Дарагія Чытачы! Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!

Пастырскае Слова

winszowanieХрыстос Уваскрос! Алелюя!
    У святы Уваскрасення Пана з адноўленай верай і глыбокай удзячнасцю схіляемся над таямніцай бязмежнай Божай любові.
    З любові да нас Езус Хрыстус, сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, узяў на сябе грахі цэлага свету, каб усіх усыноўленых дзяцей Божых раз і назаўсёды з’яднаць з Айцом, багатым на ласку і міласэрнасць, а праз гэта адкрыць дарогу да вечнага жыцця.

    Сёлетнія Велікодныя святы перажываем у асаблівай атмасферы.
    Як ніколі раней, адчуваем сябе членамі адной вялікай сям’і, сёння настолькі дасведчанай, прыгнечанай і сумнай у балючым сутыкненні з таямніцай цярпення і смерці. Мы бачым свет, які ўсё лепш усведамляе ўласную крохкасць, пагружаны ў вялікі страх, шакіраваны сваім бяссіллем і няўпэўнены ў заўтрашнім дні.
    Усяму чалавецтву, якое прагне надзеі і спакою, мы, хрысціяне, абвяшчаем цудоўнае пасланне: Хрыстос уваскрос – раз і назаўсёды перамог зло, грэх і смерць. Праўда Вялікага Дня не належыць мінуламу – яна ўсё яшчэ актуальная, нястомна прамаўляе да нас, дазваляе глядзець і на ход людской гісторыі, і на наша ўласнае жыццё з новай, Божай перспектывы.
    Уваскрасенне Хрыста перамяняе змрок смерці ў світанак жыцця, слёзы роспачы – ва ўсмешку надзеі, страх і няўпэўненасць – у глыбокі супакой сэрца, узмоцненага ласкай.
    У Велікодныя святы жадаю кожнаму з Вас, дарагія Браты і Сёстры, асабістай сустрэчы з уваскрослым Хрыстом. Няхай плёнам гэтай сустрэчы будзе моцная вера ў тое, што Збаўца сапраўды жывы і заўсёды побач. Няхай Яго шчодрае бласлаўленне спадарожнічае нам кожны дзень.
   
    З пастырскім бласлаўленнем Біскуп Гродзенскі