Слова дапаможнага біскупа на Святы Уваскрасення Пана

Пастырскае Слова

Кс. бп Юзаф

Хрыстос Уваскрос! Алелюя!
Давайце ўзрадуемся Уваскрасенню нашага Пана Езуса Хрыста! Пекла, грэх і смерць назаўжды пераможаны Божым Баранкам!
    Дарагія Браты і Сёстры! Кожны з нас патрабуе такой веры, якая вядзе да сустрэчы з Хрыстом. Менавіта такая вера заахвочвае чалавека дзяліцца радасцю Хрыстовай Пасхі. Папа Францішак прыпамінае, што “Уваскрасенне Хрыста не належыць да мінулага. Хрыстос сапраўды жыве!”.
    Жадаю, каб Божая ласка памнажала веру ў нашых сэрцах, каб мы, так як апосталы Ян і Пётр, адважыліся прайсці ад пустой магілы, якую бачаць нашыя вочы, да моцнай веры ў сэрцах, народжанай з асабістай сустрэчы з Уваскрослым Панам. Жадаю ўсім, каб мы з глыбокім даверам адкрывалі сэрцы для Уваскрослага Хрыста, які мае моц вызваляць нас ад грахоў, страхаў і трывог перад будучыняй. Толькі Уваскрослы Пан з’яўляецца крыніцай моцнай надзеі. Жадаю, каб мы, узмоцненыя Ягонай ласкай, здолелі распаліць полымя веры ў сэрцах нашых няверуючых братоў і сясцёр, каб змаглі давесці іх да сустрэчы з Хрыстом! Узлюбленыя ў Хрысце! Давайце будзем абвяшчаць свету радасць Евангелля: Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Алелюя!