Некалькі думкаў пра Вялікі пост у старажытнасці і сёння

На шляху да святасці

Мы знаходзімся на палове шляху да канца Вялікага посту. Здаецца, што гэтая пара – 40 дзён перад святамі Змёртвыхпаўстання Пана, можа прапанаваць нам шмат клопатаў і зрабіць мноства перашкодаў для захавання пакутнага характару. Невыпадкова ў гэты час знаходзіцца ўсё больш прычынаў, каб вызваліць сябе ад велікапосных пастановаў, з’яўляюцца шматлкія перашкоды, якіх не было ў звыклы перыяд, а ў час Вялікага посту яны нагрувашчваюцца асаблівым чынам.
    Для таго, каб зразумець, наколькі гэтая пара не была лёгкай для хрысціянаў папярэдніх стагоддзяў, звернемся да гісторыі Вялікага посту старажытных вякоў, калі хрысціянства вучылася яшчэ рабіць свае першыя крокі і было зусім блізка да часу жыцця Хрыста.
Паводле старажытнага звычаю перыяд посту мог прадаўжацца 50, 60 , а нават і 70 дзён. Адсюль і нядзеля Вялікага посту носіць назву сямідзесятніца, шасцідзесятніца, пяцідзесятніца, у залежнасці ад колькасці дзён перад святкаваннем Вялікадня. Адкуль узяўся такі падлік гэтага часу ў старажытнасці і чаму ён перакрочваў стандартныя 40 дзён – дні побыту Езуса ў пустыні? Паколькі на працягу 40 дзён посту наступалі святочныя перапынкі, які перарывалі вельмі суровы Вялікі пост, то хрысціяне стараліся дапоўніць 40 дзён посту, расцягваючы яго на даўжэйшыя перыяды да 50, 60, 70 дзён.
    Звядзенне да 46 дзён посту наступіла толькі ў 511 г. і 546 г., калі рымскія сіноды прызналі, што пост будзе абавязковы ва ўсе дні, апрача 6 нядзеляў. Падлік дзён посту старажытнымі хрысціянамі і прыпыненне імі гэтага літургічнага перыяду сведчыла аб суровасці, а таксама аб тым, што трэба было набрацца новых сілаў, якія былі неабходны, каб у наступныя дні выканаць усе патрабаванні сціслага посту. Варта падкрэсліць, што на працягу ўсіх 40 дзён посту на верніках ляжаў наказ: з’есці адзін раз посную ежу і - адну невялікую вячэру.
    Як бачым у гэты час адказ ад ежы, абмяжоўваючы яе да мінімуму, садзейнічаў духоўнаму сталенню. У гэтую пару перш за ўсё хрысціяне стараліся мець духоўную “страву” і выбіралі сваёй мэтай: адвярнуцца ад тленнага. Назва адной невялікай вячэры, на якую дазваляў у старажытнасці Касцёл, дайшла да нас як рэшткі таго імкнення. Гэтая ежа мела назвы (на польскай і заходнееўрапейскіх мовах), якія былі вельмі падобны адна да адной: вячэра, colazione (па-італьянску). Звычай ужываць такую назву нарадзіўся спачатку ў каталіцкіх кляштарах. Пасля закончанай працы елі гародніну ці кавалак хлеба са шклянкай вады. Людзі, харчуючыся такой сціплай ежай, слухалі збор самых прыгожых думкаў айцоў Касцёла, што па-лацінску гучала як Collationes Patrum. Таму, калі ішла размова пра тое, што чалавек ідзе вячэраць, то гэта разумелі, як ідзе слухаць духоўныя чытанні. Сёння яду вечарам называем вячэрай. На жаль, на працягу стагоддзяў ежа вечарам апынулася на першым месцы, а слуханне збору думкаў айцоў Касцёла пайшло ў нябыт.
    Літургія IV нядзелі Вялікага посту, калі толькі ў гэтую нядзелю святары атрымалі права апранаць літургічнае адзенне ружовага колеру, павінна была садзейнічаць ажыўленню стараннасці і радасці чакання велікодных святаў. А звычай выкарыстоўваць у гэтую нядзелю ружовы колер нарадзіўся ў Рыме. Першыя згадкі пра гэты колер былі звязаны з папам Львом Вялікім (440 –461г.г.). У гэтую нядзелю ў сваім палацы на Лятэране Папа асвячаў залатую ружу і ўрачыста адносіў яе ў базыліку імя св. Яна, дзе размяшчаў яе на відным для ўсіх месцы. Пасля заканчэння св. Імшы яна вярталася ў папскі палац. Папа мог ушанаваць аднаго са сваіх падданых, які вылучыўся асаблівым клопатам аб справах каталіцкага Касцёла. Старажытны аўтар так занатаваў у адным са сваіх тэкстаў звесткі пра папскую ружу з IV нядзелі Вялікага посту: “Гэтая ружа з’яўляецца азнакай радасці двух Ерузалімаў, г.зн. Касцёла, які трыумфуе ў славе, і Касцёла, які ваюе на зямлі. Цераз яе аб’яўляецца Хрыстус у вачах усіх вернікаў, які з’ўляецца самай прыгожай кветкай, каронай і радасцю ўсіх хрысціянаў”. Ружовы колер літургічнага адзення святара ў IV нядзелю Вялікага посту нясе радаснае пасланне і гэта нядзеля Laetare – нядзеля радасці. Як старажытныя хрысціяне патрабавалі ўзнёслай хвіліны падчас доўгага перыяду Вялікага посту, так і мы, хрысціяне XXI ст., жадаем у гэтую пару ізноў адкрыць крыніцу нашай радасці і мэту посту, чым з’яўляецца сам Хрыстус.
    Вернікі знаходзяцца на палове шляху нашай духоўнай падрыхтоўкі да велікодных святаў. Можа варта было б задумацца над некаторымі з названых прынцыпаў посту старажытных хрысціянаў, каб спалучыць у сабе пакуту і радасць чакання Змёртвыхпаўстання Пана.