Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы! Умілаваныя ў Хрысце Пану сёстры i браты!

Пастырскае Слова

Перажываючы Юбілейны год міласэрнасці, абвешчаны Святым Айцом Францішкам, ведаем, што Божая міласэрнасць найбольш поўна аб’явілася праз таямніцу Уцелаўлення Божага Сына. Святы Год, распачаты 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, паказвае “на спосаб дзеяння Бога ад пачатку нашай гісторыі. Пасля граху Адама і Евы Бог не хацеў пакідаць чалавецтва сам-насам, каб яно стала здабычаю зла. Таму Ён пастанавіў і пажадаў, каб Марыя, святая і беззаганная ў любові (параўн. Эф 1, 4), стала Маці Адкупіцеля чалавека” (була Misericordiae Vultus, 3).
    Углядаючыся ў Марыю, мы бачым, што міласэрнасць мае таксама чалавечае вымярэнне. Так што паўтарайма за Cвятым Айцом Францішкам: “Міласэрнасць – гэта асноўны закон, які жыве ў сэрцы кожнага чалавека, калі ён глядзіць шчырымі вачыма на свайго брата, якога сустракае на жыццёвым шляху. Міласэрнасць – гэта шлях, які злучае Бога з чалавекам, бо адкрывае сэрца на надзею, што мы будзем умілаваныя назаўсёды, нягледзячы на недасканаласць, якой з’яўляецца грэх” (була Misericordiae Vultus, 2).

    [...] Перажываючы Юбілейны Год Міласэрнасці, удзельнічаючы ў радасці Звеставання Пана, святкуючы дзень “святасці жыцця”, накіроўваем нашы думкі да ўсіх тых, хто перажывае сужэнскі і бацькоўскі крызіс. Бачым тых маці і бацькаў, якія вагаюцца, ці варта прысвяціць сваю будучыню любові да новага жыцця. Свет прапаноўвае ім больш шыкоўнае жыццё, без абавязкаў, без адказнасці за сябе і за сусвет. Гэты свет падказвае ім, што чалавек, які знаходзіцца ва ўлонні маці, – гэта яшчэ не чалавек, дык чаго тады нішчыць жыццё сабе і партнёру пасля нараджэння дзіцяці? Аднак жа варта паглядзець на гэтыя цяжкасці па-іншаму, варта пачаць змаганне за крыху іншы свет, у якім кожная асоба “на вагу золата”, таму што з’яўляецца Божым дарам.

Фрагмент Пастырскага ліста Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана