Як падрыхтавацца да малітвы належным чынам

На шляху да святасці

Людзі, якія ўспрымаюць малітву як важны ўзнёслы акт, павінны імкнуцца падрыхтавацца да яе найлепшым чынам, як і да любога важнага задання або працы. Існуе нават меркаванне, што малітва будзе плённай настолькі, наколькі добрай была падрыхтоўка да яе.
Усвядоміць пры­­сут­­насць жывога Бога. Гэта неабходна для таго, каб словы падзякі, праслаўлення ці просьбы, што будуць плысці з вуснаў верніка, не сталі штучнымі, механічнымі, пазбаўленымі веры і сэнсу. Св. Ігнацы Лаёла некалі пісаў, што важна “ўвайсці” ў Бога, адчуць, што Ён тут, са мной, і толькі пасля гэтага пачаць маліцца Богу, а не сцяне, кавалку дрэва ці кніжцы ў руках”.

    Пераступіць “па­рог малітвы”, які аддзяляе два станы чалавека. З аднаго боку парога стаю Я, пагружаны ў сябе, эгаістычны, сканцэнтраваны на сваіх справах, праблемах. З другога – Я зусім у іншым вымярэнні: звернуты да Бога, адкрыты на Яго Волю, гатовы слухаць, размаўляць, адказваць.

   Выбраць адпа­ведныя час і месца. Часта здараецца так, што, пачынаючы малітву, мы насамрэч заклапочаны зусім іншымі справамі, інтэнсіўна абдумваем другарадныя рэчы ці знаходзімся ў неадпаведным месцы, што не дазваляе сканцэнтравацца. Нельга апускаць гэтыя знешнія фактары, паколькі яны з’яўляюцца перашкодай для глыбокай, адкрытай і шчырай размовы з Богам. Трэба пачынаць маліцца тады, калі можна адарвацца ад мітусні, паспешлівасці, актывізаваць сваю волю і сказаць самому сабе: “Зараз не існуе нічога і нікога, апрача мяне і Створцы, апрача нашай з Ім сустрэчы”.
   Зразумела, што Бог пра­маў­ляе, калі захоча і дзе захоча, нават калі мы да гэтага не падрыхтаваны, але мы гаворым пра высілак чалавека, а ў адносінах з Богам ён неабходны.

   Засяродзіцца ў маўчанні і цішыні. Большасць вернікаў распачынае малітву “слоўна”, забываючы тым самым, што апрача маўлення, трэба таксама ўмець уважліва слухаць. Гэта важная прапорцыя нашых дзеянняў. Каб добра чуць, што гаворыць нам Пан і быць у стане годна Яму адказаць, трэба пачынаць малітву з маўчання. Гаворачы словамі вышэй згаданага св. Ігнацыя Лаёлы, “засяродзіўшыся ў спакоі, цішыні і маўчанні, мы вырываемся з сябе і пераходзім у Бога”. Маці Тэрэза з Калькуты таксама трапна заўважыла: «Бог - сябар маўчання. Нам патрэбна цішыня, каб мы маглі пагрузіцца ў душу «.

   Гэта, бадай, найбольш уні­версальныя парады - простыя, але вельмі важныя, якімі карыстаюцца многія вернікі. Гэтыя парады не забараняюць шукаць свае ўласныя шляхі да сапраўднай добрай малітвы, але нагадваюць, што пачынаць малітву трэба з дакладнага ўсведамлення, з Кім і дзеля чаго ты хочаш сустрэцца.