імшы. У працэсіі з палаючымі свечкамі мы ідзём да алтара, асвятляючы сабе шлях і абвяшчаючы ўсяму свету, што час ужо блізка... А на самай справе, гэта Бог прамаўляе да нашых сэрцаў, і ад нас залежыць, ці здолеем мы Яго пачуць...
    Падчас Адвэнту, у час падрыхтоўкі, мы па-асабліваму павінны перажыць сакрамант споведзі, ачысціць сваё сэрца і дазволіць, каб у ім на самай справе нарадзілася Дзіцятка Езус і пасялілася ў нашай душы. Давайце далучым сюды сваю пастанову, добры ўчынак, адрачэнне, каб Дзіцятка не адчувала сябе адзінокім, каб Яму было цёпла і прыемна. Давайце зробім Яму гэты падарунак!
    Я хачу пажадаць усім, у тым ліку і сабе, каб нашыя душы былі добра падрыхтаваны да прыходу Месіі і каб сёлетнія святы Божага Нараджэння не былі проста чарговымі святамі, а сталі ВЫКЛЮЧНЫМІ, чыстымі, як першы снег, каб яны поўніліся радасцю і любоўю, як ззяючы твар дзіцяці, калі яно радуецца атрыманаму падарунку, а таксама былі цёплыя, як настрой за вігілійным сталом у прысутнасці ўсёй сям’і.