Святое Пісанне было адрасавана людзям як ліст Бога чалавеку, якога Ён вельмі любіць. І гэта менавіта чалавек становіцца прычынай узнікнення гэтага тэкста, напісанага пад натхненнем Святога Духа. Давайце нанова паспрабуем прачытаць тое, што Бог хоча нам сказаць праз сваё Слова, якое трывае вечна.
Кожны з нас жадае пачуцця стабільнасці, шукае праўды, набліжаючыся такім чынам да таго, каб задаць і адказаць на пытанне: навошта я жыву? Гэтае жаданне пошуку сэнсу жыцця настолькі моцнае, што каб яго задаволіць, мы гатовы прымаць розныя мадэлі і сістэмы, якія часта выходзяць па-за межы навуковых даследаванняў. Наш духоўны бок не дае нам супакою, можа нават нарадзіцца пачуццё разгубленасці... Але ці можа быць шчаслівым разгублены чалавек? Як сёння шмат менавіта сумных і разгубленых людзей, якіх ужо не цешыць толькі матэрыяльны бок (ён не можа да канца задаволіць нашага духоўнага жадання!). І хрысціянін шукае гэтых адказаў, прагне пачуць словы, якія будуць пробліскам надзеі... Як і дзе знайсці гэтыя словы?
Хрысціянін адкажа: “У Святым Пісанні”. Гэта праўда, але наколькі гэты адказ свядомы, а не проста завучаны ў дзяцінстве? Наколькі мы верым, што словы Святога Пісання заўсёды актуальныя? Адзіны спосаб даведацца – узяць у рукі Святое Пісанне і пачытаць яго. Спробы пераканання і аповеда пра Святое Пісанне чалавеку, які яго не чытае, мізэрныя. Хочам знайсці Пана Бога – адкрыем Святое Пісанне; непакояць жыццёвыя пытанні – звернемся да Святога Пісання; слабне наша вера – узмацнім яе праз чытанне Святога Пісання. Гэта не падручнік матэматыкі, гісторыі ці якой-небудзь іншай навукі. Святое Пісанне – гэта кніга жыцця! Сумняваешся? Звярніся да Святога Пісання. Чытай не як гістарычнае апавяданне, а задавай пры чытанні пытанне: “Што Бог хоча мне сказаць?”
Св. Геранім, які шмат гадоў прысвяціў вывучэнню і перакладу Святога Пісання, адзначыў: “Паслухмяны наказам Хрыста: «Вывучайце Пісанне» і «Шукайце і знойдзеце», я выконваю свой абавязак... Калі ж, як гаворыць апостал Павел, Хрыстос з’яўляецца моцай Божай і мудрасцю Божай, то той, хто не ведае Пісання, не ведае ні моцы Бога, ні яго любові: няведанне Святога Пісання – гэта няведанне Хрыста”.
Божае слова жывое, гэта значыць, яно ніколі не губляе сваёй актуальнасці. Гэтае слова мела, мае і будзе мець такую самую моц, таму што з’яўляецца словам самога Бога. “Тым, што Касцёл абвяшчае свету, з’яўляецца Слова надзеі (пар. 1 П 3, 15); чалавеку неабходна «вялікая надзея», каб жыць у сваёй сучаснасці, вялікая надзея, якой з’яўляецца «той Бог, які мае чалавечае аблічча і палюбіў нас да канца...» Мы не можам утрымліваць для сябе словы вечнага жыцця, якія Езус Хрыстус дае нам, калі мы Яго сустракаем: яны для ўсіх, для кожнага. Кожнаму чалавеку ў наш час, ведае ён аб гэтым ці не, неабходна гэтае пасланне” (Verbum Domini, 91). Чытаючы Святое Пісанне, мы сустракаем самога Пана Бога. Давайце ж пачнём прыслухоўвацца да Яго слова.
“Я хачу яшчэ раз заклікаць увесь Божы люд, душпастыраў, членаў інстытутаў кансэкраванага жыцця і свецкіх, каб стараліся ўсё лепш пазнаваць Святое Пісанне. Мы ніколі не павінны забывацца, што асновай усякай сапраўднай і жывой хрысціянскай духоўнасці з’яўляецца Божае слова, якое абвяшчаецца, прымаецца, цэлебруецца і разважаецца ў Касцёле. Гэтае ўзмацненне сувязі з Божым словам будзе мець тым большы размах, чым больш мы будзем свядомыя, што ў Святым Пісанні, як і ў жывой Традыцыі Касцёла, мы маем справу з канчатковым словам Бога аб сусвеце і гісторыі” (Verbum Domini, 121). Няхай словы Святога Айца стануць для нас заклікам, каб звярнуцца да Святога Пісання.
Хочаш адчуць вялікую моц Божага слова? Адкрый Святое Пісанне і пачні чытаць…