Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Пастырскае Слова

Каталіцкія Біскупы Беларусі на пазачарговым пленарным пасяджэнні 30 студзеня 2015 г. абмеркавалі агучаныя ў апошні час абвінавачванні ў адрас польскіх святароў, якія служаць у Беларусі, а таксама абвінавачванні ў незацікаўленасці кіраўніцтва каталіцкага Касцёла ў падрыхтоўцы сваіх святароў.
Мы, як і вернікі католікі, з глыбокай заклапочанасцю ўспрымаем гэтыя абвінавачванні, якія лічым неабгрунтаванай абразай каталіцкага Касцёла і распальваннем міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці.
    У 1989 г. у Беларусі служыла каля 60 мясцовых святароў. Цяпер іх колькасць узрасла да 360, г.зн. павялічылася ў шэсць разоў. Няўжо гэта не паказчык таго, што наш Касцёл прыкладае шмат намаганняў у вобласці падрыхтоўкі мясцовых святароў? Праблема ў тым, што ў савецкія часы ў Беларусі з-за адсутнасці семінарый не было магчымасці рыхтаваць новых святароў. Дзякуй Богу, сёння гэта магчыма, але пры гэтым трэба памятаць і пра тое, што святарства – гэта не прафесія, а пакліканне, і ніякай сілай нікога нельга паслаць у семінарыю.
Наш Касцёл усё яшчэ мае патрэбу ў дапамозе святароў з замежжа. Але мы адраджаем беларускі Касцёл, і святары з замежжа займаюцца пастарскай дзейнасцю сярод грамадзян нашай краіны, дабрачыннасцю, будуюць і аднаўляюць святыні, якія яны з сабою не забяруць, але пакінуць тут. Без іх дапамогі шматлікія вернікі застануцца без пастарскай апекі.
    Мы запрашаем дапамагаць святароў і з іншых краін, але ў сувязі з агульным недахопам іх колькасці, гэта практычна немагчыма рэалізаваць. У асобных выпадках некаторыя святары, якія мелі магчымасць прыехаць, не атрымалі дазволу на служэнне. Таму мы звярнуліся да Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Гулякі Л. П. з просьбай прадставіць канкрэтныя факты па выказаных абвінавачваннях і з прапановай у будучыні прадметна абмяркоўваць падобныя праблемы непасрэдна з намі.
    Нягледзячы на існуючыя цяжкасці, мы выказваем надзею на працяг канструктыўнага, у духу дыялогу, развіцця адносін каталіцкага Касцёла з дзяржавай і грамадствам, з іншымі веравызнаннямі, найперш з Беларускай Праваслаўнай Царквой, на карысць нашага народа, яго маральнага выхавання, кансалідацыі грамадства і развіцця міжканфесійнага і міжнацыянальнага супакою.