Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пастырскае Слова

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на 61-ым пленарным пасяджэнні 4 лютага 2016 г. абмеркавала пытанне, звязанае з нядаўнім выказваннем Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леаніда Гулякі, якое датычыла дзейнасці каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі лічыць неабходным звярнуць увагу на наступнае:
   
    1. Справа падрыхтоўкі святароў з’яўляецца выключна ўнутранай справай Касцёла, які клапоціцца пра сваю будучыню (дарэчы, у гэтым годзе 19 чалавек распачалі навучанне ў семінарыях Беларусі і ў манаскіх семінарыях за мяжой), і абвінавачваць яго ў незацікаўленасці і недастатковай “працы з кадрамі” беспадстаўна.
   
    2. Каталіцкая тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла ІІ зарэгіставана. Цяперашні этап – атрыманне зямельнага надзелу, далей – узвядзенне будынка, і толькі пасля гэтага акадэмія распачне сваю дзейнасць, што таксама з’яўляецца выключна ўнутранай справай Касцёла.
   
    3. Іншыя ўзнятыя спадаром Леанідам Гулякам тэмы могуць быць абмеркаваны пры асабістай сустрэчы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

   
Ад рэдакцыі:
   
    У аўторак, 2 лютага, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі Леанід Гуляка на калегіі апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей заявіў:
    “Рымска-каталіцкі Касцёл у Беларусі, як і раней, недастаткова актыўна працуе над падрыхтоўкай кадраў. Напрыклад, у Пінскай семінарыі ў 2015 годзе не было ніводнага выпускніка і ўсяго адзін чалавек паступіў на першы курс. У Каталіцкай тэалагічнай акадэміі, што адкрылася ў 2015 годзе, няма ніводнага навучэнца, і, як следства, ёсць кадравая праблема і запрашэнне вялікай колькасці святароў з-за мяжы”, – адзначыў Леанід Гуляка.