Ці добра ты думаеш пра сябе?

Роздум - На шляху да святасці

Прачніся! Чаму табе хочацца быць такім, як усе? Мець тое, што ёсць ва ўсіх? Чаму гэта важней, чым быць сабой – тым, якім ты быў створаны?
На вуліцах так шмат людзей з паніклым позіркам. З боку – шэрая маса без прыкмет жыцця: знешні выгляд адлюстроўвае ўнутраны стан чалавека. І я, і ты ў гэтай шэрай масе. Але якімі нам быць у ёй: тымі, хто нясе радасць ці шэрасць – выбіраць нам.
    Як жа не зліцца з натоўпам? Як ісці сваёй дарогай? Як адчуваць “смак жыцця” і вылучацца палаючымі радасцю вачыма і ўсмешкай?
Адказ ёсць. Трэба быць з крыніцай праўды, радасці і чыстай, бескарыслівай любові. Хто гэтая Крыніца? Гэта наш Нябесны Айцец. І Ён кажа: “І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму, каб вы пазналі, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае” (Рым 12, 2).
    Такім чынам, каб быць сабой, трэба “перамяняцца праз абнаўленне розуму”. Таму спачатку варта звярнуць увагу на тое, што ты думаеш на свой рахунак і што гаворыш сам пра сябе? А далей – зверыць з тым, што думае і гаворыць пра цябе Бог.
    Правер, колькі разоў за дзень ты кажаш: “Ну я і дурань”, “Я дрэнны муж/бацька/маці/дзіця”, “У мяне рукі-крукі”, “Я тоўсты”, “Вечна я ўсё псую” і г. д. Але таксама ў нашай галаве могуць быць і чужыя словы, якія нехта сказаў у наш адрас: “Ты брыдкі”, “Ты робіш занадта мала”, “А вось у іншага лепш”, “У іншага гэта ёсць, а ў цябе – не”, “Нават не спрабуй – не выйдзе”…
    Калі ты з дня ў дзень усё сваё жыццё чуеш гэта і прымаеш, то ўяві, які груз няпраўды цягнеш на сабе? Што за гэты час стала з тваім духам?
    Вораг можа скарыстацца іншымі людзьмі, каб атакаваць тваё пачуццё годнасці як чалавека цудоўна створанага. Бо напісана: “І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобразу, паводле Божага вобразу стварыў яго” (Быц 1, 27). “І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў; і было яно вельмі добрым” (Быц 1, 31).
    Ты чуеш? Ты створаны па Божым вобразе і ты вельмі добры!
    Бог таксама кажа: “Ты дзівосна зладжаны” (параўн. Пс 138, 14), “Любоўю вечнай Я палюбіў цябе, таму Я захаваў міласць да цябе” (Ер 31, 3), “Я выбраў цябе і не адкіну цябе” (Іс 41, 9), “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” (Мк 1, 11).
    Вядома, цяжка паверыць у сваю каштоўнасць і сілу, калі ў нашым грамадстве прынята зважаць больш на свае недахопы і стала працаваць над імі. А тое, што добрае і што натуральна атрымліваецца, не шанаваць. З дзяцінства мы навучаны, што хваліць сябе – гэта дрэнна і нясціпла. А бачыць свае слабыя бакі – мудра і прыгожа. Аднак прымнажаецца тое, на што скіравана ўвага.
    Ці знаёма табе сітуацыя:
    – Ты сёння выдатна выглядаеш! Сукенка і макіяж табе вельмі ідуць!
    – Ой! Ты што, сукенка старая, а пад вачыма сінякі!
    Праўда ў тым, што калі ты сам не можаш убачыць у сабе дабро, то і іншыя не змогуць разглядзець дары і таленты, дадзеныя табе Богам.
    Падыдзі да люстэрка і паглядзі на сябе. Ці ж не цуд? Ты настолькі прызвычаіўся да свайго вобразу, што не заўважаеш сябе. А на цябе з таго боку люстэрка глядзіць цэлая клеткавая дзяржава са 130-цю трыльёнамі жыхароў-клетак. Прычым кожная клетка – гэта асобная мікракраіна, дзе ёсць свае заводы, камунікацыі, нават электрастанцыя. Калі паспрабаваць вырабіць чалавека з радыёдэталяў, атрымаўся б велізарны хмарачос. Так, “дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсведамляе гэта” (Пс 138, 14).
    Клопат аб нашай самаацэнцы з’яўляецца нашым абавязкам. Каб зрабіць уласныя думкі пра сябе ветлівымі і прыязнымі, нам спатрэбіцца шмат цярпення, часу і… веры. Езус кажа: “Усё магчыма для таго, хто верыць” (Мк 9, 23). І калі цяжка верыць, мы можам усклікнуць: “Веру, памажы майму бязвер’ю” (Мк 9, 24). Так, усклікнуць і папрасіць аб дапамозе! Бо “Пан сам пойдзе перад табою і будзе з табою, Ён не адступіцца і не пакіне цябе. Не бойся і не палохайся” (Дрг 31, 8).
    А ўжо сёння ты можаш зрабіць першы крок у абнаўленні свайго розуму – пачаць дзякаваць. Дзякуй за тое, за што шчыра адчуваеш удзячнасць. Запісвай гэта і перачытвай! І ты ўбачыш, як шмат маеш!