Дарагія Браты і Сёстры!

Пастырскае Слова

Юзаф Станеўскі, Дапаможны біскуп
У апошнія месяцы падыходзячага да канца года з дапамогай тэлевізійных навін чалавецтва адчула сябе “народам, які ходзіць у цемры”, пра каторы ўспамінае прарок Ісая ў чытанні з літургіі слова на Божае Нараджэнне. Цемра, што ахінула людскія сэрцы і розумы ў выніку тэрарыстычных актаў, бамбёжкі і “новай вандроўкі людзей за лепшым жыццём”, прыняла кшталт вялізнай блытаніны ў маральнай сферы. Зло намагаецца стаць нараўне з дабром, падман – нараўне з праўдай. Цемра завалодала розумамі асобных лю-дзей і цэлых народаў. Прымаюцца нормы, нязгодныя з запаведдзю любові да Бога і бліжняга. Чалавек спрабуе заняць месца Бога і прапанаваць сваё рашэнне ва ўзніклай сітуацыі. Свет забыўся пра Бога і здзіўляецца, што ўсё павярнулася супраць яго самога.
    “Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння Збаўца” (параўн.: Лк 2, 10–11), гучна паўтарае за анёлам св. евангеліст Лука, каб супакоіць і вывесці з аблуды пакрыўджанага, заблукалага, збунтаванага чалавека.
    Браты і Сёстры! У Бэтлееме пачалася цудоўная гісторыя скрыжавання дарог Бога і чалавека. Бог увайшоў у гісторыю чалавецтва, у жыццё кожнага з нас, каб вызваліць нас з няволі граху, каб мы нанова нарадзіліся з Бога, сталі адзін аднаму братамі і ўсынаўлёнымі Божымі дзецьмі.
Дарагія! Бэтлеемская зорка засвяціла не толькі аднойчы і не толькі ў Бэтлееме. Яе святло мы заўважаем і сёння там, дзе пануюць прабачэнне і згода, паяднанне і любоў. Атмасфера цеплыні бэтлеемскай ночы спавівае і сёння: дзяцей пад сэрцам маці і ў дзіцячых дамах, невылечна хворых і вязняў, сем’і, што мірацца, і лю-дзей, што прынялі рашэнне спыніць вайну і адчыніць дзверы для бяздомных. Святло Бэтлеемскай зоркі ярчэй ззяе ў чыстым сэрцы і небе. Эмануэль – Бог для ўсіх, Бог, які з намі.
    Дарагія! Няхай сёлетняе перажыванне таямніцы Божага Нараджэння асветліць цемру і верне ў нашу свядомасць Бога, які ёсць і які любіць нас, які з’яўляецца асновай парадку: маральнага, грамадскага, гаспадарчага і палітычнага.
    Жадаю ўсім Вам бласлаўлёных, спакойных і напоўненых духоўнай радасцю свят Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2016 года. Няхай Божы Сын, які нараджаецца ў Бэтлееме, знойдзе годную святліцу ў нашых сэрцах. Няхай нашыя сем’і і дамы Ён адорыць ласкай і спагадай. Няхай святло Бэтлеемскай зоркі будзе знакам трывалага спакою і прымірэння паміж ваюючымі народамі і дзяржавамі.
    Разам з віншаваннямі дзялюся з Вамі белай аплаткай – знакам адзінства ў Хрысце.