Пастарскае слова ксяндза біскупа на пачатак новага катэхетычнага года

Пастырскае Слова

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!
Стоячы ра­зам на пачатку новага школьнага, акадэмічнага і катэхетычнага 2013/2014 года, мы хочам агарнуць пастарскай любоўю, малітвай і бласлаўленнем усіх вучняў, бацькоў, настаўнікаў і катэхетаў нашай дыяцэзіі. У Год веры мы горача просім Бога ў Тройцы Адзінага – Айца, Сына і Святога Духа, – каб Ён памножыў у Вас ласку веры і ўдзяліў Вам сваё бласлаўленне. Найперш мы аддаём пад Божую апеку ўсіх вучняў – Вас, дарагія дзеці і моладзь, вучняў агульнаадукацыйных школ. 
Няхай Бог будзе з Вамі пры здабыванні новых ведаў. Няхай Ён шырока адкрые Вашыя розумы і сэрцы на дабро і праўду, якія ідуць ад Яго самога. Паглынайце ўсё тое, што дапамагае Вам быць людзьмі мудрымі, якія клапоцяцца аб дабры іншага чалавека. Не дайце сябе падмануць злу і ілюзіям гэтага свету. Праз удзел у сістэматычнай катэхізацыі старайцеся дасягнуць адзінства з Панам Богам і з Вашымі аднагодкамі. З радасцю ў сэрцы пазнавайце Божыя праўды і таямніцы на занятках рэлігіі і катэхезе. Чым больш Вы пазнаеце Пана, тым больш мудрымі і радаснымі людзьмі Вы станеце.
    Няхай Пан Бог будзе з Вамі ў школе і ў катэхетычных класах. Памятайце пра тое, што Ён заўсёды побач з Вамі, і пра Яго дапамогу, якую Ён аказвае тады, калі Вы звяртаецеся да Яго ў сваёй малітве. Дарагія Школьнікі, Пан Езус асабліва Вас палюбіў і прасіў старэйшых, каб яны не забаранялі Вам прыходзіць да Яго. З радасцю ідзіце на сустрэчу з Панам Езусам у касцёл і ў катэхетычны клас. Ён чакае Вас кожную нядзелю і падчас кожнай гадзіны катэхезы! Мы ахінаем Вас нашай шчырай малітвай, каб Вы навучыліся жыць з Езусам як са сваім Найлепшым Сябрам.
    Аддаём Провіду нашага Айца ў Небе ўсіх Бацькоў, якім Пан Бог даручыў першапачатковы клопат аб выхаванні дзяцей у сям’і. Дарагія Бацькі, на гэтым месцы на пачатку новага катэхетычнага года мы прыгадваем Вам праўду аб тым, што сам Бог выбраў Вас для таго, каб быць бацькамі. Захоўваючы адказнасць аб выхаванні, паказвайце дзецям выхаваўчую любоў Нябеснага Айца. Падчас святога хросту, які ўдзяляўся Вашым дзецям, Пан Бог даручыў Вам клопат пра іх жыццё ў асвячальнай ласцы.
    Паклапаціцеся пра тое, каб Вашы дзеці мелі доступ да пазнавання праўд веры падчас заняткаў рэлігіі і катэхезы. Дзякуючы Вашаму клопату і супрацоўніцтву з ксяндзамі і катэхетамі ў рэлігійным выхаванні маладога пакалення, Вы забяспечыце сабе Божае бласлаўленне на наступныя гады. Не цешце сябе думкай, што стварэнне для Вашых дзецей толькі выгадных матэрыяльных умоў прынясе ім шчасце. Як мудрыя і першыя выхавацелі ўмейце з любоўю ставіць патрабаванні сваім дзецям. Самі інстытуты Школы і Касцёла не забяспечаць поўнага развіцця Вашым дзецям без Вашага свядомага бацькоўскага ўдзелу ў духоўным развіцці маладога пакалення.
    Выпрошваем у Хрыста, Найлепшага Настаўніка, дары Божай ласкі для ўсіх катэхетаў, манаскіх сёстраў, выхавацеляў і настаўнікаў. Браты і Сёстры, Вы становіцеся як слугі праўды перад вучнямі і выхаванцамі. Ад Вашай паслугі так шмат залежыць у справе фарміравання розумаў і сумленняў. Майце ўразлівае сэрца і будуйце асабісты аўтарытэт на згоднасці ісцін, якія Вы абвяшчаеце, з Вашым жыццём. Сёння нам патрэбна Ваша адвага, каб сведчанне веры і хрысціянскай любові было прыкладам для блукаючых і слабых у веры. Не губляйце ахвоты ў здзяйсненне дабра. У працэсе выхавання лічыцца не імгненны поспех, а працэс паступовага развіцця. Майце веру, што Вашыя выхаваўчыя намаганні прынясуць плён дабра. Няхай Ваша паслуга вучням і выхаванцам будзе цярплівай і памяркоўнай.
    Паважаныя Святары, якіх Хрыстос адарыў харызмай навучання і абвяшчэння Евангелля, ахініце сваёй бацькоўскай духоўнай апекай дзяцей і моладзь. Прашу Вас, паклапаціцеся аб тым, каб па Вашай віне ні адно дзіця не было пазбаўлена пастарскага клопату і мела магчымасць прыходзіць да Пана.
    Разам з катэхетамі і асобамі, адказнымі за катэхізацыю дзяцей і моладзі ў Вашых парафіях, рэалізуйце катэхетычную праграму. У залежнасці ад узросту кожнага класа, выкарыстоўвайце найбольш адпаведныя для пераказу Евангелля метады. Супольна маліцеся з дзецьмі і моладдзю. Вядзіце сваіх падапечных праз пастарскае навучанне і асабісты жыццёвы прыклад да глыбокага зразумення сэнсу веры і асабістай сувязі з Хрыстом. Я звяртаюся да Вас, дарагія Святары, словамі св. апостала Паўла з Паслання да Цімафея: “Малю цябе перад Богам і Хрыстом Езусам, Які будзе судзіць жывых і памерлых праз прыход Яго і валадарства Яго: абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, пагражай, малі з усёй цярплівасцю і навукай” (2 Цім 4, 1-2). Хрыстос пасылае Вас абвяшчаць Божую праўду, згодную з навучаннем Евангелля і Касцёла. Захоўвайце вернасць Хрысту і Касцёлу. Ад гэтага будзе залежаць паспяховасць Вашага пастарскага ўздзеяння ў касцёле і ў катэхетычным класе.
    Усведамленне супольнай адказнасці ўсіх за катэхізацыю, няхай вызваліць у нас дух малітвы. Няхай аблегчыць набліжэнне да Езуса ўсім і выдасць плады моцнай і свядомай веры, якая вядзе да абсалютнага збаўлення ў Хрысце.
    Просячы аб Божых ласках і Божым бласлаўленні для ўсіх, з усяго сэрца бласлаўляю