Патрэбны наш давер Богу

На шляху да святасці

Дарагая моладзь! Хлопча і дзяўчына!
Я цешуся, што вы запланавалі правесці жнівень на XXVI Сусветных днях моладзі ў Іспаніі. Колькасць планаваных удзельнікаў з Гродзенскай дыяцэзіі складае ўжо звыш 250 чалавек, а з усёй Беларусі – каля 500.
Напэўна, кожны паставіў сабе пытанні: “Ці варта?”, “Ці аплаціцца?” (Гэта ж будзе каштаваць мне і маім бацькам), “Што з гэтага застанецца?” Гэта нармальна, што ў вас паўстаюць такія і аналагічныя пытанні. Сёння наша мысленне арыентавана на падлікі і прадбачанне. Аднак я скажу вам, што ў дарозе на Сусветныя дні моладзі патрэбны наш давер Богу, што ўсё будзе добра, я атрымаю намнога больш уражанняў, чым спадзяваўся.
Добра, калі ў рамках падрыхтоўкі да Сусветных дзён моладзі вы са сваімі душпастырамі моліцеся за шчаслівае падарожжа і добры плён Сусветных дзён моладзі ў Іспаніі. Варта задумацца над сэнсам падрыхтоўчай малітвы, каб зразумець, што ўсё знаходзіцца ў кампетэнцыі Бога.
Падчас арганізацыі сустрэчы на сусветным узроўні нас можа чакаць шмат сюрпрызаў і перашкод. Яны з’яўляюцца доказам таго, што добрая і трывалая ініцыятыва варта нашых намаганняў і самаадданасці. Ад аднаго біскупа, адказнага за падрыхтоўку моладзі да Сусветных дзён моладзі ў Іспаніі, я пачуў словы перасцярогі, што сёння душпастыры і моладзь вельмі шмат увагі надаюць умовам, а не веры і даверу да Бога. Падчас супольнай падрыхтоўкі, дарагая моладзь, паразважайце разам, як трэба выразіць наш давер Хрысту падчас падрыхтоўкі і правядзення Сусветных дзён моладзі. Няхай кожнага суправаджае вера ў тое, што Божы клопат – вышэй за ўмовы!!!