У свята Уваскрасення Пана у нашых святынях гучыць радасны спеў “Алелюя!”. З вуснаў і сэрцаў вернікаў плывуць словы старажытнай песні: “Вясёлы дзень для нас настаў!”. Раскалыханыя званы на касцёльных вежах абвяшчаюць усяму свету Добрую Навіну, што Езус Хрыстус сапраўды ўваскрос. Пасля цяжкасцей мукі, пасля таго, як памёр на крыжы і быў пакладзены ў магілу, наш Збаўца ўстаў з мёртвых і яснее бляскам сваёй Боскай хвалы.
Хвалебная перамога Хрыста над смерцю – гэта аснова нашай хрысціянскай надзеі. Гэтую надзею не здольны перамагчы ніякі смутак, неспакой, цярпенні нашага зямнога жыцця. Таму што мы верым: уваскрослы Збаўца жывы і Ён з намі ва ўсе дні, ажно да сканчэння веку. Мы верым, што Ён вядзе нас па дарогах штодзённасці ў тую айчыну, дзе няма смерці, дзе пануе вечная радасць. Таму ва ўсіх выпрабаваннях і перажываннях “мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас” (Рым 8, 37). †