Прызнанне і ўдзячнасць належаць усім

Пастырскае Слова

Аляксандр Кашкевіч, Біскуп Гродзенскі
Улюбёныя ў Хрысце Па­ну Браты і Сёстры, дарагія Чытачы дыяцэзіяль­най Газеты “Слова Жыцця”!
З нагоды 15-й гадавіны існа­вання нашага Выдання, прагну скласці свае сардэчныя пажаданні Ксяндзу Галоўнаму Рэдактару, усяму Рэдакцыйнаму Калектыву і ўсім Чытачам.

   Ужо на працягу 15-ці гадоў “Слова Жыцця” госціць у тысячах каталіцкіх сямей, як у нашай дыяцэзіі, так і за яе межамі, прадастаўляючы дакладную і аб’ектыўную інфармацыю аб жыцці паўсюднага і мясцовага Касцёла, звяртаючы ўвагу на актуальныя праблемы сучаснага свету, фармуючы сэрцы і розумы Чытачоў у духу веры, а таксама паслядоўна падаючы хрысціянскія каштоўнасці як незаменныя для ўсяго грамадства. Трэба з радасцю адзначыць, што акрамя рэалізацыі гэтай асноўнай для кожнага каталіцкага СМІ місіі, “Слова Жыцця” становіцца таксама каштоўным сродкам абмену думкамі паміж Чытачамі, даючы магчымасць выказацца на непакоячыя пытанні, узмацняючы такім чынам міжчалавечыя сувязі і далучаючыся да пабудовы супольнасці, якая жыва цікавіцца справамі Касцёла ў нашай дыяцэзіі.

   Святкуючы гэтую гадавіну, я хачу шчыра падзякаваць усім, хто 15 гадоў таму з адвагай і самаадданасцю ўзяўся за нялёгкую справу стварэння Газеты. Дзякуючы Вашай творчай энергіі і ўсебаковым здольнасцям, удалося прывесці гэтае Выданне да ўзнікнення, таму сёння ўсе мы як Чытачы “Слова Жыцця” з’яўляемся Вашымі даўжнікамі і выражаем нашу ўдзячнасць у малітве перад Панам.

   Прызнанне і ўдзячнасць належаць таксама ўсім тым, хто розным чынам на працягу гэтага 15-годдзя садзейнічаў належнаму функцыянаванню Газеты і яе дынамічнаму развіццю. Аглядваючыся назад і ацэньваючы пройдзены шлях, Вы можаце ганарыцца Вашым укладам у гэтую Божую справу.

   Жадаю сённяшняму Рэдакцыйнаму Калектыву і ўсім Супрацоўнікам патрэбных Божых ласкаў, павеву Святога Духа і творчага натхнення ў рэалізацыі місіі, даручанай Вам Касцёлам. Няхай Божае бласлаўленне спадарожнічае дарагім Чытачам, каб штодзённа верна трываць пры Хрысце, уважліва прыслухоўвацца да Яго слоў і няспынна ўзрастаць у Яго любові.